Беларуская Электронная Бібліятэка
Дзе хавалі грошы ў старыя часы? Некаторыя закопвалі ў зямлю, пра што сьведчаць раскапаныя пазьней скарбы. Або ў скрынях, "пячацю запячатаных, замкнутых замком". На такія скрыні ў сьвірнах з шляхецкім дабром перш за ўсё і палявалі рабаўнікі: "… у скрынях, замкі пааддзіраўшы, з адное скрыні ўзялі коп чатырыста літоўскіх (грошаў) лічбы і манеты літоўскія, дзьвесьце пенязей у грош…".
Грошы загортвалі ў хусткі, ручнікі, зашывалі ў вопратку, хавалі ў шапку, насілі каля сябе ў машне, каліце, сумках, торбах скураных і суконных, клумках скураных, мяшках замшавых.
Адна капа раўнялася 60 літоўскім грошам, рубель — 100 грошам, грыўна — 48 грошам, злоты — 30 польскім грошам. Дробныя грошы лічыць было няпроста. Слугі ваяводы смаленскага Тышкевіча прывезьлі да братоў Храбтовічаў ажно дзевятнаццаць соцень копаў грошаў літоўскіх, каб узяць у заставу на некалькі гадоў маёнтак Шчорсы. Прыехаўшы да Шчорсаў "добра па абедзе", яны далі гаспадарам лічыць грошы, "каторых зь вялікаю пільнасьцю лічачы і не маглі больш адлічыць, толька сем сот коп грошай і то ўжо было больш гадзіны ў ноч". Стаміўшыся і "не хоцячы больш лічыці пенязей, упёрліся на то, абысь мы ім двор і імене зь людзьмі паступілі…".
Гаворачы пра грошы, не абысьці ўвагай людзей, якія займаліся купляй-продажам прафэсійна. На старонках актавых кніг даволі часта сустракаюцца ўзгадкі пра купцоў, якія, дзякуючы свайму занятку, рабіліся ахвярамі ці закладнікамі рабаўнікоў ці абставінаў. У менскай судовай кнізе апісваецца выгляд віленскага купца Яна Рамановіча, які "тут да Менска для скупаваня ў купецкіх і іных патрэбах сваіх прыехаў" і спыніўся ў гасподзе мешчаніна Федара Гарасімовіча, дзе і быў абрабаваны і зьбіты ліхімі прыхаднямі. Купец быў апрануты ў зімовую цёмна-зялёную дылею зь люндушавага сукна, падшытую лісамі, падперазаны чырвоным пасам. На галаве — шапка. На пасе было прымацаванае чэрасла з 300 дукатамі. Спыненьне ў менскай гасподзе ледзь не каштавала віленскаму госьцю жыцьця.
Праз купецкія рукі праходзіла шмат грошай і тавараў, пералік якіх займае не адну старонку актавых кніг. Закладзеныя таварам вазы купцоў грукаталі па землях Вялікага Княства ўздоўж і ўпоперак. Вось адзін зь пералікаў тавару, "паскупаванага ў краі рускім, у валасьцях", які месьціўся на трох вазах. На першым возе — лісы, бабры чорныя, "куніц цудных пяць, каждая па 50 грошай". На другім возе — мёд прэсны, "рыб вялых нямала", шчупакі, лешч, воск. На трэцім возе — ізноў мёд прэсны, путы жалезныя для коней, уюны, траска, "кажухоў слуцкае работы апарцістых вялікіх на продаж купленых", "белкавыя скуркі".
Колькі што каштавала тады? Шабля каралеўскага маршалка Абрама Мялешкі, купленая ў Вільні ў злотніка Кліма Шостака, была "срэбрам праўная злацістая с паскамі шалкоў розных" і каштавала 70 польскіх злотых. Корд мог каштаваць 5 злотых, ручніца з колам — 2 копы грошаў. Панцыр - 40 таляраў. Залаты пярсьцёнак з рубінам "барза цудным" каштаваў 73 залатых, пярсьцёнак са сьпічастым дыямэнтам — 6 коп грошаў, каралі зь вялікімі пэрлінамі — 3 капы. Срэбны пас, "атліваны пазалацісты абручасты" меў кошт у 12 коп грошаў. Дарагой была і добрая вопратка, нездарма яе кралі найчасьцей. Зялёны атласны жупан мог каштаваць 23 капы. Куртка "шарлатавая чырвоная, аксамітам чорным падшытая ад падолу па пас, з гузамі дратовымі залатымі 2 тузіна" каштавала 18 коп грошаў. Кашуля мужчынская калёнская — 3 капы, жаночая блакітная "сукня" — 4. Футра лісяе, сукном чорным крытае, каштавала 12 коп грошаў, каўпак, падшыты лісамі — 2 залатых, каўпак аксамітны, сабальцамі падшыты — 8 коп грошаў. Боты і пас баваўняны чырвоны — па 16 грошаў. Кажух барані — 1 капу, сярмяга сукна белага — 30 грошаў.
А вось што каштаваў рыштунак каня са збруяй у 1579 годзе ля Слоніма: сядло ярчак — 2 капы грошаў літоўскіх; хамут — 6 грошаў, аброць — 4 грошы, лейцы — 8 пенязей. За каня варанога інаходніка трэ было выкласьці каля 20 залатых польскіх.
Дзевяць ушаткаў піва ў карчме каштавалі 54 грошы. Сама ж карчма "мядовая, піўная і гарэлачная с пляцам і дзьвема агароднікамі" Адама Багуфала ў мястэчцы Зьдзітава магла каштаваць 60 коп грошаў літоўскіх. За нейкі шляхецкі дом прасілі 200 коп. Чынш складаў на той час паўтары капы грошаў, за столькі ж можна было набыць і каўпак сукна люндушавага чырвонага, падшытага лісой.
Зрэдку тыя грошы выкопваюць зь зямлі… Сёньня на нашай зямлі ўжо не чуваць звону манэтаў, толькі шаргаціць папера…
Слоўнiк старабеларускiх словаў:
шарлатавы (шкарлатавы) — пурпуровы.
Друкаваная версія: «Наша Ніва», 1999, № 34.
Крыніца тэксту: Інтэрнэт-старонка газеты «Наша Ніва».
Карэктыроўка html — Ліцьвінскі Зубр.