Беларуская Электронная Бібліятэка


СТАНІСЛАЎ БУЛАК-БАЛАХОВІЧ.

ШАРАК ЦІ БРЫСЬ.

 

Дала мне назву тыгра злога,
Калісь сказала, што сьлізкі вуж,
Што воўчых, лісьіх ёсьць рысак многа,
Што я ня Бацька, што я ня муж.

Сябе самога цаню я ўмеру,
Кажу ад сэрца: ня тыгр, ня рысь,
Я больш падобны сабацы вернай,
Што называюць: Шарак ці Брысь.

Што верны стораж вартуе строга,
Якога лупіць слуга і пан,
Як на суседа забрэша злога
Ці вые з больлю ад даўніх ран.

Другім сабакам - другая доля:
Як пан абедаць - ім кіне штосьці,
Аб іх заслугах - пісалі ўволю,
На іх глядзелі з-за мора госьці.

Аб Брысю весткі так паўтаралі:
Лайдак-сабака, зусім ня ўдаўся,
Калі другія зьвяроў ганялі,
Авечак гнаў ён, да птушак краўся.

Замала мае ён дысцыпліны,
Яго цягнула адна здабыча:
Сьцягнуў ён дзесьці кумпяк вяндліны,
Натура воўча да шкоды кліча.

І лаюць Брыся, чым як змога.
Ня хоча мякка ніхто глядзець,
А хутка будзе ізноў трывога,
Ды ўстане шчэ’ раз стары мядзьведзь.

Як можна юолей сабакаў трэба,
Падобных Брысю, пры боку мець,
Ня біць, ня лаяць, а даць ім хлеба,
Слабых бо зломіць стары мядзьведзь.

19.VII.1927

 




Друкаваная версія: Бяляцкі А. Вершы генерала // Спадчына, 1991, № 6.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.