Беларуская Электронная Бібліятэка


ІРЫНА ХАДАРЭНКА.

МІЛЭДЗІ.

 

                                С.П.

Яна — фатальная жанчына
і небяспечная гульня.
Зрачэшся маці і айчыны,
спыніўшы перад ёй каня.

Зноў тоне розум у сутонні.
Віно, пасьянс, парфумны пах…
Ляціць у чорнае прадонне
паранены каханнем птах.

«Хутчэй спыніся, рыцар любы!» —
крычыць нябачны вартавы, —
«Іначай давядзе да згубы
пагляд мілэдзі ракавы».

Але той покліч не пачуты.
Трагічным мусіць быць фінал,
бо ад смарагдавай атруты
канае шэры кардынал…

 




Друкаваная версія: Хадарэнка І. Танцы на шкле. Вершы, проза. Мазыр, 1999.
Крыніца тэксту: тэкст дасланы аўтаркай.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.