Беларуская Электронная Бібліятэка


ЗЬМІЦЕР ДЗЯДЗЕНКА.

СПРОБА СУІЦЫДУ.

 

Ідэя сьмерці раптоўна запанавала скрозь. Як дзіўная нетутэйшая птушка, прыляцела яна і адразу стала адной з модных тэмаў у размовах. У тых, хто спрабаваў сысьці з жыцьця па-ангельску, сталі браць інтэрвію. Дзеячаў культуры пачалі распытваць пра іхнае стаўленьне да сьмерці. Зьявіліся перакладныя кнігі, што зьмяшчалі сьведчаньні людзей, якія пабывалі ў стане комы.

Уся гэтая мітусьня пазбаўляла сьмерць ейнага сакральна-містычнага ароэлу, таямнічасьці й загадкавасьці. Сьмерць набывала рысы простасьці й звыкласьці. Вытрываць гэта было немагчыма.

Немагчыма, бо Танатас прыйдзе. Абавязкова прыйдзе. І яго трэба сустрэць з годнасьцю.

Калі прыходзіць Танатас, не існуе ні я, ні мы. Ёсьць толькі ты і ён. Яго трэба сустрэць з годнасьцю й самапавагай.

Ён прыйдзе да цябе, і толькі да цябе. Астатнія яго ня ўбачаць і не пачуюць. (Зусім так, як ты ня чуў і ня бачыў, калі ён прыходзіў да каго іншага.) І з гэтага моманту ты мусіш падначальвацца яму.

Ты ня вольны нават выбраць спосаб сыходу: усё вырашае Танатас. Вялікі жартаўнік, ён прымушае аматараў Вялікага Эстэта вісець з пасінелым тварам і вываленым з рота языком. Людзей, якія ўсё жыццё трываць не маглі нават выгляду крыві, ён пакідае на падлозе зь пісталетам у руцэ…

Гэта пошла. Але бунтаваць - бессэнсоўна. Бунт мажлівы толькі супроць разумнай лагічнай сілы. Логіку ж дзеяньняў Танатаса, чалавечым розумам не спасьцігнуць. Бо яна іншая. І якія б спробы ты ні рабіў, усе яны застануцца тваімі варыянтамі ягонай логікі. А сам гэты юнак з апушчанай долу паходняй так і застанецца для цябе "тэрра інкогніта".

***

Я замураваў сябе дома. Выходзіў на вуліцу, толькі каб дайсьці да крамы, закупіць прадукты, і ледзь ня бегма вяртаўся назад. Я перастаў чытаць газэты ды слухаць радыё. Я ня здольны быў абыякава назіраць за іхным зьдзекам з вонкавасьці таямніцы. (Ну, так, з вонкавасьці. Бо глыбінная сутнасьць заставалася непадуладнаю ім.)

Я палюбіў стаяць ля вакна. Празь яго відаць парк. Зараз зіма, і дрэвы пасьля сьнегападу ўтвараюць мудрагелістыя карункі. Зараз зіма, і на сьнезе, якім засыпаны парк, можна пакінуць свае сьляды. Адно шкада, што іх абавязкова затопчуць. Але ж можна ісьці не па сьцежцы, а па цаліку, дзе ня ходзяць іншыя. Ісьці, ісьці, ісьці. Пакідаць за сабой ланцужок сьлядоў. І ўяўляць, якім дзіўным здаюся я людзям, што сьпяшаюцца некуды па ходніках. Трэба ісьці.

Паступова парк скончыцца, і я выйду ў поле. Там таксама ня будзе дарог. І я — дробная чорная кропка ў белым абсягу — магу выбіраць які заўгодна кірунак. Але ў які б бок я ні пайшоў, усё адно мне не абмінуць дома, дзе я ніколі не бываю лішнім. Галоднага, мяне там накормяць. Зьмерзлага — адагрэюць. У гонар майго прыходу гаспадары, пэўна, паставяць на стол чаркі. Як файна п’ецца ў кампаніі прыемных людзей! (А мая маленькая хрэсьніца — дачка гаспадароў — будзе пэрыядычна тупацець побач.)

А потым будзе варыцца кава, пах варажбітнага напою напоўніць жытло. Мы будзем піць гэтую пахкую чарнату, і нетаропкая размова нагадае кітайскую чайную цырымонію.

Але госьці ёсьць госьці: заставацца назаўжды не даводзіцца. І трэба вяртацца.

Зноў парк. Не зважаючы на мяне, час ад часу ў глыбокі сьнег акунае галаву зь вялікай глюгай варона. Здаецца, што дзюба пераважвае саму птушку.

На самым выхадзе з парку ляжаць яловыя лапкі. На белым тле яны, зялёныя, відаць здалёк. Нехта памёр…

Я спрабую не глядзець, адварочваю галаву і разумею недарэчнасьць сваіх думак. Там, убаку, стаіць навагодняя ёлка. Канешне ж! Набліжаецца сьвята, і ўжо сталі ставіць ёлкі… хаця дзіўна, што ў сьмерці й аднаго з найбольшых сьвятаў — агульны сымболь: елка.

Але падумаўшы, я разумею, што гэта ўсё таксама недарэмна. І сьмерць, і сыход старога году вартыя ўшанаваньня яловымі лапкамі.

Падыходжу да елкі. Новы год! У дзяцінстве заўсёды яго чакалі зь нецярплівасьцю. Гэта здавалася такім сьвятам, ну, такім сьвятам… Але праз гады бачыш, што і гэтае сьвята — проста яшчэ адна магчымасьць выбіцца са штодзённага жыцьця.

І нават стоячы бліз гэтай елкі, я заўважаю тое, чаго раней ня бачыў. Елка ў агароджы. Звычайна густыя дрэвы стараюцца абставіць якімі-небудзь шчытамі з малюнкамі на зімова-карагодную тэму: зьвярамі, казачнымі пэрсанажамі. Звычайная забаўка для гарадзкой дзятвы.

Аднак гэтая елка не такая. Яна — абнесеная агароджай. Як на магіле, падабенства да якой імкліва ўзрастае. І нават калядныя зоркі на слупках агароджы не замінаюць такой асацыяцыі. Адтаго больш кашчуннымі выглядаюць цацкі на ёлцы: мячы, якія круцяцца на ветры, зайцы й лялькі, прывязаныя за горла.

Каб хоць неяк адсланіцца ад усяго гэтага, я купляю ў мастака, які стаіць непадалёку, карціну: там выява нейкага старога. Дзіўна: у ёй пераважаюць цёмныя таны, але адчуваньня змрочнасьці няма. Прыйду дамоў — разгледжу больш падрабязна…

***

Стары. Звычайны стары: патрыярхальная барада, лысіна, незразумелае адзеньне. Ён схіліўся над кнігаю, таўшчэзным фаліянтам. Абапал ляжаць яшчэ кнігі, складзеныя ў два няроўныя стосы: левы вышэйшы, правы меншы. Святло, пры якім стары чытае сваю кнігу, вельмі бляклае. Нават нельга зразумець, чым асьветлены пакой: сьвечкай, газьніцай ці няяркай электрычнай лямпаю. Фантастычныя цені, паўсталыя за сьпінай старога, амаль зьліваюцца зь цемраю, якая пераважае наўкол.

Калі паспрабаваць хаця б прыблізна вызначыць эпоху, адлюстраваную на карціне, з гэтага, бадай, нічога не атрымаецца. Дый, зрэшты, хіба гэта галоўнае?..

Цяпер я меў два аб’екты для сузіраньня: вакно з паркам і карціну са старым. Парк у вакне і старога на карціне.

І калі мне рабілася невыносна цяжка, я ўжо мог не апдымацца да вакна, а, не пакідаючы ўтульнага фатэля, павярнуцца да партрэта.

Зь цягам часу, аднак, у мяне ўзьнікла адчуваньне, што стары чытае ўжо іншую кнігу. Гэта была такая — да жаху, да брыдкасьці — невыказная наслань, што пазбавіцца яе не ўдавалася. Я пераконваў сябе: "Дурань, там нічога не зьмянілася", — але з заміраньнем азіраўся на карціну.

Якая невымоўная жудасьць ахапіла мяне, калі я пабачыў, што правы стос на палатне неўпрыкмет пабольшаў, а левы гэтаксама няўлоўна зьменшыўся! Я пачаў даводзіць сабе, што жарцікі такога кшталту з партрэтамі — гэта паўтарэньне Гогаля і Ўайльда, што гэта "глюкі"… Аднак ня мог жа я ня верыць уласным вачам!

Праз пэўны час я звыкся зь дзівам, якое адбывалася ў маім жытле. Стары паводзіў сябе спакойна: з карціны нікуды не зьнікаў, у тыя моманты, як я на яго глядзеў, ён навогул заставаўся нерухомым. Кашмары я ня сьніў.

Вось і сёньня я глядзеў на карціну, калі мяне паклікаў гаспадар. Мне было прыемна сузіраць адлучаны ад вонкавай марнасьці сьвету твар старога. Ён чытаў, ён спасьцігаў сутнасьць рэчаў, і ягонае аблічча было надзіва прыгожым у сваёй засяроджанасьці.

Я адчуваў у старым роднасную душу: любоў да кнігі лучыла нас…

У гэты момант мяне і паклікаў гаспадар.

— На мой вялікі жаль, — сказаў ён, — я вымушаны вам адмовіць у далейшым пражываньні ў маёй кватэры!..

— Але я заплаціў грошы…

— Грошы я вярну, — перапыніўшы мяне, заявіў ён. — Паспрабуйце за тыдзень вызваліць пакой.

Я вярнуўся ў свой — пакуль яшчэ свой — пакой. "Паспрабуйце"… Гэта толькі так гаворыцца. А маецца на ўвазе — калі праз тыдзень ня зьедзеш сам, дык цябе папросту выкінуць на вуліцу.

Я наблізіўся да партрэта. Эх, стары, стары! Добра было табе, калі ў тваім жыцці не выпадала думаць пра такі бязглузды занятак, як пошук новага часовага кута… Ты меў магчымасьць спакойна гартаць фаліянты, седзячы здесь у Лёндане, Рыме, парыжы… У Парыжы!.. Манпарнас, Манмартар, Элісейскія палі…

Ці ня дзіва, што адна з самых вядомых мясцінаў парыжа носіць назоў "Элісейскія палі"? Элізій — царства мёртвых. А тут па ім рухаецца столькі жывых!.. І гэта зусім не даводзіць іх, жывых, да роспачы, хаця — мусіла б. цікава — а мёртвых? Ці не бянтэжыць іх прысутнасьць жывых на той тэрыторыі, якая нават па назьве мусіць належаць нябожчыкам? Але адказу на гэтае пытаньне дачакацца немагчыма…

Нейкая зьмена на карціне перапыніла мае думкі. Што здарылася?

Стары зрабіў ледзь улоўны рух рукой і падняў вочы ад кнігі. Ён глядзеў з партрэта, і твар яго быў спакойны й нерухомы — твар дасьледчыка, які назірае за экспэрыэнтам.

Сьвятла ў карціне паболела. Стары падняўся й пайшоў углыб. Раптам узьніклае на першым плане полымя засланіла ягоную паставу.

За нейкія паўгадзіны ўсё было скончана: у рамцы была толькі чарната. Страшным і немажлівым здаваўся нават дотык да таго, што яшчэ нядаўна называлася карцінай.

 



Отдых в Египте. туры в египет, просто.

Друкаваная версія: «Культура», № 40-41, 14 кастрычніка 1996 г.
Крыніца тэксту: тэкст атрыманы ад аўтара.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.