Беларуская Электронная Бібліятэка


ГЕВОРГ ЭМІН.

НА ЛУЗЕ ТРОЕ….

З армянскай. Пераклад Язэпа Семяжона.

 

На лузе трое.
Трое ў сарафанчыках.
Адна, як пышны венчык адуванчыка.

(О свет іх мар! —
Вясёлка пры пагодзе.
І ўвесь іх сум як прыйдзе, так і пойдзе.)

Тры прыгажуні.
На купанні, голыя.
Адна з іх пад зарой здаецца полымем.

(О мудрая прырода!
Цнотна, ў цэласці,
Ты беражэш свой плод да поўнай спеласці.)

Тры маладзіцы.
Вось адна нагнулася,
Адчула штось і млява здрыганулася.

(О круг жыцця!
У кожнае імгненне
Ты таямніча творыш абнаўленне.)

А дзеці спяць.
І сняць у снах удачы.
На росны луг кладзецца след дзіцячы.

 




Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1972. Мінск, 1972.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.