Беларуская Электронная Бібліятэка


ЗДРАЎКА КІСЕЎ.

РЫСЫ.
(Цыкл вершаў).

З балгарскай. Пераклад Алеся Разанава.

 

*

Не, не хачу вяртацца
ў мясціны маленства,
каб часам не затаптаць
сваімі вялізнымі гамашамі
сляды сваіх босых ног.

*

Там, на краёчку даху
два галубкі мілаваліся неспатольна.
Ах, калі нават маеш
крылы — каханне, мабыць,
усё ж саладзейшае над бяздоннем.

*

Раніцай зацвілі
неспадзявана дрэвы —
і птушкі знайсці не змаглі
схаваных у кіпені кветак
гнёздаў.

*

Глядзі, вунь гуляюць дзеці —
І ў кожным дзіцяці
дрэмле цішком чарада людзей,
якія чакаюць пары свайго ўвасаблення.

*

Нібы ў лабірынце Тэзей,
пакідаем
услед за сабой разнастайныя знакі —
бы сапраўды спадзяёмся, што калі-небудзь
зможам вярнуцца назад.

*

Не радуйцеся, што я падаю.
Час ад часу
птушка таксама складае крылы,
каб рынуцца долу
з адоленай вышыні.

*

Сейбіт руплівы, позна
я зразумеў, што сеяў
на камені — і вось глеба
цяпер узіраецца прагна ў мае
парожнія рукі.

*

Буду цябе ўцелясняць у кожнае слова,
каб стала яно трывалым і векавечным, —
так замуроўвалі колісь
нявестаў сваіх майстры
ў падмуркі замкаў і вежаў.

*

Вечар. Сланечнікі апускаюць
стомленыя галовы.
А можа, яшчэ ўсё шукаюнь сонца,
якое ўжо недзе ўнізе,
у тым паўшар’і зямным.

*

Калісьці, ў дзяцінстве,
у кожным дрэўцы
бачыў я мачту заўтрашняга карабля,
цяпер у ім бачу толькі
заўтрашні крыж.

*

Я шукаў цябе ўсё жыццё,
а калі напаткаў —
убачыў,
што сам згубіўся.

*

Чым больш я пішу,
тым даўжэе
і тым цяжэе
ланцуг маіх слоў.

*

Нават на самай дасведчанай карце
не ўбачыш рэчак,
што выцякаюць
з вачэй мацярок.

*

Я жыў як над безданню кветка,
а навакол
усе заўважалі альбо толькі кветку,
альбо толькі бездань.

*

Стукае па дарозе
посах дажджу:
праходзіць
воблака, як сляпы
вандроўнік.

*

Па-змоўніцку зоркі
падміргваюць мне,
калі
я пазіраю на іх, —
быццам я таксама
ведаю тое, што і яны.

*

Усе свае слёзы
камень
употайкі выплакаў,
покуль стаў
халодны і цвёрды.

*

Я быў тады
гэткі сцярожкі,
што нават самога сябе
асцярогся пазнаць
між тысячы незнаёмцаў.

*

Восень,
бы ў логаве звер,
замірае
і чуйна
слухае скрытныя крокі
зімы.

*

Хто там ідзе прада мною
і перастаўляе
ўказальнікі-камяні
маіх дзён і гадоў,
каб лічыў
я па-ранейшаму, што далёка
мне да канца?!.

*

Мяне прывучыла войска
нат у зялёнай вясне
бачыць танкі,
замаскаваныя пад вясну.

*

Жыццё адхіляецца
ўсё жыццё,
як маятнік,
у прастору
то крыку, то нематы.

*

Што б ні рабіў я —
аказвалася заўсёды:
рай — недзе побач,
пекла — ўва мне самім.

*

Зярняты,
рассыпаныя па мяшках,
поўны чакання:
якія з іх будуць
змолаты,
а якія
пакінуты для сяўбы.

*

Пасля кахання
з яго
вірамі і навальніцамі
не шукайце
мяне сярод мёртвых,
аднак не шукайце й сярод жывыx.

*

Іду з адной цемры
ў другую цемру,
жывячыся надзеяй,
што шлях мой —
святло.

*

І гэты вечар сядзім
за чаркай віна
усе трое моўчкі —
месяц, мой цень і я.

*

Усюды,
куды я заходзіў,
заўжды была
альбо надта нізкая столь,
альбо парог быў надта высокі.

*

Такія розныя —
а вось разам!..
Снег, дакранаючыся да яе,
растае,
дождж, дакранаючыся да яго,
становіцца снегам.

*

Сад заквітнеў —
і дрэвы
сталі падобнымі на аблокі.
Белае воблака ўвышыні,
быццам выгнаннік,
стаіць над імі.

*

Ты як пясок:
сцісну прыгаршчы
уцякаеш,
а растулю —
застаешся.

*

Змучаны смагай,
схіліўся я над крыніцай —
і адхіснуўся назад:
каб свайго аблічча
не выпіць раптам.

*

Кароткія вершы —
яны
пісаліся ў цемры,
пры зломе маланак.

*

Цырульнік абстрыг мае кудлы,
а з імі —
пяшчоту далоняў
тваіх.

*

Не дазваляў сабе плакаць,
каб слёзы няўзнак
не змылі з ягонага твару
маску.

*

Так доўга стаяў на марозе,
што стаў нерухомы мой цень, —
і я рушыў
кудысьці сам.

*

Гэткая доля —
па дыме над комінам
узнаўляць
згарэлыя дрэвы.

*

Слова было
маёй апошняю сховаю,
ды і ў ёй
мяне адшукалі.

 




Друкаваная версія: Далягляды, 1990. Мінск, 1990.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.