Беларуская Электронная Бібліятэка
З чувашскай. Пераклад Уладзімера Паўлава.
Калі ты усміхаешся, — робіцца светла,
Быццам сонечным днём ціха падае снег.
Неспакойнае сэрца заб'ецца прыветна —
З ім тады і прасцей і згаворлівей мне.
Я тады удвая за сяброўства аддзячу
І зламысніка ўбачу, што даўна забыў,
Пакараю сябе за спадзеўку на ўдачу, —
Што мог больш бы зрабіць, а я меней зрабіў.
Няхай дрэвам на ветры выломвае рукі,
Няхай час растае, як завоблачны дым,
І няхай падарожнага цяжкія мукі
Застануцца ў маршчынах па лобе маім, —
Я лаўлю тваю ўсмешку і веру: адвеку
Прывітальна свяціў Праметэеў агонь.
І хоць знаю: бяссмерця няма чалавеку,
Мае думкі і справы — бяссмерцю яго!
І нібыта сышліся, каб сцвердзіць навечна,
Бессмяротнасць
і ява
і даўняга цень.
І нібыта тады незвычайнае веча
І мяне нарадзіла і будучы дзень.
І таму я шырока іду і адметна.
Пабратацца з людзьмі мне душою не грэх…
Калі ты усміхаешся, — робіцца светла,
Быццам сонечным днём ціха падае снег.
Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1974. Мінск, 1974.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.