Беларуская Электронная Бібліятэка


ІРЫНА ХАДАРЭНКА.

ПОПЕЛ НА СНЕЗЕ.

 

Вечарэла хутка і няўхільна. Дух горада нагадваў аб сабе ледзь чутнымі пахамі. У паветры рэяла пачуццё пратэсту.

Ян сядзеў на лаўцы, паліў цыгарэту і пільна разглядаў свой абутак. Думкі атакавалі ягоную галаву з дзёрзкай шалёнасцю. У царкве, побач з якой ён сядзеў, ішло богаслужэнне. У гэты святы вечар людзі былі нейкія асаблівыя. Больш ветлівыя і прыязныя. "Чамусьці менавіта цяпер усе рэзка дабрэюць," — падумалася Яну.

Сняжынкі падалі яму на далонь і ўмомант знікалі. Ён сапраўды не ведаў, што рабіць. Варта было б стаяць разам з астатнімі, трымаць у руцэ свечку і каяцца ў сваіх грахах, якіх у яго болей, чым дастаткова.

Жыццё трымалася на падмане. Хлуснёй было прапітана ўсё, што толькі ёсць. Ян зманіў сёння жонцы ў тым, што пойдзе на ўсяночную. А сам сабраўся да іншай жанчыны. Сон альбо ачмурэнне, невядома як назваць, — нейкая д’ябальская сіла цягнула да яе. Ян нічога не мог зрабіць са сваімі пачуццямі. Ён цудоўна разумеў, што гэтак нельга, што ў яго двое дзяцей, жонка, пэўныя абавязкі, і ўсё ж… Здавалася, што ў рэлігіі можна будзе знайсці выратаванне, але вера была надта хісткай перад жаданнем пабачыць Вераніку.

Яна — стройная брунэтка, невысокага росту, з пранізлівым позіркам глыбокіх шэрых вачэй. Іх знаёмства адбылося ў звычайным гарадскім трамваі, і з таго часу Ян не мог аб ёй не думаць. Усё адышло на другі план, толькі Вераніка пастаянна стаяла ў яго перад вачыма. Сённяшнюю ноч ён мусіў правесці разам з цёмнавалосай чараўніцай, аднак, нешта яго стрымлівала. Ян ніяк не мог устаць і пайсці, а ўсё сядзеў, моўчкі сочачы за траекторыяй падзення сняжынак.

І чаму ўсё так заблытана? Ты, нібы мошка, патрапiўшы ў павуціну жыцця, ужо не можаш вырвацца з бясконцага кола абавязкаў і залежнасцяў.

Цыгарэта ў руцэ даўно патухла, і попел ад яе пакорліва асыпаўся на зямлю. Да Яна прыйшло адчуванне, што ягоныя думкі і дзеянні — нібыта попел, усяго толькі попел на халодным снезе рэчаіснасці.

Нікуды ён сёння не пойдзе і тэлефанаваць Вераніке не будзе. Ніколі. Бо няма ў яго той сілы, якая дазволіла б здзяйсняць вар’яцкія ўчынкі. Ён просты слабы чалавек. Адна маленькая дэталь у вялікім механізме быцця. Што ён можа змяніць у свеце, калі не ў стане змяніць нават самога сябе? Ян раптоўна ўздрыгнуў і амаль што скурай адчуў агарнуўшую яго цемру.

Каля гадзіны ён бяссэнсна бадзяўся па гораду, імкнучыся разабрацца ў самім сабе, і не заўважыў, як апынуўся ля дзвярэй сваёй кватэры.

— Чаму ты вярнуўся? Чаго такі бледны? Нешта здарылася? — жонка занепакоена паглядала на яго.

Ян зазірнуў ёй у вочы і стомлена прамовіў:
— Не, нічога. Зусім нічога…

 




Друкаваная версія: Хадарэнка І. Танцы на шкле. Вершы, проза. Мазыр, 1999.
Крыніца тэксту: тэкст дасланы аўтаркай.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.