Беларуская Электронная Бібліятэка


ІРЫНА ХАДАРЭНКА.

РАЗМЫТЫ ЭЦЮД АЛЬБО РАЗМОВА З НЯБАЧНЫМ РАДЦАМ.

 

Самлелае сонца ляніва агарнула краявід сваім барвовым плашчом. Наваколле насычалася даўкім віном адвячорка. Пакуль аднавокія кветкі збянтэжана лыпалі пялёсткамі-вейкамі, распуста-Вецер спакушаў маладзенькую Траўку. П’яныя дрэвы шапацелі мелодыю ўсім вядомай песні. Песня была пра тое, як "душы стала душна, і служкі ёй слушна параілі рушыць пад душ". Сонная зямля глытала гукі гэтай калыханкі.

— Ты не ўмеееш чытаць.
— Чаму ж гэта?
— Чытаць трэба не толькі выразна і "з пачуццём, тактам, расстаноўкай", але і між радкоў, пазіраючы за абалонку слоў, выцягваючы з "цела" вантробы…

Па небу плылі вочы… Яны былі самых разнастайных колераў і адценняў: карыя, зялёныя, шэрыя, блакітныя… Але асабліва вылучалася адно з іх — фіялетавае. Яно прыцягвала да сябе ўвагу нейкай патаемнай прынадай. У агульным шэрагу фіялетавае вока выглядала чужынцам. Яно не жадала разам з усімі піць віно, і толькі маўкліва трымала ў сваім ўлонні салёныя пацеркі слёз…

— Гэта ўжо лепш… Усе добрыя паэты заўжды добра чытаюць вершы…
— Я ж не паэт.
— Тое ж самае датычыць і празаікаў.
— Я і не празаік. Я толькі спрабую, пачынаю…
— Няма пачынаючых. Калі так думаць, то ўвесь час будзеш "пачынаючым"… Гэта альбо ёсць, альбо няма. Нельга навучыць гэтаму. Можна толькі параіць, падказаць, накіраваць…

Вочы прагнулі відовішчаў. Хмяльны настрой паабяцаў ім стварыць усё магчымае і немагчымае. Забаўляльная праграма планавалася ажно да ночы. Пачаць варта было з дрэваў. Магутны харал гэтых гулякаў выводзіў песні на панэль адну за другой і штурхаў іх за браму ўспрымання. Па загаду вачэй выконваліся сучасныя і рэтра-шлягеры. Публіка лагодна ўспрымала канцэрт, апроч фіялетавага вока.

— Пазбягай прымітывізму. Пашырай свой кругагляд. Не варыся ва ўласным соку.
— Але ж я спрабую ствараць менавіта асабістае, не падобнае да іншых…
— Тым больш. Май зносіны з цікавымі асобамі. Абменьвайся вопытам. І памятай: лішніх ведаў у пісьменніка няма.

Потым шаноўнай грамадзе прапанавалася прагледзець кінастужку з лёгкай эротыкай, якая паступова пераходзіла ў крымінальнае дзеянне. Стужка цягнулася па зямлі і не спынялася нават тады, калі некаторыя вочы пачалі міжволі заплюшчваецца. У галоўных ролях былі заняты папулярны Ветравей і зусім яшчэ маладая і малавядомая Траўка. Сюжэт выклікаў вялікі рэзананс і пэўнае хваляванне сярод аўдыторыі. Цікавасць, праяўленая да прадэманстраванага, была вялізнай. Выключэнне, аднак, склала фіялетавае вока, якое адмовілася глядзець стужку.

— Табе трэба вызначыць свой стыль. Пэўныя контуры ўжо ёсць, але гэтага недастаткова. Стыль — гэта вопратка, ці можа нават адзенне, без якога ты — голы кароль.
— Мо лепей прытрымлівацца традыцыйных формаў і тэм?
— Можна, але… так наўрад ці пойдзеш далёка. У гэтай галіне і без цябе ўжо шмат зрабілі. Шукай! Калі знойдзеш, стыль стане тваёй зброяй. Ты будзеш дыктаваць умовы астатнім, а не яны табе…

Пасля гэтага вочы пачалі свідраваць паветраную прастору і глядзець праз яе на сваіх малодшых братоў — інфантыльных кветак, — якія па-ранейшаму нічога не разумелі. Кветкі не маглі змікціць, для чаго вачам спатрэбілася лётаць у нябёсах і займацца рознымі вычварэннямі, калі можна спакойна боўтацца на сцябліне і піць жыццёвы напой з безадмоўнай зямлі…

— Не забывай пра лагічны ланцужок, каб не ствараць лухты. Не пішы без душы, але і не агаляй яе да канца.
— Творца павінен быць шчырым…
— Так, але ж да пэўнай ступені. Тваю шчырасць могуць не ўспрыняць альбо ўспрыняць адмоўна. Але і не спрошчвай. Не імкніся да ўсеагульнага разумення і сімпатыі.

Вечаровы хмель размахваў барвовым плашчом матадора і заклікаў уступіць з ім у бой…

— Працуй, працуй і яшчэ раз працуй. Адпачываць будзеш на тым свеце. Не страчвай любові да сваёй працы. Не спыняйся на дасягнутым.
— Але чым вышэй узнімаешся, тым больш становіцца рызыка ўпасці ў бездань…
— А ты не будуй паветраных замкаў. Разлічвай свае сілы. Прыслухоўвайся да крытыкі, але не ідзі на повадзе за ёй. Ты — гэта — ты, не больш і не менш. Ды ўвогуле, творчасць — справа індывідуальная, і гутаркі аб ёй можна весці бясконца…

І тут фіялетавае вока не стрымалася. Яно раскрыла ўлонне, і пацеркі дажджу пасыпаліся на млявую зямлю, абуджаючы яе. Дрэвы ўмомант працверазіліся. Вецер кудысьці збег, бессаромна пакінуўшы Траўку, якая, дарэчы, цяпер ужо стала Травой. А кветкі пачалі бязглузда смяяцца над сабой і ўсімі астатнімі.

У рэшце рэшт вільготныя пацеркі размылі і эцюд, намаляваны маёй ўзрушанай фантазіяй…

 




Друкаваная версія: Хадарэнка І. Танцы на шкле. Вершы, проза. Мазыр, 1999.
Крыніца тэксту: тэкст дасланы аўтаркай.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.