Беларуская Электронная Бібліятэка
Мой дзень нараджэньня —
ні песень, ні п’яных гасьцей.
Сябры не прыйшлі.
І на ворагаў мала надзеі.
Сядзець бы цяпер у альтанцы
як можна часьцей,
пакуль яшчэ сонца
лістоту апалую грэе.
І піць не гарэлку —
дым вогнішчаў восеньскіх піць.
Ад стомленай рэчкі
паціху ісьці на прыпынак.
Стаяць. І патрэбны аўтобус
знарок прапусьціць.
Лістота. Альтанка. Прысады.
Мае імяніны.
Друкаваная версія: «Першацвет», 1999, № 7-8.
Крыніца тэксту: тэкст атрыманы ад аўтара.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.