Беларуская Электронная Бібліятэка


ЗЬМІЦЕР ДЗЯДЗЕНКА.

РАМАН ЗАБЫТЫ НА СТАГОДЗЬДЗІ.

 

Магутная хваля вяртаньня нашай спадчыны абмінула перакладныя творы старабеларускай літаратуры. Шырокая публіка троху ведае пра існаваньне беларускага тэксту "Трыстана і Ізольды" (Трышчана і Іжоты); тыя, хто атрымаў філалагічную адукацыю, маюць уяўленьне пра сьвецкія перакладныя кнігі "Александрыя", "Аповесьць аб Троі"… Мала хто назаве болей…

А між тым, Максім Гарэцкі ў сваёй кнізе "Гісторыя беларускае літаратуры" зазначаў: "/.../ у XVII стагодзьдзі былі асабліва пашыраны перакладныя повесьці, а нават рабіліся й новыя пераклады". Сама сабой напрошваецца выснова пра значны ўплыў перакладной літаратуры на сьветагляд тагачаснага чалавека, пра яе вялікую ролю ў ягоным жыцці.

Сярод прыкладаў перакладной літаратуры XVII стагодзьдзя М. Гарэцкі першай называе "Гісторыю, альбо Праўдзівае апісаньне жыцця сьвятых Варлаама і Іасафа", выдадзеную ў 1637 годзе ў друкарні праваслаўнага Куцеінскага Багаяўленскага манастыра (паблізу Воршы, зараз — у межах гораду).

На гэтым рамане варта спыніцца асобна. Ён заслугоўвае гэтага хаця б таму, што вядомы больш чым на 30 мовах народаў Азіі, Еўропы ды Афрыкі: пэрсыдзкая, уйгурская, 5 арабскіх вэрсіяў, 2 грузінскія і грэцкая, якая паходзіць ад адной зь іх; зробленыя з грэцкай 2 лацінскія, старажытнаславянскія, армянскі ды эфіёпскі пераклады; паходжаньнем ад аднаго з лацінскіх перакладаў — 9 італьянскіх, 8 старафранцускіх, 5 гішпанскіх, правансальская, партугальская, нямецкая, чэская, польская, ангельская, ірляндзкая, галяндзкая вэрсіі й г.д.

Годнае месца сярод іх займае й беларускі варыянт. Як адзначае М. Нікалаеў у сваёй кнізе "Палата кнігапісная" (Мн., 1993), найбольш раньні ў Беларусі сьпіс гэтага раману датуецца XIV стагодзьдзем і паходзіць з Наваградзкага базыльянскага кляштару.

Захад жа, паводле цьверджаньняў І. Лебедзевай (И.Н. Лебедева. Повесть о Варлааме и Иосафе. Л., 1985), "упершыню ўведаў грэцкую Аповесьць з двух сярэднявечных лацінскіх перакладаў, асабліва з другога, які шырока распаўсюдзіўся па краінах Эўропы, пачынаючы з ХІІ стагодзьдзя". У гэтым перакладзе аўтарам кнігі быў названы Ян (Іаан) Дамаскін, вялікі багаслоў, філёзаф і паэт, адзін з айцоў усходняе царквы, далучаны ёю да ліку сьвятых.

(Трэба зазначыць, што спрэчкі пра аўтарства раману пра Варлаама і Іасафа, відавочна, збілі з тропу камэнтатараў кнігі М. Гарэцкага "Гісторыя беларускае літаратуры" Т. Голуб, І. Саверчанку, Я. Янушкевіча, і яны таксама прыпісалі твор Яну Дамаскіну. У вышэйзгаданай працы І. Лебедзевай распавядаецца пра гісторыю дасьледаваньня кнігі й даводзіцца няслушнасьць такога меркаваньня.)

Доўгі час лічылася, што раман пра Варлаама і Іасафа зьяўляецца хрысьціянізаванай вэрсіяй жыцьцяпісу Буды. Аднак на думку ўсходазнаўцы-тыбэтоляга Б. Кузьняцова, і жыцьцяпіс Буды, і раман паходзяць з пашыраных на Ўсходзе аповедаў пра цара і ягонага праведнага сына — гэта значыць, абодва яны маюць агульную крыніцу дабудыйскага паходжаньня.

У зьвязку з гэтым цікава адзначыць той факт, што героі твору ўспрымаліся як рэальныя асобы, якія некалі існавалі. Так, сярэднявечную лацінскую вэрсію з ХІІІ стагодзьдзя сталі ўключаць у зборнікі жыццяў сьвятых. Па словах І. Лебедзевай, у пачатку ХІІІ стагодзьдзя Варлаам і Іасаф шанаваліся ў Сэрбіі як сьвятыя, прычым культ іх быў туды занесены, відавочна, з Афрыкі.

Як піша Х.Л. Борхес у эсэ "Вэрсіі адной легенды", кардынал Цэзар Бароні ўключыў Іасафа ў свой Рымскі мартыралёг (1585-1590).

У XVI стагодзьдзі былі вядомыя нават мошчы сьвятога царэвіча Іасафа. Спачатку яны знаходзіліся ў Вэнэцыі, але ў 1571 годзе дож гораду Люіджа Мачэніга падарыў іх партугальскаму каралю. У XVIІ стагодзьдзі яны апынуліся ўжо ў Антвэрпэне ў кляштары сьвятога Сальватора.

Але раман пра Варлаама і Іасафа ня толькі пачаў "матар’ялізоўвацца". Ён сам зьявіўся сюжэтам для мастацкіх твораў. Так кніга "Вершы духоўныя" (Стихи духовные. М., 1991) зьмяшчае вершы "Іасаф і Варлаамі" і "Плач царэвіча Іасафія".

На сюжэт кнігі стваральнік гішпанскай драматургіі Лёпэ дэ Вэга напісаў драму "Варлаам і Іасаф". Борхес у вышэйпрыгаданым эсэ піша: "Намаганьням Хакона Хаканарсана Ісьляндыя абавязаная зьяўленьнем у сярэдзіне ХІІІ стагодзьдзя сагі пра Варлаама".

Асобна трэьба сказаць аб прыпавесьцях, на якія багатая кніга. Напрыклад, прыпавесьць пра адзінарога прыгадваецца ў францускіх зборніках "прыкладаў" і прыпісваецца сьвятому Бэрнару (А.Я. Гуревич. Культура и общество средневековой Европы глазами современников. М., 1989. С. 95). Яна знайшла адлюстраваньне і ў выяўленчым бізантыцкім, заходнеэўрапейскім і расейскім мастацтве.

Другую прыпавесьць (пра чатыры скрыні) выкарыстаў Шэксьпір у "Вэнэцыянскім купцы".

Такім чынам, відавочна, што раман быў значным складнікам літаратурнага і грамадскага жыцця Эўропы.

Верагодна, ня меней значным твор быў і для жыхароў Беларусі. Нездарма ж Куцеінская друкарня выдала кнігу ў трох варыянтах (пра гэта — ніжэй).

Варта коратка спыніцца на зьмесьце "Гісторыі, альбо Праўдзівага апісаньня жыцьця сьвятых Варлаама і Іасафа".

У індыйскага караля Авяніра, які праславіўся сваім жорсткім перасьледам хрысьціянаў, нараджаецца сын Іасаф. Мудрэц-астроляг прадказвае царэвічу слаўнае жыцьцё ў хрысьціянскай веры. Цар загадвае не выпускаць сына з палаца, каб той не даведаўся ні пра сьмерць, ні пра старасьць, ні пра хваробы, ні пра калецтвы й каб ня чуў аніводнага слова пра хрысьціянства.

Але Іасаф даведваецца пра хрысьціянства ў настаўніка, які таемна верыў у Хрыста. Потым на праходцы ён бачыць двух калек, старога й дазнаецца пра сьмерць.

Прыезд пустэльніка Варлаама давяршае навярненьне каралеўскага сына ў хрысьціянства. Большая частка раману адводзіцца дыялёгу паміж Варлаамам і Іасафам. Тут і прыводзяцца ўжо згаданыя прыпавесьці…

Пераклад раману, выдрукаваны ў Куцейне, зроблены намесьнікам Магілёўскага брацкага манастыру Іосіфам Палоўкам. Само выданьне, як ужо гаварылася, вядомае ў трох варыянтах (у Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца, як можна меркаваць, трэці, але верагодна, гэта дэфэктны экзэмпляр: адсутнічае тытульны аркуш).

У першым яно прысьвячаецца Сільвестру Косаву, япіскапу Амсьціслаўскаму, Аршанскаму й Магілёўскаму. У другім варыянце прысьвячальная прадмова зьвернутая да мітрапаліта Кіеўскага і галіцкага Пятра Магілы. У трэцім варыянце прысьвячэньня ўвогуле няма.

Выданьне заканчваецца духоўным вершам "Песьня сьвятога Іасафа" (расейская варыяцыя "Плач царэвіча Іасафія" ўжо згадвалася вышэй).

Нягледзячы на тое, што на тытульным аркушы крыніцай для перакладу ўказваюцца грэцкі й "словенский" тэксты, у адных сваіх частках куцеінскае выданьне перакладзена з стараславянскай, а ў іншых — з лацінскай моваў.

Верагодна, чытачам будзе цікава пазнаёміцца з прыпавесьцямі рамана, таму я ўзяў на сябе сьмеласьць перакласьці некаторыя зь іх з старабеларускай мовы ў сучасную й прапанаваць да друку. На іх прыкладзе можне ня толькі пазнаёміцца з вобразным ладам твору, але й пабачыць, як рэаліі Беларусі XVII стагодзьдзя накладаліся на літаратурны твор.

«ГІСТОРЫЯ, АЛЬБО ПРАЎДЗІВАЕ АПІСАНЬНЕ ЖЫЦЬЦЯ СЬВЯТЫХ ВАРЛААМА І ІАСАФА».

 




Друкаваная версія: «Культура», № 33, 6-12 верасьня 1995 г.
Крыніца тэксту: тэкст атрыманы ад аўтара.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.