Беларуская Электронная Бібліятэка


УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ.

НАВАТ СЦЮЖНЫМ ЗІМОВЫМ ВЕЧАРАМ…

 

Нават сцюжным зімовым вечарам
Або ў восень, як зліва лье,
Як цябе я на вуліцы стрэчу —
Падгінаюцца ногі мае.

Што казаць пра майскае ранне,
Калі ў росах салоўка б’е?
Што скажу я табе, каханы?..
Падгінаюцца ногі мае.

Што скажу са сваёй гаротай?
Хаты побач, а …
                             кроч не кроч,
Будзе тое ж:
                     салоўка, журбота,
Цыгарэты агенчык ля плота
І маўчанне ў цёплую ноч.

Будзе тое ж:
                     Начныя лукі
Без світання.
                      Салоўка пяе.
Пакахай жа, вазьмі на рукі —
Падгінаюцца ногі мае.

 




Друкаваная версія: Караткевіч У. Збор твораў. Т. 1. Мінск, 1987.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.