Беларуская Электронная Бібліятэка
У гарах далёкай Маргінальдыі цвіў белы лотас. Ён рос высока і быў недасяжны для тых, хто сноўдаецца па паверхні. Зямны натоўп толькі чуў пра яго, некаторым даводзілася разгледзець кветку, але дабрацца да яе здольных не было. Лотас нібы ўвасабляў сабой цноту і волю адначасова, хоць першае і звязваецца з аскетызмам, а другое — з разбэшчанасцю.
Святло заўсёды з’яднана з цемрай, таму лотас сваімі карэннямі дасягаў бруднай глыбіні і сілкаваўся з яе, ствараючы вакол сябе аўру святасці. Хто светлы, той святы. А хто цёмны? Той, мабыць, грэшны. Але з чаго святасць стварыла паняцце "грэх"? Няйнакш сама пабывала ў гэтай ролі, не змагла затрымацца там, і таму стала дакараць і вінаваціць яе.
Лотас рос, не ведаючы пра грэшнасць і святасць. Ён проста жыў, удыхваючы паветра на поўную моц, беручы ад сонца як мага больш энергіі. А тыя, што поўзалі па зямлі, толькі ўздыхвалі і марылі апынуцца на ягоным месцы. Не разумелі, дурні, што кожны мае ў Сусвеце менавіта сваю нішу і сваю ролю. Але знайсці яе — нялёгка. Большасць паўзучых разумнікаў была надта лянівай, каб штосьці шукаць, і з гэтай нагоды імкнулася жыць за чужы кошт — думаць чужымі думкамі, карыстацца чужымі дасягненнямі. І ў тым, што яна баялася памыліцца, і заключалася самая страшэнная яе памылка.
Мноства намаганняў прыкладалася, каб знайсці магчымасць дабрацца да лотаса. Што толькі не выдумлялі, як толькі не выкручваліся. Здаецца, усе іх памкненні былі скіраваныя на авалоданне кветкай.
І вось аднойчы Вялікі Вынаходнік абвясціў, што ён знайшоў сродак для ўзнясення ўвышыню. У прызначаны дзень з зямлі ўзнялася сферычная пачвара. Вялікі Вынаходнік плыў у дырыжаблі і дырыжыраваў зграяй аблокаў. Натоўп сачыў за ім, перахапіўшы дыханне, пакуль той не знік з поля зроку.
Нарэшце дырыжабль наблізіўся да вяршыні, дзе рос лотас, рука дырыжора пацягнулася за кветкай, сарвала яе і…
Знянацку грымнула навальніца. Дырыжабль задрыжэў, Вялікі Вынаходнік ад раптоўнага хвалявання выраніў кветку, і яна патанула ў чорнай бездані. Наляцеў моцны парыў ветру і панёс дырыжабль у адвольным напрамку. Вялікі Вынаходнік лічыўся вельмі разумным, але ён не змог справіцца з кіраваннем свайго стварэння. Праз колькі хвілін дырыжабль ударыўся аб скалу і спікіраваў у тую ж бездань, куды ўпаў лотас.
Знямелы натоўп страціў здольнасць гаварыць, згубіў свае апошнія думкі і быў задушаны невядомым адчуваннем. Большасць памерла, застаўшыся ў жывых. Тыя, што стварылі цывілізацыю, вышэйшай воляй ператварыліся ў сляпыя бясколерныя абалонкі. Адзінае, што ў іх засталося, — надзея. Яны ўсё яшчэ спадзяюцца, што калі-небудзь у высокіх гарах Маргінальдыі зноў зацвіце белы лотас.
Друкаваная версія: Хадарэнка І. Танцы на шкле. Вершы, проза. Мазыр, 1999.
Крыніца тэксту: тэкст дасланы аўтаркай.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.