Беларуская Электронная Бібліятэка
Лесвіцы… Вялікія і маленькія, шырокія і вузкія лесвіцы… Бясконцая колькасць іх працінае прастору. А прастора нема крычыць і плача даўкім шэрым дажджом, бо яна не жадае быць працятай. Але гэтыя лесвіцы нельга знішчыць — на іх трымаецца Сусвет. Куды імкнуцца яны: у неба, ці ў пекла? А мо і на небе ёсць пекла?..
Воцат-дождж залівае мяне з галавы да ног. Аднак, я не буду плакаць разам з прасторай. Наадварот, я прадыстылірую яе сваім калючым смехам. Няхай яна прасвятлее! У хуткім часе тут расквітнеюць начныя фіялкі, якія звычайна вабяць самазагубцаў. Дзікі пах гэтых кветак — апошняе ўражанне будучых нябожчыкаў.
Адна з лесвіц вядзе ў нябыт. Але якая? Як адшукаць яе сярод гэтых джунгляў? Дождж звівае ліаны… Складана прадзiрацца скрозь іх. Сэрца раптоўна выскоквае з цела і, нібы малпа, пачынае скакаць па прыступках. Сто-о-ой! Куды ты, шалёнае? ! Ці ж не ведаеш, чым гэтыя скачкі могуць скончыцца? От, чорт! Уцякло. Уцякло, як гарэлка з нахіленай чаркі. Але чаму чарка нахілілася?..
На бліжэйшай лесвіцы сядзіць чорт. Ён невялікі, мурзаты, з вострымі рожкамі і бялюткімі крылышкамі. Анёльскае чарцяня! Гэтае стварэнне грызе шакалад і сумна ўсміхаецца. "Вунь тваё сэрца," — яно, аблізваючыся, ківае на гарызонт, па якім расцяклася ружовая пляма. Няўжо гэта тое, што засталося ад майго сэрца??. Дзіўная рэч, як увогуле можна існаваць без яго. Але, відаць, можна…
Чарцяня выцягвае аднекуль каністру і падае мне: "Калі пройдзеш 33 мілі — адкрый корак і вылей". Міжволі скарыўшыся гэтаму загаду, я паслухмяна прымаю падарунак. Пасля развітваюся вачыма з чарцянём, а яно дастае новую плітку шакаладу і пачынае смактаць. Ну што ж, наперад! Трыумфальнае шэсце пачалося!.. З неба сыплюцца лаўровыя лісты ў выглядзе мутных кропляў. Сусвет бласлаўляе мяне на самы жудасны подзвіг…
Усе мы — вандроўнікі. Аднак, не падарожнікі, якія ідуць да канчатковай мэты. Бо мэта бывае толькі часовай, шчасце — імгненным, праўда — частковай… Не варта шукаць абсалютаў ні ў чым. Усе адноснасці адносныя. Усё ёсць адначасова і нішто. Гармонія трымаецца на падставе першапачатковай дысгармонii. Дзе канец, там і пачатак. Нічога не з’яўляецца і не знікае. Сусвет — гэта шалі.
…А шлях працягваецца. Сутонне ліе ў душу трывогу. Неба спахмурнела. Пачынаецца навальніца. З-за чорных хмар забыцця выскоквае залатая маланка-памяць. Яна асляпляе маю свядомасць, і жыццё пачынае пракручвацца назад, быццам кіналента. Палітра ўспамінаў… Губляю прытомнасць…
…Колькі часу прайшло — невядома. Зараз Ноч. Яна — смуглявая багіня, што засцілае ложак для адпачынку. Салодкі падман! Адпачынку няма і не будзе, бо розум не здольны ад пачываць. Думкі-каты не дазволяць яму гэтага…
Там, за небакраем, зіхаціць яскравай палоскай маё сэрца. Яго агрэгатны стан — вадкасць. Але ці сапраўдная гэта вадкасць — трэба праверыць! Узнімаюся… і лячу. Забыла каністру. Вяртаюся. Вяртанне — благая прыкмета… А, будзь, што будзе! Зноў узлятаю над нечым. Ужо немагчыма адрозніць, дзе зямля, дзе неба. Лунаю ў цемры. Штосьці ўспрымаю. Аналізую. Раблю высновы. Усё — на ўзроўні інстынктаў і рэфлексаў.
Цікава, што там такое сінее? Зніжаюся. Праклятая каністра! Ледзь не выраніла. О, дык гэта ж тыя самыя фіялкі! Ачмурэла ўтаропіўшыся на іх аргонавы колер, п’янею ад захаплення і жаху. Што за водар! Ён робіць дыферэнцыяцыю маёй свядомасці. Суцэльная коўдра кветак і мрояў… Засталася б тут назаўсёды. "Застанешся," — чуецца голас здалёк, — Але не тут". Так, мне ж трэба рухацца да гарызонта. Невядомая сіла падхоплівае мяне з каністрай і штурхае наперад. Больш нічога не ўспрымаю дакладна, бо ў вачах стаіць сіняе мора начных фіялак. Мяне чакае тая ж доля, што і многіх маіх аднадумцаў.
У вырай! Я не ў чарадзе, чарада па-за мной. Я не ў статку, статак без мяне. Аднак, фінал ува ўсіх аднолькавы, хоць і прадстае ў розных ракурсах. Я ўжо ведаю, ды баюся сябе запэўніць у тым, што я ведаю нават ГЭТА. Мо я толькі ўяўляю? А ведаць і ўяўляць, верыць і быць упэўненым — не адно і тое ж. Хопіць думаць! Хопіць цкаваць сябе! Гэта самая страшэнная з’ява — зграя бязлітасных думак. Гэта страшней нават за смерць…
Знянацку сінеча ў вачах гасне з-за неверагоднай успышкі пунсова-аранжавага святла. "33 мілі," — грукае недзе ўнутры нябачны датчык. Мой стан — бы наркаман, які толькі што працверазіўся. Азіраюся вакол. Аказваецца, я ўжо стаю на нейкім абрыве. Унізе бурліць распаленая плазма. Дык гэта і ёсць маё сэрца?! Як жа я блага ведала яго! Не, яно — не вадкасць, але і не камень. Плазма! Жывая гарачая плазма!..
Дзе мая каністра? Зараз… зараз нешта будзе. Зараз будзе НЕШТА. Жахлівая здагадка на момант ускалыхвае розум. Але ён ужо не можа супроцьстаяць вышэйшай сіле, гэтаму імпэту, з якім я адкідваю корак і лію цёмную густую эсэнцыю ў вар свайго сэрца…
…Выбух. Яшчэ. І яшчэ. Крышацца лесвіцы. Прастора можа быць задаволена — яна пазбаўляецца ад іх, хоць і коштам уласнага знішчэння. Усё ляціць у тартарары. Якое відовішча! Якая велічная місія! Няўжо я яшчэ жыву? Але ўжо нядоўга засталося… Памірае Сусвет… Памірае, каб нарадзіцца нанова… А ўсё-ткі не дарма…
Друкаваная версія: Хадарэнка І. Танцы на шкле. Вершы, проза. Мазыр, 1999.
Крыніца тэксту: тэкст дасланы аўтаркай.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.