Беларуская Электронная Бібліятэка


ЛАРЫСА ГЕНІЮШ.

НАШ СЦЯГ.

 

Не слава Краю, ўздым магутны,
нат не шумелі мне сцягі…
Заместа іх звінелі путы
і цёмнай ноччу ланцугі.

Заместа водгулля Пагоні
яшчэ сягоння, як крумкач,
у набалелым сэрцы звоне
жанчыны беларускай плач.

Дзявочы твар, бляды ад жалю,
дзяцей спалоханы пагляд
і кроў братоў, што бунтавалі, —
я толькі гэткі знаю сцяг!..

За жар душы, што набалела,
за сэрца зораны агонь
я, Божа, чуць хоць раз хацела б
шум сцягу вольнага свайго.

Калі Крывіцкая Зямліца
мне сэрца гордае саўе,
а польны вецер расшуміцца,
на развітанне запяе, —

няхай разгорне свае крыллі,
як стораж вечнага жыцця,
хай зашуміць хоць на магіле
мне бел-чырвона-белы сцяг.

1942

 




Друкаваная версія: Геніюш Л. .
Падрыхтоўка тэксту — Юры Філіпаў.