Беларуская Электронная Бібліятэка


ЯГОР НОВІКАЎ.

УГОРСКІЯ ЗАМАЛЁЎКІ.

УГОРЦЫ.

Калі прыязджаеш ва Ўгоршчыну, першае, што кідаецца ў вочы — гэта сум і асуджанасьць на твары кожнага сталага чалавека. Угорцы нават рухаюцца неяк запаволена, нібы ў сьне. Здаецца, нехта высмактаў зь іх жыцьцёвую сілу. Кажуць, гэта ў крыві ва ўсіх фіна-ўгорскіх народаў. Ва ўгорцаў, фінаў і эстонцаў самы высокі ў Эўропе ўзровень самагубстваў. Таксама прыгадваецца, што старадаўнія чудзіны (тэж блізкія сваякі ўгорцаў) у часы нягод самі закопваліся жыўцом у зямлю. А фіна-угры ж жылі і па-над Дзьвіной ды былі асіміляваныя славянамі…

ДЗЕЎКІ І ХЛОПЦЫ.

Ва Ўгоршчыне высокія, дужыя хлопцы і прыгожыя, прывабныя дзеўкі. Ня так мадэльна прыгожыя, як дзеўкі зь некаторых балотных краін, але нашмат больш гарачыя ды пажаданыя. У мэтро і на вуліцах закаханыя цалуюць і лашчаць адзін аднаго вельмі адкрыта. Мусіць, яны проста хочуць ухапіць свой момант жыцьця, пакуль няўмольны час і халодная фіна-ўгорская кроў не ператворыць іх у звычайных сталых угорцаў са змрочнымі і асуджанымі тварамі.

Гэтак экстатычна рухаюцца, уздымаюцца і наліваюцца сілай стрэлкі гадзіньніка, каб зьліцца у салодкім траньсе у вышэйшай кропцы — на лічбе 12 і зноў апусьціцца ў глыбіні роспачы да паловы шостай. Потым адбудзецца наступны уздым, але ён адбудзецца па-ўгорску марудна. Празь дзесяцігодзьдзі, у наступным пакаленьні.

МАРГІНАЛЫ.

Стагодзьдзі асіміляцыі выцерлі большасьць сьлядоў азіяцкага паходжаньня з твараў угорцаў. Але часам можна пабачыць у вачох рэспэктабельнага бізнэсоўца адлюстраваньне шэрага неба, павіслага над Уральскімі гарамі, ці прачытаць жудасныя скавытаньні крывавых прыволскіх стэпаў у вачох прыгожай дзяўчыны. Але часьцей за ўсё гэта можна пабачыць у вачох гарадзкіх маргіналаў. Здольнасьць да сапраўднае ўсходняе гасьціннасьці і да акрутнага і здрадлівага злачынства.

З тэрасы бара, дзе я сяджу, добра відаць купку гарадзкіх падонкаў на шэрай, бруднай вуліцы. Усеўшыся ў кола і пасмоктваючы цёплае піва з пляшак, яны нешта абмяркоўваюць. Шмат такіх брала ўдзел у падзеях 1956 года, не надта разьбіраўшыся, на чыім баку лепей ваяваць ды задавальняць свае дзікія інстынкты. Так і ўяўляецца: вунь на гэтым старасьвецкім ліхтары яны павесілі паліцыянта, на наступным — сакратара райкама. Вось з гэтага бара яны выцягнулі гаспадара, і папароўшы яго прыкладамі стрэльбаў, раўлі: «Учора тут у цябе сядзелі камуністы! Жыць хочаш? Тады даставай віно!». 1956 год мінуў. Вочы засталіся.

ГАСЬЦІННАСЬЦЬ І ВАРОЖАСЬЦЬ.

Калі доўга жывеш ва Ўгоршчыне, краіна паступова паварочваецца да цябе сваімі супрацьлеглымі бакамі, як медаль на стужцы. Угорцы, мусіць, адзін з найгасьціньнейшых народаў сьвету. Але часам, імкнучыся зрабіць сваю зямлю вабнай для іншаземцаў, яны несьвядома пагарджаюць сваім. Гэтак можна марна прайсьціся уздоўж чарады дарагіх рэстаранаў самых розных нацыянальных прыналежнасьцяў ды абрыдлівых «Мак-Дональдсаў» ды так і не знайсьці сапраўднага ўгорскага гуляшу.

Але тымчасам можна пабачыць і выключны ўгорскі патрыятызм, які, як і гасьціннасьць, можа перайсьці ў скрайнюю ксэнафобію. Гэта адчуваецца па непрыхільным стаўленьні да іншаземцаў угорскага пэрсаналу ў офісах, імкненьні прадаўцоў ашукаць іх.

Чаму ўгорцы так лёгка ўспрымаюць чужое? Ці не таму, што прайшоўшы шмат краін і заваяваўшы сваю цяперашнюю зямлю яны навучыліся пераймаць звычаі розных народаў? Чаму яны ставяцца так непрыхільна да іншаземцаў? Ці не таму, што ўсё яшчэ баяцца сваю зямлю страціць?

ІНШАЗЕМЦЫ.

Да іншаземцаў ва Ўгоршчыне ставяцца холадна, бо ва ўгорцаў складаная гісторыя узаемадачыненьняў зь іншымі народамі. Людзі з народу, што займае цяпер уральскую прарадзіму ўгорцаў, дабраліся і да іх цяперашняй краіны. У сярэдзіне мінулага стагодзьдзя яны прыязджалі сюды на баявых конях, у сярэдзіне гэтага — на танках. У нашы часы — на дарагіх самаходах. Яны запаўняюць стрыптыз-бары, дзе паводзяць сябе нахабна. Угорцы ж адыграюцца на ўсіх: ангельцах, амэрыканцах, французах. І беларусах.

ТАЛЯРАНЦЫЯ.

Калі аўстрыйскія войскі вызвалілі ад турак паўднёваўгорскае места Печ, у мясцовай мячэці не засталося прыхаджанаў. Таму яе перарабілі на касьцёл. Паставілі ўнутр альтар, нічога больш не зьмяніўшы. І сёньня яшчэ заходзяць хрысьціяне і зь цікаўнасьцю разглядаюць на сьценах словы прарока Мухамада, пісаныя арабскімі літарамі.

КРЫЖЫ.

Як набліжаецца час вяртання на радзіму, вока мімаволі адзначае навокал любую дэталь, якімсьці чынам зьвязаную зь Беларусьсю. Надоўга застаецца ў памяці крыж сьвятога Іштвана, нябёснага заступніка Ўгоршчыны, што ўздымаецца па-над многімі касьцёламі ды красуецца на дзяржаўным гэрбе. Нейкім чынам гэты падвойны крыж выглядае дакладна як крыж на шчыце Пагоні. І раптам думаецца: ці ж гэта нагадвае пра Беларусь? Ці можна пабачыць падвойны крыж на нейкай беларускай бажніцы ці на дзяржаўным гэрбе? Не, хутчэй гэта нагадвае мару пра Беларусь. Сон.

БАТОРЫ.

Знаёмы ўгорац зь Сямігродзьдзя, які правучыўся год у Будапэшце, уздыхае: «Трэба вяртацца дадому. Хоць тут я вучуся па-ўгорску, маю шанц знайсьці добрую працу. Дома, вядома, такога ня будзе, румыны не сустрэнуць кветкамі і авацыямі. Але не магу я заставацца тут. Для мяне гэта ўжо чужая краіна — халодная, наскрозь прадзіманая усімі вятрамі. Ты б ведаў, як у нас, у Сямігродзьдзі, утульна і міла». Ведаў бы я… Але справа не ў выбары паміж угорскім стэпам і маляўнічымі узгоркамі Сямігродзьдзя са старадаўнімі замкамі. Проста завяршаецца чарговы цыкл жыцьця і надыходзіць час вяртаньня — вяртаньня на радзіму.

І таму за некалькі дзён да адлёту ў Менск я іду да помніка яшчэ адному угорцу зь Сямігродзьдзя, якога я ведаю даўней і лепей за таго студэнта — Батораму. Стэфан змрочна глядзіць на няўтульны сквэрык з некалькіх чэзлых кустоў і крывыватых дрэваў. Зразумела, ён бы пачуваўся нашмат лепей дзе-небудзь у родным горадзе, Калажвары ці Гародні. Аднак румыны, якія ўпарта мянуюць Калажвар Клужам, ня надта цікавяцца постацьцю нейкага мадзяра, а другая яго радзіма ня тое, што не чакае нікога з замежжа, але была б вельмі радая пазбавіцца і сваіх, хто яшчэ засталіся, і самым сваім існаваньнем парушаюць балотна ціхае жыцьцё «маладой дзяржавы». Але ня толькі незадаволенасьць праступае на Баторавым твары, але і спакойная ўпэўненасьць, якая перадаецца і мне. Бо вяртаньне будзе.

Будапэшт — Менск
1998

 




Друкаваная версія: «Студэнцкая Думка», 1999, № 4.
Тэкст атрыманы ад аўтара.
Падрыхтоўка html — Ліцьвінскі Зубр.