Беларуская Электронная Бібліятэка
Плёх!.. Дробныя пырскі разлятаюцца ў паветры. Яшчэ некалькі ўдараў хвастом па паверхні і — стрымгалоў на дно: зарыцца ў пясок, схавацца ад усіх.
Я — невялікая рухавая рыбка з залацістай луской. Боўтаюся ў акварыўме з некаторымі падобнымі істотамі і гляджу на свет праз тоўстае шкло. І, дарэчы, глядзець на яго не так ужо цікава. Галоўнае, што не памятаю, як сюды патрапіла і калі.
Буль-буль!.. Як надакучыў гэты спрадвечны булён! Я плаваю тут, а за сценкай людзі сноўдаюцца па сваёй акварыўмнай кватэры. Часам набліжаюць свае вочы да шкла і сочаць за мной. Звычайна я ігнарую іхнюю ўважлівасць да маёй персоны. Падумаеш, які гонар! Няхай бы спярша на сябе паглядзелі! Двухногія думаюць, калі я — рыба, дык нічога не разумею. Проста не люблю балбатаць, як яны, а інакш, я б такога нагаварыла!
Добра малюскам — сядзяць сабе ў ракавінах без усялякіх турбот. А мне даводзіцца суткамі матляцца па воднай рэзервацыі, чапляцца за водарасці, сутыкацца з суседзямі — мітусня, дый толькі. Тым не менш, я ніколі не імкнулася быць малюскам, я прагну нечага грандыёзнага.
Напрыклад, вырасці ў вялізную рыбіну, разбіць шкло і ўзляцець… Безумоўна, рыбы не лятаюць у звычайным уяўленні, але ў незвычайным — усё можа быць. Я ўжо нават спрабавала дыхаць кіслародам — ледзьве не задыхнулася. Але гэта нічога — проста неабходна адаптацыя. А мае плаўнікі — ну, чым не крылы, каб толькі яны былі большага памеру і не такія марудныя ў дзеянні.
Зараз падплыву да паверхні і паспрабую падслухаць, што адбываецца за мяжой. Ат, нічога асаблівага…
…Яшчэ лепей было б ператварыцца ў саму водную субстанцыю. Перацякаць з адной формы ў другую, станавіцца ільдом і парам у залежнасці ад абставін, затапляюць прастору, паглынаць жывыя арганізмы, змешвацца з рознымі вадкасцямі.
Але самы выдатны варыянт, як водзіцца, — самы недасяжны. Няма дасканаласці ў свеце! Больш за ўсё я жадала б апынуцца на месцы той сілы, якая служыць перашаасновай усяго існуючага. Авалодаць сілай, што даруе нам жыццё і дасылае смерць. Спасцігнуць сілу, якая вызначае нашу існасць.
А-ах! Пракляцце! Ізноў яны схапілі мяне сачком! Не магу доўга дыхаць паветрам… Куды яны мяне нясуць? Навошта мяне прымушаюць пакутваць? Я ж загіну без вады!
Хлюп! Бр-р… О, Н2О — выратаванне!..
Усё! Хопіць плёскацца ў мроях, бо гэта можа блага скончыцца. Цяпер хачу быць сабою — і больш нічога. Між іншым, быць залатой рыбкай зусім няблага… І чаго толькі я забіваю сабе галаву нейкай лухтой? Тое, што ёсць, заўсёды самае лепшае! Бу-у-уль!..
Друкаваная версія: Хадарэнка І. Танцы на шкле. Вершы, проза. Мазыр, 1999.
Крыніца тэксту: тэкст дасланы аўтаркай.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.