Беларуская Электронная Бібліятэка
Цяжкія часы цяпер надыйшлі. Няма куды падацца савецкаму чалавеку, што бы той сабака ахоўвае дзяржаўны лад. Раней нехта вылае ўладу, а правадыроў пашле ў самае пекла або навет і далей. Раней нехта пагрозіць, кулакі сьцісьне, патрасе імі, яшчэ хтосьці іншы дадасьць аб тым, што прыйдзе час і зь імі разьлічыцца, або хоць сплыве ад злосьці. Было раней!.. А цяпер? Э-эх!
Апанавалі Палона Чушкова гэткія думкі. Няма яму ад іх ратунку ні ўдзень, ні ўначы. Працаваў ён памачніком галоўнага бугальтара на хвабрыцы "Госшвэймашына". Мясьціна не асабліва зайздросная, плацяць ня шмат, але ўсё-ж болей, чымся звычайнаму работніку. Заўсёдныя балянсы, рахункі, справаздачы. Ані табе падвышэньня, ані ў стаханаўцы, ані ў перадавікі, ані навет на чырвоную дошку. Асабіста-ж камплекцыя аніяк не дазваляла зьмяніць працу. Маленькае, суглобае й кволае цела, ня ў меру даўгія рукі, крывыя ногі. Ну, які тут выйдзе стаханавец? І даводзілася таму трымацца пам-бугальтарскага крэсла.
А жыць трэба. Жонка, трое дзяцей, цешча - выдаткі, што ні казаць. Дый выпіць Палон быў ня дурань, яшчэ ад бацькі, санкт-пецярбурскага калескага рэгістратара, навучыўся. Усё-ж канцы з канцамі ён заўсёды сьцягваў. Навет ладнага заставалася. А хацелася яшчэ больш грошай, хацелася славы, хацелася, каб на ягоных птушыных грудзёх зазьзяў "Знак Пачоту" за выкананьне загадаў партыі і ўраду. Падслуханае слоўца, што міжволі зырвецца з вуснаў падбітага бядою суседа ў працы ці кватэры, ды яшчэ апрацаванае ды ў дадатак павялічанае дзеля большае важнасьці, данясе Палон у вадну адмысловую ўстанову. А там і грошай дадуць і гарэлкай пачастуюць і па плячы палопаюць: "Маладзец, наш чалавек". Каб там плацілася вельмі шмат, дык не, якіх рублёў 50 ад асобы, але яшчэ дзясятку-дзьве за спэцыяльныя выдаткі падкінуць, - усё-ж грошы, што ні казаць.
Аднак, што тут доўга гаварыць, працаваў Палон Чушкоў сэксотам Варашылаўскага раёну Менскага НКВД. Першыя часы яму лягчэй было працаваць, але чым далей, дык цяжэй. Людзі вылоўліваліся, вывозіліся, сусед баяўся зайсьці да суседа й пагутарыць, знаёмыя высьцерагаліся сустрэчаў на вуліцы, сваякі сваякоў цураліся, дзеці бацькоў выракаліся, навет чалавек із жонкай пры чужых не лаяліся. Суседзі ў працы й кватэры не глядзелі Чушкову ў вочы, усяляк унікалі размоваў зь ім ды паглядалі на яго спады-лба - відаць, аб чымсьці здагадваліся. А ў сталоўках і піўнушках людзі незнаёмыя паміжсобку мала гутараць, толькі твары пахмурныя ды часам хто зубамі скрыгане, а каб якое слоўца, дык быццам вады ў рот набралі. Вось і злаві тут ворага народу!
І даводзілася Палону Чушкову самому вынаходзіць, каб выканаць заданьне начальства. Залежала гэтае вынаходцтва ад розных прычынаў і абставінаў: ці то знаёмы не пачаставаў гарэлкай, ці суседка пасварылася з жонкай, ці то што-небудзь па суседзтву дагледзіць падазронае. Але й з вынаходніцтвам гэткім далёка не паедзеш. Вось хаця-б усяго тры тыдні таму ён уляцеў у НКВД з даносам пра выбух вадаправоднай трубы ў суседзкім жылгорсавецкім доме, гаспадарку якога кіраваў адэсыт Лявон Рыжык. Аж выявілася, што Лёнька (ня дарма ён з Адэсы-мамы паходзіць) быў у НКВД таксама сваім чалавекам, а таму лёгка давёў, што да гэтага выбуху спрычыніўся ня ён, а Параска Зарэцкая - жонка вывезенага раней ворага народу. Скончыўся канфлікт параўнальна шчасьліва: паабяцаў толькі Лёнька наступным разам павыбіваць усе зубы.
He! Апошнім месяцам Палону Чушкову аніяк не шанцуе. Ягоны шэф, другі заступнік начальніка раённага НКВД, лейтэнант дзяржаўнае бясьпекі таварыш Сідараў ставіўся да яго чым далей, тым усё больш сьцюдзёна й недаверліва.
- Качаеш, качаеш, таварыш Чушкоў, цяпер! У драбніцах заблытаўся, а галоўнага ня бачыш! Забываешся на тое, аб чым вучыць дарагі наш настаўнік таварыш Сталін: вораг зьмяніў цяпер тактыку, зашыўся ў самае нутро. Адтуль яго трэба выкалупваць. Мэтады трэба зьмяніць, Чушкоў, больш пільнасьці й адданасьці!
- Я стараюся, таварыш памнач, але вельмі ўсе маўчаць і мяне высьцерагаюцца.
- Кансьпірацыю трымаць няздатны. Трэба ціхой сапай пад іх падпаўзаць.
- Пастараюся, не пашкадую маіх сілаў, каб заслужыць давер нашай партыі, дарагога таварыша Сталіна і НКВД.
- Во-то-таж! Нешта ня відаць апошнімі часамі твайго стараньня. Глядзі сам!
- Тут вось пра гутарку запісана,- Палон пачаў поркацца ў кішэнях,- мае суседкі Ганна й Марыля лаялі новыя патэльні, а заадно савецкую індустрыю й сталінскія пяцігодкі. Агітацыю супраць сацыялістычнае ўлады вядуць. Наагул, гэта вельмі небясьпечныя асобы для ленінскае партыі й таварыша Сталіна.
- Лухта! Няма нічога небясьпечнага, але ўсё-ж давай, мы зацікавімся.
- Як-бы троху грошай, таварыш лейтэнант,- жонка ў мяне, дзеці, цешча, выдаткі на трамвай...
- Толькі дарэмна грошы дзяржаўныя на цябе пераводзіш,- і выкінуў тры паперкі з лысай галавой Леніна. - Але пачакай - дам важнае заданьне.
Палягала гэтае заданьне ў тым, што сьлёсар чыгуначнага дэпо Максім Каралевіч ужо даўно значыўся ў энкавэдэшным сьпісе як падазроны, але быў хітры й ніяк не трапляў у сэксотаўскія нераты. Арыштаваць, зразумела, адразу можна, а тут калі частаваць селядцамі ды не даваць вады, дык ён усё на сябе наверне й падпіша, але для людзкога вока патрэбная ўсё-ж прычапка.
- Пастараешся, таварыш Чушкоў, дастанеш яшчэ больш,- сказаў на разьвітаньне Сідараў.
За два тыдні Палон паабяцаў даставіць усе довады шпігунства, антысавецкае агітацыі й кантрэвалюцыйнае дзейнасьці Максіма Каралевіча. І вось ужо другі тыдзень канчаецца, а довадаў ніякіх няма. Чушкоў, праўда, пазнаёміўся з Каралевічам, колькісь разоў гутарыў зь ім на вуліцы, запрашаў да сябе, а раз навет быў на ягонай кватэры. Сям'я Каралевічаў, аднак, трымалася напагатове. Яны ахвоча гутарылі пра надвор'е, пра сушэньне й зьбіраньне грыбоў, пра шпакоў, пра шчупакі й кропка. Страчаныя дзьве дзясяткі на маскоўскую гарэлку ў сталоўцы ня прынесьлі аніякіх вынікаў. Максім Каралевіч піць піў і за кажным кілішкам толькі твар цямнеў ды вочы неяк паасабліваму блішчэлі. На кручкі свайго аднапляшніка або адмоўчваўся, або зварочваў гутарку на іншую тэму. Нарэшце, сяньня ўвечары, пасьля пятае шклянкі, Каралевіч перагнуўся цераз стол і, гледзячы нярухомымі вачыма на спалоханага Чушкова, праз зубы папытаўся:
- Ты чаго прычапіўся да мяне?
- Ды вось выпіць разам,- замармытаў Палон,- заліць гора й бяду нашую ў гэтыя найцяжэйшыя часы.
- Найцяжэйшыя часы? Га?- І раптам, узьняўшыся на ўвесь рост за сталом, Каралевіч крыкнуў: - Дык ты тут антысавецкую прапаганду вядзеш? Ах ты, ко-онтра! Ах ты, трацкісты!
І з усяе сілы цяжкой сьлясарскай рукой заляпіў Палону ў вуха. Той, быццам корак із пляшкі, паляцеў аж пад другую сьцяну. Узьняўся крык, вэрхал, адразу, нямаведама скуль, у дзьверах зьявіліся два міліцыянеры.
- He пацярплю, не дарую, каб лаялі нашую дарагую ўладу! - крычэў Каралевіч.- Сьмерць ворагам народу! Лавеце, трымайце яго, вось ён! Галоўны агент і замежны шпег! Капіталістычная гідра!
Палон спрабаваў прававацца (нельга-ж пры ўсіх паказваць міліцыянерам сваё пасьветчаньне з НКВД), але яму не далі гаварыць, закруцілі назад рукі, пачаставалі моцнай аплявухай, паставілі ліхтара пад вока й павалаклі на вуліцу.
- He чапляйся, гад, да савецкіх людзей! - крыкнуў яму наўздагон Каралевіч і сеў дапіваць палонаўскую пляшку ды чагосьці наўпрыцям усьміхаўся.
Памацваючы добрыя гузакі на лобе, Палон із страхам чакаў сустрэчы із сваім шэфам. Выслухаўшы ўвесь прабег здарэньня, лейтэнант дзяржаўнае бясьпекі Сідараў з лаянкай накінуўся на сэксота:
- Ідыёт, крэтын! Усю справу спаганіў! Цяпер і другому ня будзе доступу да яго! - крычэў памнач проста ў зьбялелы твар Чушкова.- Працаваць ня можаш або сьведама ня хочаш! Грошы толькі дзяржаўныя на цябе пераводзім!
Палон, зайкаючыся, прысягаўся, што неўзабаве давядзе вінаватасьць іншых, што пастараецца як сьлед перад партыяй і таварышом Сідаравам.
- Ну, апошні раз! Паглядзім, што зь цябе будзе далей,- грозна закончыў энкавэдысты, але грошай даць гэтым разам адмовіўся.- Няма зашто - не зарабіў!
Ізь сьціснутым ад тугі сэрцам пакідаў Чушкоў будынак НКВД. Доўга й бяз сэнсу блукаўся па вуліцах, прыйшоўшы дамоў пасварыўся зь цёшчай, пабіў жонку, а ўвечары другога дня зайшоўся ў піўнушку, каб заліць сваё гора. Із сумным тварам сядзеў адзін за сталом, паглядаў на бакі й памалу цадзіў праз зубы саракаградусную, заядаючы яе напаўгнілой і сьмярдзючай камсой. Раптам да ягонага стала падыйшоў прысадзісты, але вёрткі чалавек.
- Можна да вас? - папытаўся, і не чакаючы адказу, прысеў насупраць.- Я вось сяджу адзін, пабачыў вас дый думаю, дай падыйду, у кумпані весялей. Палон Чушкоў нічога не адказаў.
- Бачу, сумныя вы нешта. Сямейнае няшчасьце, бяда? Ды ў каго цяпер няма,- дадаў ужо паціху. Палон натапырыў вушы.
- Так, так,- паўтарыў ён за сваім нечаканым суседам,- бяда наўкол. Няма чаго весяліцца. Што дзень, дык горай.
- Праўду, праўду кажаце, прыяцель. Цяпер вельмі блага зрабілася. Толькі мне й радасьці, што вось гарэлкаю душу павесяліш.
Слова за словам і пазнаёміліся, моцна паціскаючы адзін аднаму рукі. Незнаёмы зваўся Іван Кудзелькін. Ахвоча ўзяўся частаваць Чушкова. "Для добрага чалавека ня шкода, a цяпер сустрэць такога шчырага цяжка".
- Вып'ем за сяброўства,- узьняў кілішак Іван Кудзелькін.- Цяперашнім часам шмат значыцца - добры сябра. Бо людзі баяцца адзін аднога,- і сплюнуў на падлогу.
- Але, але. Немагчымае жыцьцё,- ківаў галавою Палон. Радасна тымчасам думка спавіла яго: "бярэ! бярэ!"- і ўголас дадаў: - А змушаюць дзякаваць ураду й партыі за шчасьлівае жыцьцё!
- Ды яшчэ й мудраму бацьку народаў,- захіхікаў над самым вухам Кудзелькін,- гэтаму недавучанаму грузінскаму шаўцу.
- Каўкаскаму рабому ішаку,- паправіў Чушкоў.- У такой прыязнай сяброўскай гутарцы не агледзеліся, як праляцелі дзьве гадзіны. І пад канец гэтае гутаркі яны ўжо шэптам адзін аднаму пераказвалі пра нямінучасьць паўстаньня.
- Аднак мне пара ужо дадому,- першы ўзьняўся новы прыяцель.- Бывайце. Думаю, што яшчэ сустрэнемся.
- Бывайце, бывайце! Дзякую за пачастунак,- адказаў Чушкоў.
Шчакаўшы часіны тры-чатыры, Палон выйшаў таксама і, мала ня подбежкам, пусьціўся па ходзішчы. Ужо каля самога будынку НКВД сустрэў двох энкавэдыстых, што, згледзеўшы яго, сказалі:
- Га-а-а. Стары знаёмы! Цябе во нам і трэба. Сьледуйце за намі!
- Я й сам іду да таварыша Сідарава,- праказаў Чушкоў.
- Ён цябе хоча бачыць таксама,- з усьмешкай у голасе адказаў адзін з энкавэдыстых.
Памнач быў заняты. За пару часінаў зь ягонага габінэту выскачыў з радасным тварам Кудзелькін, трымаючы ў руках колькі новых дзесяцірублёвак. Наўздагон яму пачуліся з габінэту знаёмыя словы:
- Маладзец, старайся. Мы цябе маем на лепшым рахунку.
Прабягаючы паўз Чушкова, Кудзелькін акінуў яго сьцюдзёным абыякавым позіркам і перш, чымся шмыгануць паўз вартавых на вуліцу, сказаў: - Калі ты заяц, дык ня лезь у сэксоты. У Палона нешта ёкнула ў сярэдзіне й абарвалася. "Гіну, засыпаўся",- мільганула думка, а па сьпіне прапаўзьлі халодныя мурашкі аж да самых пятаў.- А ну, давай! - гэркнуў адзін з энкавэдыстых. Пераступаючы парог знаёмага ад колькі год габінэту, Чушкоў нясьмела спыніўся каля дзьвярэй. Ен пабачыў, што ўсьмешка адразу зьнікла з твару лейтэнанта бясьпекі, вочы ў яго звузіліся, вусны сьцяліся.
- Дык вось які ён, таварыш сакрэтны сатруднік Чушкоў,- мякенька, па-кацінаму пачаў Сідараў.- За грошы савецкае ўлады? - тут у яго голас перарваўся й з кацінае ноткі пачаў зыходзіць да зьмяінага шыпу: - Пад плашчыкам НКВД ды такія словы на сьвяшчэнную партыю й на самага любімага й на самага мудрага ў сьвеце?.. Ах ты гніда! Ах ты чарвяк з контрэвалюцыйнай ямы! Да паўстаньня заклікаць? Га?!
Тут былы шэф прыўзьняўся за сталом і грозна ўставіў нязьмігутныя вочы на Чушкова.
"Першы не пасьпеў... загінуў... вось ён, канец",- маланкаю бліскалі думкі. Застукала кроў у скронях, задрыжэлі ногі.
- Ды я-ж нічога... Каб я на дарагога... на мудрага Вісарыёна Ёсіпавіча... на Ёсіпа Вісарыёнавіча...
- Гавары, гавары далей, контра!
Пот выступіў на лобе й шыі ў Палона.
- Я-ж так аддана служыў... Буду служыць... Пастараюся... Жонкі й дзяцей не пашкадую... Выканаю й перавыканаю... Я слухаўся вашых інструкцыяў... Вы-ж так вучылі ворагаў лавіць...
- Каво? - выпрастаўся на ўвесь рост памнач.- Я цябе вучыў падрыву савецкай улады й партыі? Я цябе вучыў сквернасловіць на даражэйшага правадыра? А ну-бо, галубок, паўтары яшчэ раз тое, што ты мне закідваеш? Ды бліжэй, бліжэй падыйдзі! Ня бойся!
Палон задам міжвольна падаўся назад. Але спрытна схоплены за каўнер спрактыкаванай рукой разанскага пралетара й падданы каленам, стрымгалоў паляцеў да стала. Ці то штуршок быў замоцны і не разьлічаны на кволае цела сэксотава, ці то коўзкая падлога, ці тое і другое разам, але досыць таго, што Палон не затрымаўся на адпаведнай воддалі ад стала й лучыў галавой проста ў зубы энкавэдыстага.
Твар у Сідарава з чырвонага стаўся сінім, пасьля зьзелянеў, потым зьбялеў і нарэшце застаўся шэра-папялястым. Вочы ледзь ня выскоквалі з арбітаў, з разьбітае губы цякла кроў.
- А-га-а?! Дык ты яшчэ драцца?! Рабяты!!! - рыкнуў несамавітым голасам,- узяць яго ў работу!
He пасьпеў скончаны сэксот мігнуць вокам, як адразу стаўся мячыкам у замкнутым энкавэдэшным трыкутніку, які абваліўся на яго спачатку кулакамі, а пасьля й падкаванымі цяжкімі ботамі.
За пятнаццаць часінаў Чушкова з падбітым вокам, раструшчаным носам, бяз трох зубоў і двох рэбраў, з адбітымі печанцамі павалаклі да камары. Адным, яшчэ незапухлым вокам ён пасьпеў згледзець, як вялі яму насустрач у пакой сьледчага Ганну й Марылю, ягоных суседак. Ганна ледзь толькі пазнала Чушкова, а пазнаўшы з пагардай сказала Марылі:
- Сабаку сабачая сьмерць.
2.7.1951.
Друкаваная версія: «Спадчына». Менск. 1997, № 1 (перадрук з часапіса «Конадні». 1954, № 2).
Тэкст у электронным выглядзе — Стары Троль.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.