Беларуская Электронная Бібліятэка


ІРЫНА ХАДАРЭНКА.

САЛЁНАЯ СТОЛЬ.

 

Быў Дзень. Святло праходзіла скрозь мяне. Цела падпітвала розум, а розум блытаўся ў павуціне неспазнанага. Я стаяла дагары нагамі на канапе і пільна ўглядалася ў крывава-чырвоны гваздзік. Сэрца білася мацней, і кроў прылівала да галавы. Я адчувала жывы дух кветкі, не астуджаны халодным крышталём вазы. Паветра выцэджвалася прагай жыцця, празрыстая існасць вады паглыналася памкненнем да волі. Зубчатыя пялёсткі краналі свет, і той нябачна рэагаваў на гэты знак увагi. Я доўга глядзела на кветку, і раптам ў вачах пацямнела. Светлыя кропкі замільгацелі ў свядомасці, галава напоўнілася гулам, і я ўпала на канапу ад усведамлення таго, што гваздзік — гэта Ты…

Надышоў Вечар. У раскрытую фортку заляцеў матыль і пачаў кружляць над лямпай. Гарачая паверхня апякала стракатыя крыльцы, але ён не адпускаў жадання зліцца са святлом. Ён пакутваў і атрымоўваў асалоду ад пакут. Матыль безразважна біўся аб лямпу, адмаўляючыся зразумець свае дзеянні, і ў гэтай шалёнай нецвярозасці хавалася прыгажосць. Ягоная воля выйшла навырунак і затапіла пакой. Мая рука міжволі пацягнулася да выключальніка, каб затушыць святло, бо я пазнала ў матылі Цябе…

Запанавала Ноч, паклікаўшы за сабой адвечную спадарожніцу Цемру. Думкі збеглі ад мяне, саступіўшы месца чыстаму ўспрыманню. Ты з’явіўся перада мной у абліччы чорнага ката і стаў маім катам. Заскочыўшы мне на жывот, ты кіпцюрамі ўпіўся ў грудзі і пачаў мурлыкаць мне на вуха таямнічыя мантры. Твае пашыраныя зрэнкі атручвалі рэшткі маёй разважлівасці, і я патанала ў нязведанай пространі…

Апоўначы поўня вынырнула з-пад ватнай коўдры аблокаў і заліла наваколле сваёй апельсінавай амброзіяй. Вокны зрабіліся вачамі, а я — суцэльнай нервовай клеткай. Прадчуванне прынесла занепакоенасць. Дыханне перахапіла пустэча ўнутранай спякоты. Мужчынскі сілуэт схіліўся над маім целам, і яно затрымцела ад неўтаймаванага імпэту. Я ўзнімалася ўвышыню і рэзка падала ўніз. Твая чуллівасць раз’ятрыла душу да неверагоднай ступені, а твая сіла працяла так, што столь падалася мне салёнай…

У скронях рытмічна пульсавала: "Ты — усё і нішто. Ты — паўсюдна і нідзе. Ты і я — адно". І калі я нарэшце асэнсавала гэты пастулат, Ты растварыўся ў прасторы, нанова пакінуўшы мяне ў адзіноце.

Набліжалася Раніца…

 



Агенство "Экосеть" - дорогостоящее уничтожение муравьев - консультация. Безналичный расчет.

Друкаваная версія: Хадарэнка І. Танцы на шкле. Вершы, проза. Мазыр, 1999.
Крыніца тэксту: тэкст дасланы аўтаркай.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.