Беларуская Электронная Бібліятэка


ІРЫНА ХАДАРЭНКА.

* * *

 

                  Рэжысёру В.Катавіцкаму

Я ўвап’юся ў сусвет Сальвадора Далі,
Прагна выгрызу існасць яго таямніцы
І пакрочу па краю нябёс да зямлі.

Хай пачне наваколле ад смеху давіцца!
Буду рухацца ўпоперак слотнай шашы
І разменьваць імпэт на шматкі і драбніцы.

Міражы, вы дазволіце вас раскрышыць?
Я зраблю гэта з мілай і сквапнай усмешкай,
Каб спатоліць патрэбу пачварнай душы.

Паміж пеклам і раем ляжыць мая сцежка,
Між адчаем і ўзнёсласцю сэрца ляжыць.
На жыццёвай рабрыне арол б’ецца з рэшкай.

Я люблю танчыць вальс на даўжэзным нажы
І, віно ліючы на парваныя раны,
Як вядзьмарка, у аспідны час варажыць.

Ад развагаў мой розум зусім сапсаваны.
Ён ніколі спакою сабе не дае.
А ўяўленне, выходзячы на паляванне,
На папернае поле атруту ліе.

 




Друкаваная версія: Хадарэнка І. Танцы на шкле. Вершы, проза. Мазыр, 1999.
Крыніца тэксту: тэкст дасланы аўтаркай.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.