Беларуская Электронная Бібліятэка
Глядзі - Антон Луцкевіч. 25 марца 1918 году.
Шаноўны пане Рэдактару!
У артыкуле п. Ант. Луцкевіча «25 марца 1918 г.» («Наша Думка», № 12) ёсьць маленькая абмылка, якую не адмоўце паправіць у інтарэсах гістарычнае праўды. У часе спрэчак у Радзе Рэспублікі ўночы з 24 па 25 сакавіка 1918 г. на пытаньні аб аглашэньні Беларусі незалежнаю да беларускіх аратараў далучыўся сваёю гарачаю прамоваю ў духу незалежнасьці прадстаўнік жыдоўскае партыі сацыялістых-сыяністых, але прозьвішча яго не Мар’ясін, а Мац, сябар Віцебскае арганізацыі С.С. Прадстаўнікоў эсэсаў было тры ў Радзе Рэспублікі: Мац, Мар’ясін і Гутман (апошні былы Таварыш Старшыні Народнага Сэкратарыяту (Я.Варонкі). Мар’ясін і Гутман стаялі за фэдэрацыю з Расеяй і такім чынам трэйці іх таварыш Мац адкалоўся ад іх, але, галасуючы, як партыйны чалавек, мусіў пакарыцца іх большасьці, аб чым і заявіў пры галасаваньні. Дзе цяпер тав. Мац - невядома. Мар’ясін, як і бундаўцы, у часе наезду быў нейкім маленькім камісарам і наўрад ці заслужвае папасьці ў Беларускую гісторыю.
Прымеце, пане Рэдактару, шчырую пашану.
Друкаваная версія: «Спадчына». Менск. 1997, № 1 (перадрук з газеты «Наша Думка». 15 красавіка 1921 г. № 15). Публікацыя Ўладзімера Ляхоўскага.
Тэкст у электронным выглядзе — Стары Троль.
Тэкст у фармаце html — Ліцьвінскі Зубр.