Беларуская Электронная Бібліятэка
Паўстаньне Антонава на Тамбоўшчыне, кранштацкі мяцеж, палітычны працэс над ЦК партыі правых эсэраў — апошнія значныя вехі ў гісторыі збройнага змаганьня партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (не бяру такую спэцыфічную нацыянальную зьяву, як Слуцкі Збройны Чын: ён хоць і кіраваўся эсэрамі, але бараніў незалежнасьць БНР; праблема ж, у якой ступені слуцкія паўстанцы былі пад уплывам ідэалёгіі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, яшчэ чакае свайго дасьледніка).
Партыю эсэраў лічыў сваім галоўным ворагам паліцэйскі рэжым імпэрыі Раманавых. Гэтая партыя была ў 1917 г. ці ня самая шматлікая, але раскол на два крылы ў сярэдзіне таго ж году быў фатальны для ейнага лёсу…
Як вядома, правыя эсэры адразу ж нэгатыўна паставіліся да бальшавіцкага перавароту. Насуперак ім партыя левых сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (ПЛСР) падтрымала бальшавікоў у кастрычніку 1917 г. і склала зь імі ўрадавую кааліцыю. Зрэшты, хаўрус трываў нядоўга, і ў знак нязгоды з падпісаньнем Берасьцейскае дамовы левыя эсэры ў сакавіку 1918 г. пакінулі Саўнаркам. Але ня выйшлі з органаў самакіраваньня — Саветаў салдацкіх, рабочых і сялянскіх дэпутатаў.
Падзеі, якія разгортваліся пасьля гэтага, змусілі левых эсэраў перайсьці ў адкрытую апазыцыю да бальшавікоў. Так, V Усерасейскі зьезд саветаў (пачатак ліпеня 1918 г.), на якім дэлегаты ад ПЛСР складалі 30 адсоткаў, распачаўся пратэстам леваэсэраўскае фракцыі супраць увядзеньня бальшавіцкім урадам сьмяротнае кары за "здраду справе рэвалюцыі" і прапановай парушыць Берасьцейскую дамову, каб дапамагчы жыхарам акупаваных немцамі раёнаў.
На зьезьдзе левыя эсэры выступілі супраць "продразвёрстки", харчатрадаў і камбедаў. Зьезды сялянскай беднаты былі ахрышчаныя "зьездамі вясковых абібокаў". Як пазьней зазначаў адзін з бальшавіцкіх лідэраў, "левыя эсэры казалі, што ўся нашая палітыка зводзіцца да таго, каб у вёсцы распальваць клясавую барацьбу. Мы гэтага не хаваем" [1].
Як вядома, дзеля справакаваньня вайны зь Нямеччынай быў забіты пасол Мірбах, але ўзьніклае леваэсэраўскае паўстаньне ў Маскве неўзабаве было задушанае бальшавікамі. (Варта адзначыць, што выступленьне было стыхійным: ЦК партыі даведаўся пра мяцеж з прэсы, а леваэсэраўская фракцыя зьезду Саветаў была заарыштаваная беспасярэдне на зьезьдзе. Змоўшчыкі так сябе не паводзяць.)
Усьлед за маскоўскім мяцяжом полымя леваэсэраўскіх паўстаньняў шуганула па ўсёй тэраторыі былое Расейскае імпэрыі: Яраслаўль, Мурам, Кастрама, Рыбінск, выхад з падпарадкаваньня вайскавода Ўсходняга фронту Мураўёва, мяцяжы рабочых пад кіраўніцтвам эсэраў на Іжэўскім і Воткінскім вайсковых заводах, паўстаньні ў Паволжы, Смаленскай, Тульскай, Разанскай, Арлоўскай ды іншых губэрнях…
У.Ленін з уласьцівымі яму тактам, далікатнасьцю й вытанчанасьцю патрабаваў: "Дзейнічайце самым рашучым чынам супраць кулакоў і леваэсэраўскай свалаты, якая зьнюхалася зь імі".
Пажар леваэсэраўскіх паўстаньняў дайшоў да самых заходніх тэрыторыяў, кантраляваных бальшавікамі, — да земляў Усходняе Беларусі: Горацкага, Клімавіцкага, Чэрыкаўскага й Амсьціслаўскага паветаў Магілёўшчыны ды Віцебскага, Полацкага, Аршанскага й Сеньненскага паветаў Віцебшчыны [2].
Асобна хацелася б адзначыць Аршанскае й злучанае зь ім Сеньненскае паўстаньні [3]. Гэта былі, відаць, найбуйнейшыя выступы левых эсэраў у Беларусі. Нездарма ў газэце "Известия ВЦИК" ад 28 жніўня 1918 г. гаварылася: "З найбольш цяжкіх работаў трэба адзначыць падаўленьне белагвардзейцаў у Яраслаўлі, Воршы, Разані й інш." [4]
"Работа" была насамрэч нялёгкай. Паблізу гораду стаялі нямецкія акупацыйныя часткі, якія трымалі ў сваіх руках бальшыню тэрыторыі павету й таварную станцыю чыгункі. Леваэсэраўскія арганізацыі ў Воршы й павеце былі досыць уплывовымі й мелі моцную групу ў выканкаме Аршанскага Савету. У прыватнасьці, эсэрам быў старшыня выканкаму І. Буевіч, дэлегат V зьезду саветаў [5].
Бальшавікі разьлічвалі на тры палкі 1-й Магілеўскай дывізіі, якія складалі аснову гарадзкога гарнізону: Аршанскі пяхотны, Невельскі (на чале з эсэрам Івановым) і Беларускі конны дывізыён, які скончваў сваё фармаваньне ўжо ў Аршанскім павеце [6]. Апроч гэтага, у горадзе месьціліся артдывізыён і іншыя невялікія вайсковыя часткі.
Паводле сьведчаньня тагачаснага старшыні павятовага рэўтрыбуналу М. Ігнацьева, бальшавікі першыя пайшлі ва-банк: "22 ліпеня 1918 г. адбылося бурнае пасяджэньне выканкома Савета. На ім бальшавіцкая фракцыя, у адпаведнасьці з указаньнем ЦК РСДРП/б/, патрэбавала ад эсэраў вызначыць свае адносіны да авантуры ЦК іхнай партыі, арганізаваўшага мяцеж супраць Савецкай улады (гаворка вядзецца пра ліпеньскае паўстаньне ў Маскве — Зьм. Дз.). З гэтым пытаньнем да эсэраў ад фракцыі бальшавікоў зьвярнуўся загадчык аддзела юстыцыі выканкома В.С. Брук. У адказ на патрабаваньне бальшавікоў лідэр эсэраў Буевіч (у той час старшыня выканкома) заявіў, што леваэсэраўская група ў выканкоме цалкам адабрае рашэньне свайго ЦК і згодна з праводзімай партыяй левых эсэраў палітыкай, накіраванай на скасаваньне Брэсцкага дагавору аб міры" [7].
Такі адказ бальшавікоў, відавочна, ня мог задаволіць: трываць нязгодных з сабой яны ўжо не маглі. "Узьнікла неабходнасьць выгнаньня эсэраў з Савета. Балшавіцкай большасьцю галасоў [8] было прынята рашэньне аб выключэньні эсэраў з выканкома. З істэрычнымі пратэстамі і пагрозамі барацьбы з "бальшавіцкімі дыктатарамі" эсэры вымушаны былі пакінуць залу пасяджэньняў выканкома.
Затым выканком у саставе бальшавікоў выбраў старшынёй выканкома Л. Рашаля, які працаваў апошні час павятовым камісарам харчаваньня" [9].
Такім парадкам, першы крок да канфлікту быў зроблены. Зроблены бальшавікамі.
У адказ на іхныя дзеяньні левыя эсэры распачалі сваю агітацыю ў гарнізоне й спаміж мясцовага насельніцтва. Ня могучы змагацца падобнымі ж мерамі, бальшавікі прымянілі да "апанэнтаў" сілу: аршанская ЧК (створаная, дарэчы, амаль напярэдадні гэтага — 20 траўня) арыштавала Буевіча й яшчэ двух актыўных агітатараў [10].
Смалы ў агонь падліў загад Невельскаму палку выступіць на Ўсходні фронт дзеля задушэньня чэхаславацкага мяцяжу. Аршанскі гарнізон, які складалі пераважна жыхары акупаваных немцамі тэрыторыяў, узбунтаваўся.
5 жніўня (паводле паведамленьняў згаданага вышэй М. Ігнацьева й камандзіра 1-га рэвалюцыйнага палку Аршанскага Савету А.Пазьняка — 6 жніўня) адбыўся гарнізонны сход. На ім перад Аршанскім палком выступілі эсэры. Як зазначае М. Ігнацьеў, было прынята рашэньне шыхтом і пры зброі накіравацца ў галоўную частку гораду на правым беразе Дняпра (гарнізон месьціўся ў левабярэжнай частцы), вызваліць з турмы эсэраўскіх лідэраў, увязьніць сяброў павятовага камітэту РКП/б/ і выканкаму Савету, а ўладу перадаць створанаму на мітынгу Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту. "Да ўсталяваньня фармальнага правапарадку й дэмакратычнага ўраду" ўсю ўладу было вырашана перадаць ВРК, які ўзначалілі тутэйшыя левыя эсэры Петражыцкі, Іваноў (пазьней увайшоў і Буевіч) ды іншыя. Апроч таго, рэўкаму на сходзе было даручана арганізаваць абарону гораду ад бальшавікоў, скласьці пагадненьне з усімі "сябрамі народу" й усталяваць сувязь зь іншымі памежнымі часткамі.
Аршанскія бальшавікі маглі выставіць супраць бунтоўнага гарнізону толькі 135 чалавек з вінтоўкамі й гранатамі ды бранявік, узброены дзьвюма хуткастрэльнымі гарматамі й чатырма кулямётамі. Гэтымі сіламі было вырашана затрымаць паўстанцаў на левым беразе. Насупраць уваходу на мост быў пастаўлены бранявік і 20 байцоў. Астатнія камуністы занялі пазыцыі справа й зьлева ад мосту — іхнай задачай было не дапусьціць пераправу паўстанцаў на чаўнох.
Пасьля мітынгу вайскоўцы гарнізону вялікай калёнай накіраваліся да мосту цераз Дняпро. Ледзь толькі авангардавыя роты ўзышлі на мост, з браневіка быў адкрыты гарматны й кулямётны агонь, падтрыманы вінтовачным агнём залеглых абапал мосту камуністаў. Аднак бальшавікі не змаглі доўга кантраляваць сытуацыю: расьсяродзіўшыся на невялікія групы, паўстанцы сталі перапраўляццца на правы бераг на чаўнох, на плытох, сьпехам зьбітых зь бярвёнаў, і проста плаўма. Апынуўшыся ў тыле бальшавікоў, яны маглі захапіць бранявік і атачыць увесь камуністычны аддзел. "Мы вымушаны былі адвесьці зь берага Дняпра бранявік і атрад камуністаў", — прызнаецца М.Ігнацьеў [11].
Не сустракаючы супраціву, эсэры рушылі ў цэнтар гораду: быў заняты будынак павятовага выканкаму, з турмы вызвалілі арыштаваных лідэраў. Спаміж увязьненых бальшавікоў быў і камандзір 1-га рэвалюцыйнага палку Аршанскага Савету Антон Нікіфаравіч Пазьняк, які пакінуў свае ўспаміны пра гэтыя падзеі [12].
Аднак аршанскія камуністы здолелі ў той самы дзень выклікаць дапамогу зь Віцебску — два браневікі й аддзел чырвонаармейцаў. Зрэшты, гэтая дапамога ня стала неспадзеўкай для левых эсэраў: шаша пад Воршай сустрэла віцебскіх бальшавікоў завалай зь сьсечаных дрэваў, пераплеценых калючым дротам. Не дайшоўшы да гораду некалькіх кілямэтраў, браневікі былі спыненыя кулямётным і мінамётным агнём. Адзін зь іх быў падбіты й захоплены паўстанцамі, а другому пашчасьціла вырвацца й адысьці назад у Віцебск.
Ня здолеўшы даць рады сілаю, віцебскія бальшавікі мусілі перайсьці да тэлефонных перамоваў з Воршай. У размове зь І.Буевічам было выказанае папярэджаньне: у выпадку гвалтоўных дзеяньняў да арыштаваных бальшавікоў усе левыя эсэры, якія трапяць у рукі камуністаў, будуць расстраляныя на месцы.
Наступнага дня зранку Буевіч ад імя Ваенна-рэвалюцыйнага камітэту папрасіў Віцебскі губвыканкам не пасылаць вайсковыя часткі, задакляраваўшы пры гэтым вызваліць арыштаваных. Але хіба ў такой сур’ёзнай справе, як утрыманьне ўлады, зважаюць на чужыя жыцьці? Вось жа й бальшавікоў, відаць, мала хваляваў лёс іхных таварышаў: паўстанцам адказалі адмоўна, і яны вырашылі абараняцца. Стайкаўскі й Сеньненскі палкі, якія стаялі на дэмаркацыйнай лініі на поўнач ад Воршы й зь якімі ўдалося наладзіць сувязь, паабяцалі падтрымку.
Ворша пачала набываць выгляд умацаванага лягеру: капаліся акопы, ставіліся заслоны на падыходах да гораду. Гэтыя дзеяньні выклікалі неспакой у немцаў, што стаялі пад горадам: нямецкі бок вырашыў, што рыхтуецца наступ насуперак Берасьцейскай дамове, і распачаў падтрыхтоўку ў свой чарод. Віцебскія губэрскія ўлады запэўнілі германскія войскі ў сваёй вернасьці падпісанаму пагадненьню.
На загад Паўночна-Заходняга абкаму РКП(б) для задушэньня аршанскага паўстаньня Заходні вайсковы савет Завесы тэрмінова выправіў вайсковыя часткі зь Віцебску (пад кіраваньнем губваенкама С.Крылова) ды з Смаленску (пад кіраваньнем Адамовіча).
Віцебскі чырвонаармейскі аддзел (300 чалавек, коньніца й два браневікі) накіраваўся чыгункай. Але за 8 кілямэтраў ад гораду рэйкі аказаліся разабранымі, а ўсе дарогі былі заваленыя дрэвамі. Эшалён далей ісьці ня мог.
Бальшавікі вырашылі былі выслаць выведнікаў. Зрэшты, ім, відавочна, не было чаго баяцца. За гэтую выснову сьведчыць той факт, што ў выведку накіраваліся камандзір палку Макоўскі, камісар зводнага аддзелу, выпраўленага на задушэньне леваэсэраўскага паўстаньня, В.Даўбэ і Відзэ [13].
Скарыстаўшыся з адсутнасьці якой-кольвечы адрознай вайсковай формы ў розных частак, выведка прыехала ў Воршу. Бесьперашкодна дабраўшыся да будынку выканкаму, камуністы якраз трапілі на паседжаньне ВРК, які абмяркоўваў пытаньне "Пра абарону Воршы ад нападу бальшавікоў".
Параіўшыся, як распавядае В. Даўбэ, выведнікі вырашылі выкінуць коніка:
— Імем Савецкай улады прапануем узбунтаваным часткам недкладна здаць зброю. У разе адмовы будзе прымяняцца сіла.
У зале — пярэпалах, эфэкт — велізарны. Не даючы ачомацца, другі з бальшавікоў бярэ тэлефонную слухаўку й патрабуе камэнданта чыгуначнай станцыі. Удаючы размову, ён паведамляе ў маўклівы тэлефон:
— Таваршы камэндант, гаворыць прадстаўнік Віцебскага аддзелу. Перадайце неадкладна губваенкаму Крылову, каб ён рушыў да выканкаму браневікі… Так, так, і браневікі.
Пасьля гэтага, са словаў В.Даўбэ, камуністы вомільгам выскачылі з будынку й паімчаліся да сваіх.
Такую нядбайнасьць левых эсэраў да элемэнтарнай арганізацыі варты пацьвярджае й А.Пазьняк. Яму, арыштаванаму між першых камуністаў, удалося выйсьці з турмы, бо паўстанцы не парупіліся зьмяніць турэмную ахову, якую тым часам складала рота пад кіраўніцтвам камуніста Астроўскага.
Бальшавікі атайбаваліся ў турме, увязьніўшы яе начальніка й леваэсэраўскую ахову. Адтуль жа ўдалося наладзіць сувязь з камуністычнымі батальёнамі й ротамі. Вось жа, пакуль эсэры засядалі й выносілі рашэньні, бальшавікі з Аршанскага палку абяззброілі батарэю й захапілі ў свае рукі тэлеграф, тэлефон, банк, друкарню й чыгуначную станцыю [14].
А 5-й вечара ў горад, не сустрэўшы супраціву, увайшоў Віцебскі аддзел. Празь некалькі гадзінаў прыбыў і чакісцкі аддзел з Смаленску.
Паўстанцы здаваліся бяз бою. Невельскі полк наступным жа днём быў адпраўлены з Воршы. Частка кіраўнікоў паўстаньня (у тым ліку й камандзірскі склад бунтоўнага гарнізону) была арыштаваная, частка — схавалася. Віцебскі аддзел мелася была абстраляць адна з батарэяў артдывізыёну, але й яе абяззброілі…
Аднак і пасьля задушэньня паўстаньня на Аршаншчыне заставалася блізу 10 тысячаў узброеных чалавек, зь якіх зарэгістраваных у вайсковым камісарыяце было толькі 1317.
Сялянскі зьезд Аршанскага павету патрабаваў вызваліць удзельнікаў паўстаньня. А мясцовая ўлада, паводле паведамленьня маскоўскага камуніста Д.Петручука, прысланага ў Воршу, спрабавала ўтварыць "сваю рэспубліку" [15].
Да гэтага дадаўся выступ левых эсэраў у Сяньне, куды не пасьпела дайсьці вестка пра задушэньне аршанскага паўстаньня.
Да пачатку паўстаньня ў левых эсэраў у руках былі практычна ўсе ўстановы Сянна (за выняткам хіба што вайсковага камісарыяту, якім кіраваў ці не адзіны бальшавік у горадзе Шыпіла): старшыня выканкаму Я.Закрэўскі — левы эсэр, сакратар С.Будкевіч — левы эсэр, камандзір Сеньненскага палка Зьмітро Прышчэпаў, пазьней, як вядома, наркам земляробства Беларусі, — левы эсэр (паводле некаторых зьвестак) і гэтак далей…
Пакінуўшы свае пазыцыі на дэмаркацыйнай лініі, 8 жніўня часткі Сеньненскага палку рушылі на Сянно, каб адтуль ісьці на дапамогу аршанскім паўстанцам.
У Воршы бальшавікі адразу ж сфармавалі чырвонаармейскі аддзел пад кіраўніцтвам ўжо згаданага чакіста В.Даўбэ й у той самы дзень накіраваліся ў Сянно.
Перамовы з паўстанцамі не прывялі да жаданага камуністам выніку — капітуляваць полк адмовіўся. Тады імклівым налётам раніцай 9 жніўня чырвонаармейскі аддзел захапіў горад і частку паўстанцаў.
Але ўжо апоўдні, даведаўшыся, што бальшавікі маюць толькі 70 байцоў і бранявік, левыя эсэры пайшлі ў наступ. А чырвонаармейскі бранявік, як на тое, заваліўся ў канаву й таму бязьдзейнічаў. Даўбэ пачаў прасіць дапамогі ад Віцебску. Аднак адтуль абяцалі яе прыслаць толькі раніцай наступнага дня.
Паўстанцы ўзялі горад у аблогу, перарваўшы сувязь зь Віцебскам і Воршай. Бальшавікам давялося нясоладка: хаця бранявік і ўдалося выцягнуць, карысьці ад яго было небагата — надта ж мала засталося боезапасаў…
Аддзел чырвоных вырашыў адступаць па шашы на Багушэўск. Але прабіўшыся праз мост на шашу, яны трапілі пад агонь з-за сьпіны, з гораду, і сьпераду, з засады ў лесе. Дабраўшыся па шашы да лесу, бранявік вырашыў ратавацца самастойна й пакінуў аддзел. Бальшавікоў змусілі прыняць рукаемны бой, і толькі рэшткі чырвонаармейцаў прабіліся на станцыю Багушэўскую.
Уначы на дапамогу аддзелу Даўбэ зь Віцебску падышоў 1-ы Латыскі кавалерыйскі полк. Але толькі ўраньні чырвоныя часткі ўвайшлі ў Сянно.
Паўстанцаў там ужо не было: захапіўшы з складу й скарбу каля мільёну рублёў, левыя эсэры парушылі дэмаркацыйную лінію, выбілі немцаў зь некалькіх памежных вёсак і спыніліся там. Але пад ціскам значных нямецкіх сілаў паўстанцы былі змушаныя вярнуцца на тэрыторыю, кантраляваную бальшавікамі: тут частка іх была арыштаваная, а частка разышлася па лясох…
Паводле паведамленьня прафэсара С. Пачаніна, па-за законам былі абвешчаныя Зьм.Прышчэпаў, С.Будкевіч, А.Паўлоўскі, Я.Закрэўскі [16].
Леваэсэраўскія паўстаньні ў Воршы й Сяньне завяршыліся паразай. Яны ня сталі сымбалямі супраціву, як Слуцкі збройны чын альбо кранштацкі мяцеж. Аднак нават такія спробы гартавалі дэмакратычны супраціў бальшавізму.
1. Зиновьев Г. О мятеже левых С.-Р. // Зиновьев Г., Троцкий Л. О мятеже левых С.-Р. Пг., 1918.
2. Гісторыя Беларускай ССР у 5-ці тамах. Т. 3. М., 1973. С. 103.
3. Пра гэтыя паўстаньні дастаткова падрабязна пісаў С. Пачанін у сваёй кнізе "Историей обреченные" (М., 1977. С. 222-234).
4. Из истории ВЧК. 1917-1921 гг. Сборник документов. М., 1958.
5. Паводле зьвестак Э.Карніловіча, Іосіф Іванавіч Буевіч (у Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі — М.В. Буевіч) (1883, в. Варгуцьева Круглянскага раёну — 25.1.1964, Масква) з палітычных прычынаў эміграваў у Амэрыку да рэвалюцыі. Пасьля Лютаўскае рэвалюцыі вярнуўся ў Воршу. У часе сьледзтва па аршанскім паўстаньні быў апраўданы, з жніўня 1919 г. кіраваў Аршанскім гарсаветам. У 1929 г. накіраваўся ў Маскву, дзе пэўны час быў намесьнікам дырэктара Музэю рэвалюцыі. Пасьля вайны быў на радзіме старшынём калгасу. Пахаваны на радзіме.
6. На пачатку фармаваньня 1-м Беларускім конным дывізыёнам камандаваў ураджэнец Аршанскага павету Якабіні (газ. "Оршанский вестник" 12 студзеня 1918 г.).
7. Ігнацьеў М. Пад сцягам Кастрычніка // Ленінскі прызыў. № 152, 1967 г. Стыль успамінаў захоўваецца тут і надалей.
8. Паводле зьвестак Э. Ліпецкага, зьмешчаных у ЭГБ (т.1, артыкул "Аршанская арганізацыя эсэраў"), бальшыню складалі левыя эсэры.
9. Ігнацьеў М. Тамсама.
10. Тамсама.
11. Тамсама.
12. Ленінскі прызыў. № 166, 1967 г.
13. В.Даўбэ пакінуў свае мэмуары пра гэтыя падзеі, надрукаваныя ў кнізе "Под красным знаменем Октября" (М., 1987).
14. Успаміны камандзіра 1-га рэвалюцыйнага палка Аршанскага Савету Антона Нікіфаравіча Пазьняка // Ленінскі прызыў. № 166, 1967 г.
15. Паведамленне па прамому проваду прадстаўніка Маскоўскага акруговага камісарыяту па вайсковых справах Д.Петручука У.Леніну аб палітычным і ваенным становішчы ў г.Оршы// Ленінскі прызыў. № 163, 1968 г.
16. Як цьвердзіць І.Акшэўскі, сумнеўнымі падаюцца зьвесткі пра такія меры супраць Зьм.Прышчэпава (Акшевский И.М. Он любил эту землю. М., 1991. С.40-42).
Друкаваная версія: «Спадчына», 1999, № 4.
Крыніца тэксту: тэкст атрыманы ад аўтара.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.