Беларуская Электронная Бібліятэка
Марознае шкло аддзяляе нас ад густой цемры. Калідор інтэрната зацягнуты тытунёвым туманом. Бетонная лесвіца… П’яная гулянка… Балбатня, мітусня, танцы, пацалункі… І менавіта ў гэтым тлуме пачынае злосна выпаўзаць на паверхню нябачны звер унутранай адзіноты.
— Ну скажы мне, як так можна жыць? Я — нібы расліна, маё існаванне абсалютна бяссэнснае. Няўжо так павінна быць?
— Супакойся. Проста ўсе мы тут нецвярозыя. Дый хіба табе так патрэбен нейкі сэнс? Жыві, пакуль жывецца, і радуйся…
О, sole mio! Жарсткія промні выпалілі вусны зямлі, і тыя неўзабаве патрэскаліся. Прагай вільгаці напоўнена паветра. Лепш зусім не дыхаць, чым уцягваць дух пустэльні…
Філосафы шукаюць ісціну, творцы — свабоду, майстры — дасканаласць, вернікі — Бога, простанароддзе — каханне. Існасць гэтых імкненняў у самім працэсе пошуку, бо знайсці яны хочуць тое, чаго няма.
Я, ты, яно. Тры вуглы адной супольнасці. Кожнае можа быць іншым, але не кожнаму гэта дазваляецца. Амёба змагаецца за тое, каб пераўзысці саму сябе. Чалавек становіцца падобным да амёбы. Хмарцы наканавана праліцца дажджом, калі мы з табой знойдзем выйсце з туману. Ты пытаешся ў мяне: "Што гэта?", а я нічога не магу адказаць, бо таксама не ведаю.
Крыкі змешваюцца з крывёй, жорсткасць з’ядноўваецца з прыгажосцю. Творцы бязлітасныя. Не патрабуйце ад іх міласэрнасці, яны даўно забыліся пра яе. Чалавек-жывёла, чалавек-расліна, чалавек-нішто, а дзе гэты чалавек у рэшце рэшт?..
Калі расліну, што клічуць мандрагорай, вырываюць з карэннем, яна крычыць. І людзі ад крыку таго могуць звар’яцець. Кажуць, расце мандрагора ля падножжа шыбеніц і мае чалавекападобную форму. Напалову расліна, напалову жывёла — яна застаецца спрадвечнай таямніцай. Збіральнікі мандрагоры перад тым, як ссекчы яе мячом, малююць вакол тры колы і пазіраюць на захад. А сонца ўзыходзіць у супрацьлеглым баку…
Што ў нашых словах? Цень ад пустэчы.
Што ў адчуваннях? Смутак галечы.
Каго пытаем? Сваю свядомасць.
Куды мы крочым? У невядомасць.
Ніхто ніколі не зможа не быць нідзе і стаць нічым.
Друкаваная версія: Хадарэнка І. Танцы на шкле. Вершы, проза. Мазыр, 1999.
Крыніца тэксту: тэкст дасланы аўтаркай.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.