Беларуская Электронная Бібліятэка


ІРЫНА ХАДАРЭНКА.

ПУРПУРНАЕ СОНЦА АЛЬБО ХРОНІКА ВАНДРОВАК ПА КРАІНЕ СНОЎ.

 

Пачалося ўсё з таго, што я памерла. Дакладней мне адсеклі галаву. Я тады была яшчэ маленькая, але добра памятаю гэты працэс. На яскравым жоўтым фоне стаяла драўляная калодка, побач з ёй двое баярынаў у старажытных касцюмах, адзін трымаў сякеру. Падвялі мяне са звязанымі за спінай рукамі, схілілі галаву на калодку і …адным махам. Крыві чамусьці не было.

Відавочна, што з галавой адляцеў i яе змест, у прыватнасці мазгі. Ну, а калі чалавек страчвае розум, з ім пачынаюць адбывацца розныя дзіўныя рэчы. І вось праз колькі гадоў я згадваю той выпадак. А перада мной — авангардны пейзаж: на чорным фоне белы чэрап, павернуты ўправа, і ў той жа бок сыходзяцца два фіялетавых промня. Так-так. Раней я любіла жоўты колер, цяпер — чорны. Свядомасць вызначае быццё, а не наадварот.

Пойдзем далей. Авангардызм змяняецца сюррэалізмам. Бачу распасцертае жаночае цела. Гэта зямля. Грудзі — узгоркі. На адным з іх стаіць мужчына, апрануты, як мушкецёр: плашч, батфорты, капялюш з шырокімі палямі і пяром. У выцягнутай руцэ ён трымае шпагу і паказвае ёй кудысьці наперад, быццам павадыр. А вакол — барвовае неба. Вечарэе. Іду па полю і раптам падаю з абрыву. Лячу стрымгалоў у чорную прорву. Губляю прытомнасць.

Расплюшчваю вочы і бачу сябе ў белым пакоі. Белы-белы куб, а я — унутры. З падлогі пачынаюць прарастаць белыя крэслы і стол. Невядома, адкуль паступае асвятленне, і чаму гэтая мэбля не мае ценяў. На супрацьлеглай сцяне паступова вымалёўваецца супрэматычнае квадракола. Я прабіраюся скрозь яго, чапляюся за канат і спускаюся ўсё ніжэй і ніжэй. Нарэшце ногі намацваюць цвёрдую паверхню. У-уф! Што за альпінізм! Заўважаю збоку букет — надта незвычайны, каб не звярнуць увагі. На шнурках вісяць лямпачкі, а ў іх — жывыя кветкі. Цуд, дый толькі! Толькі дзе я?

Дзея трэцяя. Я ў тэатры. "Мой родны кут, як ты мне мілы!" Нейкая мітусня з дэкарацыямі. На сцэне — рэпетыцыя. Я штосьці шукаю паміж радоў. Сустракаю знаёмага. Ён хапае мяне за руку і цягне за сабой. Мы апыняемся ў Доме Урада. Вялікая зала пасяджэнняў. Якраз ідуць дэбаты. Аб чым яны там спрачаюцца нас не цікавіць. Хутчэй бы скончылі. Ну вось, мы і дачакаліся. Дэпутаты разыходзяцца. Сябра вядзе мяне да трыбуны. Тут стаіць графін, а ў ім, як высветлілася, не вада, а водка. Выпіваем і пачынаем цалавацца. Трыбуна аказваецца ўтульным мястэчкам. Інтымныя падрабязнасці ў мэтах прыстойнасці апісваць не буду.

Дзесьці грае "Машына часу", а тым часам у мяне нарадзіўся сын. Я сяджу ў хаце бабулі і доўга разважаю, як назваць хлопчыка і хто ягоны бацька. Потым нясу дзіця ў кладоўку і пакідаю там, а сама выходжу на двор. Нейкі мужчына ў светлай кашулі падыходзіць да мяне, працягвае пучок саломы і пытаецца:

— Ці не хочаце паспрабаваць траўкі? Пяцьдзесят баксаў.
— Ты што, чувак, — кажу ў адказ, — за дурніцу мяне прымаеш? Думаеш, я не ведаю, як выглядае марыхуана і колькі яна каштуе?

Ён збянтэжана глядзіць на мяне і знікае. Я іду далей, натыкаюся на вялізны ангар. Зазіраю ўнутр. Там ідзе канцэрт вялікага сімфанічнага аркестру. З усёй тусоўкі асабліва вылучаецца кучаравы кот з бантом на шыі, які грае на фагоце. Не буду тут доўга затрымлівацца, хоць і люблю музыку.

Выходжу ў сад. Дзівосная карціна перад маімі вачыма — прыступкі лесвіцы, суздром затопленыя вінаграднай лістотай. Імпрэсіянізм? Акунаюся ў зялены вадаспад. Прыроджаная цікаўнасць падштурхоўвае мяне да лесвіцы.

Узнімаюся па прыступках уверх і заўважаю над галавой пурпурнае сонца. Яго пяшчотнае святло агортвае мяне з усіх бакоў. Валасы становяцца ліловымі, скура прымае светла-бэзавае адценне. Я абвіваю промнямі рукі і пачынаю ўзнімацца высока-высока ўслед за сонцам…

 



ecco часы наручные

Друкаваная версія: Хадарэнка І. Танцы на шкле. Вершы, проза. Мазыр, 1999.
Крыніца тэксту: тэкст дасланы аўтаркай.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.