Беларуская Электронная Бібліятэка
Пазнаем і разумеем гісторыю мы праз словы, і ад дакладнасьці назваў залежыць адэкватнасьць нашых ведаў. Нездарма гістарычная тэрміналёгія ў кожнага народу пад асаблівай увагай. Парадкаваць яе некалі давядзецца і беларусам. Акурат пра гэта гаварылася ў самым першым нумары адроджанай "Нашай Нівы". Тады прыводзіліся канкрэтныя прыклады і прапаноўваліся крытэры адбіраньня адпаведных назваў. Сёньня ў працяг тэмы — пра "крыжакоў".
Слова "крыжак" цяпер у нас спрэс выкарыстоўваецца як у навуковай (за рэдкім выняткам), так і ў мастацкай літаратуры. Пры гэтым "крыжакамі" называюць усіх, хто калі належаў да рыцарскіх ордэнаў. Што ў Палестыне, што пад Рыгай, што ў Прусіі — паўсюль "крыжакі". Аднак гэта чыста польскі гістарычны тэрмін з канкрэтным гістарычным зьместам. У польскай традыцыі "krzyzak" — той, хто належыць да рыцарскага ордэну Сьвятой Дзевы Марыі, які асеў у ХІІІ ст. на Вісьле і быў вядомы як Тэўтонскі, Нямецкі, або яшчэ, ад тэрыторыі, — Прускі. Яго рыцары насілі белыя плашчы з чорным крыжам, адсюль і назва. Падкрэсьлю, Крыжацкі ордэн — гэта польская ўласная назва згаданага ордэну. Рыцараў з ордэну Мечаносцаў, што аселі на Дзьвіне, або, прыкладам, Тампліераў, ніхто ніколі "крыжакамі" не называў. Пры гэтым для палякаў слова "крыжак" з часоў Длугаша мела выразна антынямецкую афарбоўку, што вынікала зь іх векавой варажнечы.
Вось жа ў нас традыцыя была крыху іншай. Само слова "крыжак" не ўжывалася. У летапісах ордэн называлі "Нямецкай зямлёй", "Немцамі", "Прускай зямлёй", а рыцараў — "немцамі", "немчынамі". І ў актавых матэрыялах "крыжакоў" не спатыкаем. Гэтае слова стала фіксавацца ў нашай лексыцы толькі з ХVІІ ст., акурат з пачаткам палянізацыі, але да ХХ ст. сустракалася выключна рэдка.
Без адмысловага досьледу цяжка сказаць, калі ж "крыжакі" трывала прапісаліся ў нашай мове. Ні Доўнар-Запольскі, ні Станкевіч, ні Захарка, ні Найдзюк, ні многія іншыя аўтарытэты словам гэтым яшчэ не карысталіся. Яно ўвайшло ў шырокі ўжытак пасьля апошняй вайны. Прынамсі ў БелСЭ і шасьцітамовым тлумачальным слоўніку беларускай мовы "крыжак" ужо атаясамляецца з "крыжаносцам" (удзельнікам крыжовай вайны). Выглядае, што гэты палянізм трапіў у нашыя слоўнікі ў гады найбольшай русіфікацыі краю.
Запазычэньне само па сабе — зьява нармальная. Аднак у гэтым выпадку мы займелі безаглядную кальку, гістарычны сэнс якой сфальшаваны. Уласнае найменьне канкрэтнага ордэну ператварылі ў назву агульную і перанесьлі на ўдзельнікаў крыжовых выправаў увогуле. Ясна, што падобная непавага да гістарычнай тэрміналёгіі можа заблытаць кожнага, хто шукае праўдзівых сьлядоў мінуўшчыны.
Друкаваная версія: «Наша Ніва», 1998, № 12.
Крыніца тэксту: Інтэрнэт-старонка газеты «Наша Ніва» (members.nbci.com/Nasa_Niva/).
Карэктыроўка html — Ліцьвінскі Зубр.