Беларуская Электронная Бібліятэка


ЗЬМІЦЕР ДЗЯДЗЕНКА.

ЯК САПЕГІ ВОРШАЙ КІРАВАЛІ.

 

Не адну дзяржаўную пасаду займалі Сапегі, служачы Вялікаму княчтву Літоўскаму, на Аршаншчыне. Так, вядома, што ў 1577 годзе аршанскім падстаростам быў Ян Янавіч (Іван Івананвіч) Сапега, які, ажаніўшыся з Багданай Друцкай-Сакалінскай, працягнуў лінію роду трыма сынамі: Лявом, які стаў потым канцлерам ВКЛ, Рыгорам і Андрэем. Памёр Ян Сапега ў 1580 годзе.

Ягоны траюрадны брат Мікалай Паўлавіч быў першым з роду, хто атрымаў пасаду аршанскага старосты. Адбылося гэта ў 1588 годзе пасьля сьмерці папярэдняга старосты — знакамітага Філона Кміты-Чарнабыльскага. На гэты час Мікалай Сапега пасьпеў ужо вызначыцца ў вайне супраць маскавітаў і меў пасаду менскага ваяводы.

Аднак Аршанскае староства не прываблівала немаалдога ўжо (пад 60 гадоў) Мікалая: ён адмовіўся ад пасады. І ў тым самым годзе яна перайшла да Янавага сына Андрэя. Так гэтая галіна роду ўмацавалася ан Аршанчыне. З гэтым аршанскім старостам зьвязаны надзвычай цікавы дакумэнт — ліст канцлера Лява Сапегі да брата Андрэя ад 21 красавіка 1601 году, які даводзіць да нас зафіксаваны выпадак карупцыі:

"/…/ немец ангелец, якога ты мне, В[аша] М[осьць], цяпер у Ворша аддаў, [распавядае,] што ў яго забралі нямала ягоных рэчаў: гэта кабура (на сядле — Зьм. Дз.), са шклянымі пляшкамі, а ў той кабуры ў патайной шуфлядзе было дваццаць шэсьць чырвоных злотых і адзін партугал, у скрыні ж, кажа ён, з шуфляды ўзялі ў яго трынаццаць талераў, два чырвоных злотых і залаты пярсьцёнак, якую шуфляду, маўляў, сам той ангелец бачыў у пана Кубліцкага, пдстаросты В[ашай] М[осьці], што я — калі іншыя ягоныя рэчы ды яго самога да свайго дома ці гасподы прывесьці загадаў — сам сваімі рукамі са скрыні ўзяў, да таго пяць параў пальчатак, гафтаваных пэрламі, з залатымі пазумэнтамі, дзесяць локцяў залатых пазумэнтаў, бабровы капялюш, вялікую алавяную пляшку, мушкет, аздоблены косьцю, з парахаўніцай, шпагу, турэцкі ручнік, чарніліцу і іншыя ягоныя дробязі памянёны пан падстароста забраў".

Зрэшты, вернемся да Сапегаў. Андрэева ўдача не была нечым выключным: не гаворачы пра Лява Сапегу, варта ўзгадаць пра трэцяга іх брата — Рыгора. Ужо ўнівэрсал 1581 году прызначае Рыгора паборцам Аршанскага павету. А за выказаную ў вайне з маскавітамі храбрасьць ён у 1585 годзе быў узнагароджаны званьнем аршанскага падкаморыя. Памёр Рыгор у 1615 годзе, пакінуўшы прадаўжальнікамі роду двух сыноў — Аляксандра-Багдана і Крыштафа.

Аляксандар-Багдан быў наступным, па Андрэі, аршанскім старостам і, відавочна, зьяўляўся адным з найбольш вядомых прадстаўнікоў роду ў гісторыі Воршы.

Гэты Сапега атрымаў яшчэ адно імя ў дадатак да двух папярэдніх — Даджыбог (Дадзібог). Менавіта як Аляксандар-Даджыбог і фігуруе ён у бальшыні дакумэнтаў. У 1620 годзе Аляксандар атрымаў яшчэ адзін прывілей - на месца аршанскага войта. Вяршыняй службовай кар’еры Аляксандра-Даджыбога была пасада чашніка Яго Каралеўскай Мосьці. Гісторыя данесла да нас дэвіз гэтага чалавека: "Паслуга Айчыне і сьмерць дзеля яе".

У час, калі Аляксандар-Даджыбог быў аршанскім старостам, у Воршы ўзьнік Куцеінскі манастыр, зьяўленьне праваслаўнага манастыра на землях ВКЛ у разгар палемічнай барацьбы, станаўленьня вуніяцтва выклікала занепакоенасьць у караля Жыгімонта ІІІ Вазы,в ядомага сімпатыяй да католікаў і асаблівай прыязнасьцю да езуітаў. Сваю трывогу кароль выказаў у лістах да Аляксандра-Даджыбога і канцлера Лява Сапегі. Па зьмесьце пасланьня да Лява Сапегі можна меркаваць пра эпісталу да аршанскага старосты. У прыватнасьці, канцлеру ВКЛ Жыгімонт ІІІ пісаў:

"Вяльможны, ласкава нам мілы. Дайшла да нас вестка, што мяшчане аршанскія, умовіўшыся зь мяшчанамі магілёскімі, відавочныя ды яўныя бунты супраць зьверхнасьці нашай і цяперашняга вялебнага айца Антонія Сялявы, архіяпіскапа Полацкага, чыняць. А асабліва нядаўнімі часамі свавольна, без дазволу нашага і асьвячэньня айца архіяпіскапа Полацкага, пастыра свайго, манастыр у нейкім Скуцейне, між Воршай і Магілёвам, над ракой Дняпром заклалі, і там манахаў, таксама свавольных, напрыводзіўшы з аршанскай саборнай царквы Сьвятога Спаса і зь іншых цэркваў, што былі пад уладай айца архіяпіскапа, келіхі, крыжы, рызы, ліхтары, сьвечы ды іншые начыньне мяшчане аршанскія, маючы ўмову з магілёўцамі, да таго памянёнага свайго манастыра перавялі. А звыш таго Мялеція Сматрыцкага, псэўдапатрыярха, на Ўладыку Полацкага пасьвячонага, на той час паміж Магілёвам і Воршай у Беларускім краі, у дыяцэзіі Вялебнага архіяпіскапа Полацкага, намі прывілеяванага, праводзілі — люд паспаліты просты ад паслушэнтсва адводзіць: што як Нас, так і айца архіяпіскапа Полацкага нямала цікавіць. Пра што Міласьць Вашу азнаёміўшы, хочам, каб Міласьць Ваша тэрмінова тое папярэдзіў, як бы магілёўскія мяшчане такіх бунтаў чыніць не наважыліся і той Сматрыцкі мог быць якім-небудзь чынам прыбраны, а званы ды іншае начыньне манатсыра забранае. Не сумняваемся, што гэта, Міласьць Ваша, для ласкі нашае і з абавязку свайго зробіш".

Зь імем Аляксандра-Даджыбога зьвязаная і яшчэ адна гісторыя. Ягоны родны брат Крыштаф, пісар ВКЛ, меў сына Мікалая-Крыштафа, народжанага ў 1613 годзе. Дванаццацігадовага хлопчыка, які застаўся бяз бацькі, аршанскі староста выкраў у маці і аддаў навучацца ў езуіцкі калегіюм у Воршы. Пасьля доўгіх намагагньняў маці ўдалося забраць сына. Невядома, чым скончылася б гэтая прыгода, каб хлопчыка ня ўзяў да сябе Леў Сапега.

Сам канцлер ВКЛ меў трох сыноў, малодшы зь якіх, Казімер-Леў, быў апошнім сярод Сапегаў аршанскім старостам. Нарадзіўся ён 15 ліпеня 1609 году. Атрымаўшы вялікую спадчыну па сваіх бязьдзетных братах, Казімер-Леў стаў старостам аршанскім, валпянскім, гарадзенскім, любачанскім, слонімскім, атрымаў у валоданьне Лукомаль, Талачын, Чарэю і г.д.

Ён атрымаў добрую пачатковую адукацыю ў Віленскай акадэміі. У шаснаццацігадовым узросьце малодшы сын канцлера быў пасланы за мяжу для далейшага анвучаньня: штудыяваў у Мюнхене, Нідэрляндах. Малады чалавек аб’езьдзіў усю Італію, Францыю і Германію, авалодаў сямю мовамі.

У 1630 годзе Казімер-Леў вярнуўся ў ВКЛ і адразу быў абраны ў Трыбунал Вялікага княства, у тым жа самым годзе стаў пісарам ВКЛ. У 1637 годзе ён быў абраны сеймавым маршалкам, у 1638 годзе стаў надворным маршалкам, а ў 1645 годзе — падканцлерам Вялікага княства Літоўскага.

Малодшы сын Лява Сапегі быў улюбёнцам Жыгімонта ІІІ і ягонага сына Ўладзіслава IV. Апошні так цаніў яго, што называў сваім душапрыказчыкам.

У 1648 годзе Казімер-Леў падараваў Віленскай акадэміі ўласную бібліятэку і зафундаваў дзьве катадры - царкоўнага і грамадзянскага права, аддаўшы на гэтыя мэты маёмасьць маёнтка Пачаёвічы Аршанскага павету.

Ён быў апошнім прадстаўніком роду, шчыльна зьвязаным з Аршаншчынай. Пасьля таго Сапегі ні ў Аршанскім старостве, ні ў Аршанскім павеце пасадаў не займалі і ў гісторыі Воршы больш ня згадваюцца.

 




Друкаваная версія: «Беларуская мінуўшчына», 1996, № 6.
Крыніца тэксту: тэкст атрыманы ад аўтара.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.