Беларуская Электронная Бібліятэка
Чарговы Дзень у маім жыцці… Дзень, якіх было ўжо шмат, а будзе, напэўна, яшчэ больш. Дзень, які нічым асабліва не вылучаецца з шэрага папярэдніх, але чамусьці менавіта ён запаў у сэрца. У гэты Дзень мне падалося, што я стаю на парозе вялікага адкрыцця… Увогуле, усё жыццё для чалавека — адкрыццё. Мноства маленькіх спазнанняў выліваюцца ў адзін вялікі акіян… Аднак, чым больш ведаеш, тым складаней становіцца жыць. Так і сягоння: цяжар спасцігнутага мной стаў больш важкім… Але як бы там ні было, гэты Дзень адышоў. Пануе Адвячорак. Ён чакае пані Ноч, каб хуценька пацалавацца з ёй і збегчы, пакінуішы яе тут валадарыць.
Я бяру гумку і паступова пачынаю сціраць межы паміж рэальным і неіснуючым. Гэта даволі цікавы занятак. Ну вось, ужо асноўная мяжа пайшла пункцірам… Праз адкрытыя шлюзы адно рэчыва пранікае ў другое, адбываецца ўзаемаабмен і пачынаецца дыфузія. Тым часам я спрабую дакапацца да глыбінь сваёй падсвядомасці. Трэба сцерагчыся драпежніка-ўяўлення і яго дзяцей, бо яны часам перашкаджаюць дабрацца да існасці. "Фантазія, пазбаўленная розуму, нараджае пачвару", — сцвярджаў знакаміты Гойя. Няўжо мае фантазіі зусім пазбаўлены розуму і здаровага сэнсу? Што ж, калі так, то няхай будуць пачвары. Пачварным стварэнням не месца ў сутарэннях, яны таксама маюць права на існаванне.
А Ноч ужо заняла ганаровае месца на троне і пільным вокам сочыць за маімі практыкаваннямі. "Падаць розгі," — загадвае яна. Відаць, не спадабаліся мае выкрутасы. Канешне, варта было б высекчы мяне як след, каб не займалася лухтой. Чаго ж яна марудзіць?.. Нібы чытае думкі… А хто, скажыце, калі ласка, дазволіў ёй чытаць мае думкі?! Нічога ў чалавека няма, нічога ён не можа схаваць. Нават самыя патаемныя думкі — і тыя нехта прачытае. "Высекчы яе!" — чуецца выкрык. Відавочна, што пан Адвячорак ставіўся да мяне лепш. А гэтая мегера…
Падышла чарга — высеклі і мяне. Не ў першы і не ў апошні раз. Але, нічога. Раны хутка загояцца. Я развяду касцёр і буду грэцца. Разгарайся полымя маёй свядомасці! Гары! Знішчай без літасці сваім святлом самоту і сумненні! Палай! Я рассыплю вакол вогнішча асколкі кахання і, скінуўшы вопратку, буду танчыць пад шалёныя рытмы начной вакханаліі. Я заспяваю арыю Мефістофеля так, што ўсё наўкол задрыжыць ад узрушэння. Хай свет стаіць на вушах! Ура!! Ды што гэта са мной?.. Такая неверагодная весялосць прадвяшчае вялікі смутак у будучым. Хто зараз смяецца — потым будзе аблівацца слязьмі. Але я хачу затрымацца ў гэтым імгненні, калі іскры ад полымя салютуюць маёй неўтаймаванай смеласці…
…Нягодам трэба радавацца. Трэба чакаць іх, як чакаюць усхода сонца, вяртання каханай, нараджэння дзіцяці. І трэба сустракаць іх належным чынам. Бо толькі праходзячы праз няшчасці, выпрабаванні і пакуты, чалавек становіцца Чалавекам. Толькі спазнаўшы боль, горыч і роспач, можна адчуць, што такое сапраўдная радасць і асалода. Свет пазнаецца ў параўнанні — старая ісціна. Параўноўваючы сябе з іншымі — пазнаеш. Параўноўваючы іншых з сабой — спасцігаеш. Той, хто не жадае спазнаваць і развівацца, рухацца і ствараць — не чалавек. Гэта проста істота. Звычайная грамадская істота, для якой самая складаная праца — думаць. А што да таго, каб мысліць, то для яе гэта — увогуле немагчымая задача…
Усё мінае… Усё добрае працягваецца нядоўга. Вось я сяджу і сыплю на галаву попел ад вогнішча. Валасы мае сівеюць. Я сталею ці старэю — не адрозніць. А Ноч загадкава ўсміхаецца. Цяпер Вы задаволены, шаноўная пані?..
Калі я была маладой, я любіла ўчыняць розныя дзівацтвы. Напрыклад, штурмаваць недасяжныя вяршыні, пілаваць галіны дрэў, на якіх сядзела, танчыць на шкле. Жыццё было б сумным без гэтых дзівацтваў. Бадай, я б закіснула ў змрочным збане зялёнай нуды. І я не шкадую аб тым, што гэта прайшло. Я ўдзячна, што гэта ўвогуле было ў маім жыцці, было ўва мне, у маіх творах…
У маіх творах жыву і я, і тое, што я хаваю ў сабе. Веды — нябачны цяжар, які кладзецца на донца душы. Я спасцігла многае. Але гэта — кропля з вока мудрэйшага Дэміурга. Спасціжэнне не бывае без смутку. Таму маё жаданне ля вогнішча можна палічыць бязглуздым. А вялікі Байран меў рацыю:
Sorrow is knowledge: they who know the most
Must mourn the deepest o'er the fatal truth,
The tree of knowledge is not that of life. *
Ногі парэзаны шклом, душа стамілася танчыць, а дрэва жыцця не гарыць і не тоне, бо яно — вечнае…
* Веды — скруха, і той, хто ведае найбольш,
павінен рыдаць над бяздоннем непазбежнай ісціны:
дрэва ведаў — не дрэва жыцця (англ.).
Друкаваная версія: Хадарэнка І. Танцы на шкле. Вершы, проза. Мазыр, 1999.
Крыніца тэксту: тэкст дасланы аўтаркай.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.