Беларуская Электронная Бібліятэка
Час зморшчыўся ад усведамлення сваёй цякучасці. Рух замарудзіўся. Свет замаркоціўся. Адзінокі Творца быў у пакоі без спакою і не ведаў, да чаго прыкласці душу і рукі. Халодная і дзіўная кватэра на дванаццатым паверсе шэрага будынка стала для яго бязлюдным востравам. Творца наліў каньяку ў кілішак і сеў у крэсла, выцягнуўшы ногі да старога фамільнага каміна. У галаве мітусіліся дакучлівыя думкі. Ну што гэта за жыццё такое?! Цыгарэты скончыліся. Грошай больш няма. Гарачай вады таксама. Электрычнасць адключана, таму прыходзіцца карыстацца натуральным сонечным святлом альбо паліць свечкі, дровы ці ўласныя творы. Але самае страшнае не ў гэтым. Самае страшнае, што ад яго пайшла Муза…
Не… Не верыцца, што ўсё так хутка скончылася. Няўжо ён больш не зможа тварыць? Але ж без гэтага ён доўга не працягне… Творчасць — тая саломінка, за якую ён трымаўся ўвесь гэты час, каб не патануць у брудным жыццёвым моры. Гэта тое каханне, якое бывае змалку і на ўсё жыццё…
Каханне… А ці было яно ў сапраўднасці? Відаць, было, калі цяпер адчуваеш такую пустку ў сэрцы. Нешта згубілася ў нечым. Але што і ў чым? А ўсё праз яе… Усё з-за разлукі з ёй… Зрэшты, ён сам вінаваты. Хацеў быць вольным, ствараць сваё, асабістае, індывідуальнае. А Муза натхняла яго, апякала, а часам нават актыўна ўмешвалася ў творчы працэс. Такім чынам, атрымоўвалася нібыта сумесная вытворчасць. І за гэта Творца кахаў і ненавідзеў Музу.
Аднойчы сярод ночы, калі ён, седзячы ў ложку, нервова церабіў край коўдры і доўга не мог нарадзіць чарговы твор (а ён заўжды пакутаваў ад гэткіх родаў, можа нават цяжэй, чым жанчына, якая нараджае дзіця), дзверы ціхенька расчыніліся. Муза ў белым пеньюары грацыёзна ўплыла ў спальню і мяккім шэптам разбіла хрусталь яе вялікасці Цішыні. Творца раззлаваўся… "Пайшла прэч!" — крыкнуў ён раз’юшана. Муза пакорліва выплыла за межы спальні і прычыніла дзверы. Яна так старалася быць паслухмянай! А назаўтра, прачнуўшыся раніцой, Творца нідзе не знайшоў яе. Нават запіскі аніякай не было. Кудысьці зніклі ўсе яе рэчы, апрача маленькага кольца, падараванага Творцам два гады таму…
Дровы ў каміне дагараюць… Хутка агонь затухне… У кватэры будзе яшчэ халадней. "Жанчына — зло, але я не жадаў бы сабе дабра", — прыйшлі на думку словы аднаго філосафа. Ды не, ён не шкадуе, што так атрымалася. Навошта шкадаваць? Цяпер Творца — вольны, ён сам па сабе і ніхто яму не перашкаджае. Але ж куды падзеўся той імпэт, з якім ён ствараў раней? Куды схавалася жаданне працаваць, рабіць нешта новае? Толькі лянота ахутвае яго сваёй агіднай павуцінай…
Veritas femina*. Якой яна была!.. Сама вясна, само існаванне… Нельга сказаць, што вельмі прыгожая, але ж… такая чароўная! Муза любіла ваджацца з люстэркам. Мо яна штосьці вышуквала ТАМ, у Залюстронні?.. Яна была сапраўднай актрысай… "Хочаш, я буду Клеапатрай альбо Афрадытай? Ці можа Пенелопай?"— часам пыталася ў яго Муза. Яна магла быць усім. Яна і была ўсім. Таму цяпер, калі яе няма побач, здаецца, што няма нічога. І без Музы Творца не зможа заставацца Творцам…
Ён з жахам адчуў, як сцены пачалі злосна насоўвацца на яго. Святло згасла. Ад дроваў у каміне застаўся толькі попел. Пусты кілішак выпаў з рукі і разбіўся. Пачыналася Ноч і чарговая галюцынацыя…
Ён ішоў па звілістай сцяжыне скрозь лес крыжоў. Гэтыя крыжы вырасталі на могілках яго былых задумак. Ён быў сляпы. Такім заўсёды становішся, калі кахаеш. І Творца баяўся стаць відушчым. Ён убіваў сабе ў галаву, што крыжы — гэта стэлы ў гонар ягонага багатага ўяўлення. Але тое, як мы ўспрымаем наваколле, і тое, што яно сабой прадстаўляе ў сапраўднасці — не аднолькавыя рэчы. Добра жыць у свеце ілюзій і глядзець на ўсё з-пад ружовых акуляраў. Добра быць упэўненым у тым, што цябе нехта кахае і ты камусьці патрэбен, хоць на самай справе кожны любіць толькі сябе самога і не жадае ў тым прызнацца.
Раптам ён пачуў працяглы воклік: "Хто-о-о ты-ы-ы?.." Здрыгануўшыся, ён стаў корпацца ў куфары сваёй свядомасці і вышукваць адказы. Мастак?.. Паэт?.. Музыкант?.. Кожнае паасобку і ўсё разам. "Я во-ольны-ы Тво-о-орца-а!" — гучна праспяваў ён. "Во-о-ольны-ы??" — зараўло наўкол. "Тво-орца-а??" — загрукатала з усіх бакоў. …І ён пачаў бачыць. Ён бачыў, як перад вачыма паўставалі карціны і малюнкі, створаныя ім некалі. Бачыў, як пэндзаль акунаўся ў слоік з крывёй і маляваў — шалёна, утрапёна, ачмурэла… Ён бачыў, як з неба, быццам птушкі, ляцелі лісты спісанай паперы з ягонымі вершамі. Вецер ірваў іх на шматкі, і душа Творцы ірвалася разам з імі. Ён бачыў, як раскрытая пашча раялю імкнулася паглынуць яго рукі і прыляпіць пальцы да клавішаў, дашчэнту выцадзіць мелодыі з хворага сэрца. Усё змяшалася ў адзін вар’яцкі вір… Творца адчуў, што вакол — суцэльнае бяздонне, якое з пачварным рогатам усмоктвае яго…
Ду-ум. Ду-ум. Ду-умкі пачынаюць варушыцца ў галаве. Ду-ум. Ду-ум. Гадзіннік адлічыў дванаццаць удараў. Поўнач. Поўня. Жоўтая талерка на фоне чорнага абруса неба… Ён ачомаўся… Хутчэй узняцца і занатаваць усё, што бачыў… Аказваецца, нешта ствараць можна і без Музы… Але што тады атрымоўваецца? Лухта?.. Бязглуздзіца?.. Недарэчныя фантазіі?.. Не.. Нельга так. Лепш ніяк, чым так… Лепш нічога, чым блага… Там, у маленькай шафе, прыхавана ампулка з цыяністым каліем — раз, і ўсё гатова… Ён больш не Творца… Ён не даруе сабе… Яна не даруе яму… У гэтую ноч было спазнана занадта шмат… Чаму ж тады так дрыжыць рука, а ўнутранае прадчуванне сцвярджае, што Муза павінна вярнуцца… Яна ж таксама кахае… Таксама шаляніца… А-га! Зноў заспакойваючыя ілюзіі! Не… Хопіць ужо… Бывай, жыццё… І даруй, калі можаш…
Нерухомае цела Творцы спакваля апусцілася на падлогу. Ду-ум… Гадзіннік прабіў усяго адзін раз. Адзін, адзіны, яшчэ адзін геній… Але ён не знік — проста перайшоў у іншае вымярэнне…
А праз некалькі гадзін ключ шчоўкнуў у замку. Дзверы моўчкі расчыніліся. Яны не маглі рыпнуць, бо згубілі свой голас. А ім так хацелася закрычаць, заенчыць…
Усё трэба рабіць своечасова. Паміраць таксама. І вяртацца, калі гэта неабходна…
У кватэры з’явілася Муза. Яна вярнулася роўна праз трое сутак. Не вытрывала. І ён не вытрымаў. Людзі, вам заўжды не хапае вытрымкі!
Яна чыркнула запалкай, і святло знішчыла ўсе надзеі, бо позірк заўважыў яго. Гэта быў нібыта не ён — такі пануры, маўклівы, халодны. Не адгукаўся на ейнае прывітанне. Не варушыўся. Толькі на падлозе — маленькая ампулка…
Запалка дагарэла і балюча апякла пальцы. Муза адсунула фіранку, расчыніла вакно і ўзлезла на падаконнік. Прахалодны вятрыска легкадумна паклікаў яе за сабой… І Муза выпырхнула з дванаццатага паверха насустрач неабсяжнай прасторы…
Пачыналася світанне. Усё толькі пачыналася…
* Ісціна — жанчына (лац.)
Друкаваная версія: Хадарэнка І. Танцы на шкле. Вершы, проза. Мазыр, 1999.
Крыніца тэксту: тэкст дасланы аўтаркай.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.