Беларуская Электронная Бібліятэка


РАІСА БАРАВІКОВА.

Я — ДЗЯЎЧЫНКА НА ШАРЫ.

 

Я — дзяўчынка на шары,
што плыве у блакіце!
І палаюць Стажары
нада мною ў зеніце,
і нікому не ў цяжкасць,
я — нібыта пушынка,
што трапляе ў бязважкасць,
я — на шары дзяўчынка!
Шар вялікі, бязмежны
У здзіўленні я кратаю,
быццам Белыя Вежы,
быццам чорныя кратэры,
горы ззяюць снягамі
і дымяцца абшары
у мяне пад нагамі.
Я — дзяўчынка на шары!

Заручуся з бясстрашшам
у густой сіняве,
страціць як раўнаважжа,
калі шар не дае?!
Ім адзіным сагрэта,
не ўпаду, і не дзіва!
Пада мною планета,
Што мяне нарадзіла.

Я ж — дзяўчынка на шары!

1967

 




Друкаваная версія: Анталогія беларускай паэзіі. Т. 3. Мінск, 1993.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.