Беларуская Электронная Бібліятэка
З чувашскай. Пераклад Міколы Татура.
Я атрымаў гэта пісьмо два дні таму назад. Ад бацькі.
"Сын мой, я пішу табе ў садзе, які ты пасадзіў трынаццаць гадоў назад. Ужо даўно асыпаліся кветкі бэзу і чаромхі і не гудуць вакол пчолы. Ці ведаеш, сынок, дзесяць яблынь цяпер кожны год прыносяць вялікі ўраджай. Твае таварышы па школе, якія вярнуліся на адпачынак у родную вёску, у мінулым годзе часта прыходзілі да нас, пілі ў садзе чай, ласаваліся ягадамі і ўсё ўспаміналі цябе. Адзін з іх - доктар Явар, другі - дырэктар РТС Іван, трэці - Ляксей Пракоф'еў, што раз'язджае артыстам, - яны асабліва часта ўспаміналі цябе. Апошнія гады гасцявалі ў нашай вёсцы з жонкамі і дзеткамі. 1 сёлета, ма-быць, прыедуць, а Явар, здаецца, ужо тут...
Даўно я ие пісаў табе, сын мой, ты ўжо прабач... Мінула восем гадоў з таго часу, як ты ў апошні раз завітаў дадому. Ты тады крыўдаваў, што ў вёсцы мала дрэў і іншай зеляніны, а калі да нас зайшоў настаўнік Кесцюк,- ты яго нават вылаяў, і тады вы ўдвух вырашылі арганізаваць пасадку дрэў. Бо за гады вайны ўсе таполі былі высечаны на дровы. "Няхай таполі і бярозы, што мы пасадзілі, шумяць у час ветру, упрыгожваюць нашы хаты, а ў гарачыню хаваюць нас у цяньку, навяваюць супакой",- сказаў ты тады. Сын мой, з таго часу мінула восем гадоў. Пасаджаныя вамі таполі шэпчуцца, як жывыя, пабліскваючы на сонцы зелянінай лістоты.
Праз тыдзень нашы калгаснікі выедуць на Жураўліныя лугі касіць сена, а цяпер яны часта перад домам садзяцца вечарамі на зялёным дыване травы і хто чытае газету, а хто - асабліва дзяўчаты і жанкі - вяжуць, вышываюць, некаторыя разматваюць клубок сваіх казак і баек. Цянёк ад галінастых дрэў нібы навявае супакой і цішыню. Яно перад пачаткам гарачай летнян пары ў вёсцы заўсёды было так. Толькі гутаркі ды прымаўкі ў людзей пайшлі цяпер іншыя. Раней, бывала, калі мы раслі, бясконца апавядалі нам пра д'яблаў ды розных нячысцікаў, а цяпер усё больш пра космас ды пра тое, што будзе на зямлі праз дзесяць - дваццаць год.
Здароўе, сынок, маё і маці пакуль яшчэ ніштаватае, жывём няблага. Ад калгаснай работы не ўхіляемся, у гарачую пару заўсёды на працы. Вось і сёння перад свірнам пад павеццю вісяць накляпаныя мною косы.
А калгас наш усё набіраецца сіл і багацця. Старшынёй пяты год ужо Мікола Іваноў з Тукаса (з Нагорнай вуліцы). Гарачы, дбайны чалавек. Колькі і якіх толькі машын не набыў ён для калгаса! І сам раз'язджае на светлай легкавушцы. Ды як не раз'язджаць, вунь у колькіх вёсках трэба паспець пабываць... Калгас жа велізарны стаў, летась запрудзілі раку Хырвар, і там, дзе раней куры пераходзілі яе ўброд, цяпер разліла-ся такая вада, што цэлыя хаты могуць схавацца. Каля самага возера пабудавалі ферму вадаплаваючай птушкі, і там гэтулькі пародзістых качак і гусей пялёскаецца... А качкі такія вялікія, як гусі!
Паміж нашай вёскай і Тукасам, сын мой, стаіць велізарны, як палац, клуб, а стары, драўляны, раскідалі. Гэты ж увесь збудавалі з белага каменя. Там кожны вечар што-небудзь паказваюць - то кіно, то канцэрт, то спектакль ставяць, робяць даклады. Учора вечарам мы з тваёй маці былі ў клубе. А хлопцы і дзяўчаты так і ўцякаюць з дому, так і бягуць туды.
Я, мабыць, здзіўлю цябе апісаннем багаццяў свайго калгаса, цяпер і іншыя не горшыя, хоць наш не толькі ў раёне, але і ў рэспубліцы лічыцца перадавым.
Па ўскраінах вёскі пасталі прыгожыя і чыстыя будынкі фермаў; нібы на карціне, красуюцца сіласныя вежы, гудуць машынныя гаражы і розныя майстэрні. А якія хаты ў калгаснікаў! Кожны год у вёсцы гаспадарак пятнаццаць - дваццаць ставяць новыя будыніны або рамантуюць старыя. Аканіцы з узорамі, пафарбаваныя... Як толькі рупар на скрыжаванні вуліц заспявае: "Як прыедзеце ў нашую вёску, не захочаце ехаць назад", так і здаецца, што гэта пра нашы аселіцы сказана. Калі-небудзь завітаеш дамоў - усё пабачыш на свае вочы. Толькі невядома, чаму так доўга не едзеш. Мы з маці кожны год з ячменнага соладу піва варым, так пакрысе і дапіваем яго самі, усё цябе ўспамінаючы. Іншы раз яно нават пракісае.
А нядаўна вось што было.
Я праглядаў твае кнігі і раптам у адной знайшоў напісаную табой старую запіску. Ты яшчэ школьнікам пісаў нейкія творы, і я падумаў, ці не пачатак гэта якога-небудзь апавядання? Я яго, сынок, рашыў перапісаць у гэтым пісьме, можа табе і спатрэбіцца. Вось яно:
"...Адным сонечным ранкам дзяўчынка, як матылёчак, лёгка пырхаючы ў сукенцы з гарошынкамі (яна прыехала да бабулі з горада), выбегла на возера і ўбачыла ў вадзе чароўную лілею. Некалькі дзен чакала яна, калі кветка расцвіце, і вось дачакалася. Дзяўчынка падняла сукенку вышэй каленяў і ступіла ў ваду. Ды вада была глыбокая, і яна выйшла назад. Але не магла адвесці вачэй ад лілеі, часта забілася яе сэрцайка, на шчоках выступіў румянец - яркі, як зара. Дзяўчынка не стрымалася, ступіла ў ваду яшчэ раз і ўсё ж не дайшла да кветкі. Тады яна вый-шла на бераг і азірнулася. Навокал нікога не было. Дзяўчынка хуценька зняла сваю жоуценькую сукенку ў гарошынкі, у якой так нагадвала матылёчка, і трэці раз увайшла ў ваду. Яна больш за ўсё на свеце любіла кветкі лілеі! Вось заходзіць у ваду па калена, затым па пояс. Хутка халодная вада дакранулася да яе яшчэ амаль не аформленых беленькіх грудзей... Дзяўчынка здрыганулася... Чым далей, тым вада была ўсё глыбейшая і глыбейшая, а дзяўчынка не ўмела плаваць і баялася ісці далей... Але як вабіла яе кветка лілеі!.. Ні на момант дзяўчынка не магла адарваць позірку ад яе і, вылезшы зноў на бераг, не вытрымала... ад крыўды горка-горка заплакала..."
Гэту паперу, сынок, я прачытаў тваёй маці. Яна слухала, стоячы каля стала. Я паглядзеў на яе і, ці верыш, сынок, убачыў, як з яе вачэй закапалі слёзы. На рагу стала стаяў вазон, мы яго зусім нядаўна аддзялілі ад вялікай галінкі і пасадзілі ў асобны гаршчок. Сонца ярка асвятляла пакой. Я заўважыў, як на кропельках слязінак зіхаціць сонечны прамень. Слязінкі ўпалі на зямлю ў вазоне і тут жа былі праглынуты. Толькі бліскучы сонечны праменьчык застаўся на зямлі. Як усё гэта я заўважыў, сын мой, дык вельмі мне не па сабе зрабілася.
- Чаго ты плачаш? - спытаўся я.
Яна спачатку нічога не магла адказаць. Па-стаяўшы крыху, цяжка ўздыхнула і адчыніла драўляны куфар, які калісьці зрабіў для яе сват Эверке, і з самага дна дастала складзенае квадратам тоўстае палатно сіняватага колеру. Але то было не звычайнае палатно, а невялічкая капа, у якую мы загортвалі цябе, спавітага, калі ты быў яшчэ зусім маленькі. На ёй - вышытыя пеўнікі. Яна не такая ўжо новая, але і не зношаная: цябе загортвалі ў яе па святах, калі выходзілі на людзі.
- Гэту капу я хаваю для свайго ўнука. Колькі ўжо я чакаю, калі сын ажэніцца і разам з унукам і жонкай прыедзе да сваіх бацькоў, і вось - ніяк не дачакаюся, - сказала маці, выціраючы вільготныя вочы.
Такая ўжо яна, твая маці, з мяккім сэрцам. Як толькі выслухала апавяданне пра дзяўчынку, што прыехала да сваёй бабулі, дык і расчулілася ад цёплых пачуццяў і мараў, а слёзы так і пакаціліся. Я не папракаю яе за гэта. І сапраўды, наша хата цяпер пуставатая.
Сын мой, ты неяк у пісьме пытаўся пра паляўнічага Алтакіня. Калісьці ты аддаў яму падстрэленага табой зайца... У мінулы раз я забыўся напісаць табе: пяць гадоў мінула ўжо, як памёр Алтакінь. І мы з тваёй маці хадзілі на яго пахаванне. А летась сканала і яго жонка. Абое памерлі старымі, што зробіш - такі закон жыцця.
Яшчэ што б табе паведаміць? А-а, вось што: Лізук цёткі Альтук выйшла замуж за нашынскага - за Ваньку Нікіфарава. Апрача таго, Лідзюк цёткі Сукві, якая выйшла за Макара Грыгор'ева, нарадзіла сына. Кажуць, сын заважыў пяць кіло; ці праўда, ці не - не ведаю. І твая маці нарадзіла цябе ў бальніцы, і я, калі, бывала, спытаюцца, гаварыў: "Мой сын важыць пяць кіло!" А ты важыў крыху больш за тры. Ці тры, ці пяць - не бяда, абы здароўе, няхай дзеці растуць прыстойнымі і выйдуць у людзі. І ты, сын мой, беражы сваё здароўе, жыві сумленна.
Маці твая і сёлета, як і летась, і пазалетась, варыць піва, учора схадзіла змалоць солад, але чамусьці за апошні час яна нейкая маркотная, маўклівая, відаць, пра нешта сумуе.
Ну, сынок, я на гэтым скончу сваё пісьмо. Мы абое з маці жадаем табе здароўя і ўсяго найлепшага ў жыцці. Твае бацька і маці".
Гэта пісьмо я атрымаў два дні таму назад. Яно напісана маім бацькам. На тонкай сіняватай паперы, чорным алоўкам. Я прачытаў яго тры разы, чатыры, пяць і ўвесь час лаяў сябе. Сёння ж атрымаў месячны адпачынак, купіў білет на самалёт і заўтра вылятаю на радзіму.
Дзяўчынка, нібы матылёк, якая хацела сарваць лілею... Вунь праз колькі гадоў бацька знайшоў напісанае пра цябе! На другі дзень я сам сарваў табе тую цудоўную кветку... Людзі не ведаюць пра гэта. А ці памятаеш ты?
...Ты тады прыязджала ў госці ў суседнюю всску, што ў дзесяці вёрстах ад нас, табе было пятнаццаць гадоў, і мне было гэтулькі ж. Ты гасцявала ў сваёй бабулі, я - у сваёй... Мы пазнаёміліся, пасля цэлы тыдзень хадзілі разам, а потым ты паехала. Перапісваліся. Скончыўшы сярэднюю школу, я прыехаў у ваш горад. Ты вучылася ў інстытуце. Мы запэўнівалі, што кахаем адно аднаго. Так, мы кахалі, ды... разышліся нашы дарогі. У гэтым ні ты, ні я не вінаваты. Абвінавачваць або папракаць праз гэтулькі гадоў было б нават недарэчна.
Заўтра я вылятаю ў родную вёску, да бацькоў. Я хачу там папрасіць маму паказаць мне дзіцячую капу, на якой вышыты пеўнікі. Да бацькоў я еду не з сынам ці дачкой, а адзін. Мама побач са мной не ўбачыць маёй жонкі, сваёй нявесткі. Як ты не змагла сарваць кветку азернай лілеі, так і я яшчэ не сарваў лілеі свайго жыцця. Ты дагэтуль для мяне кветка лілеі...
Як прыеду дадому, абавязкова наведаю бабуліну вёску і, калі яшчэ не высахла тое возера, можа, на яго люстраной роўнядзі ўбачу адбітак той маладзенькай дзяўчынкі-лілеі, якой меў шчасце захапляцца шаснаццаць гадоў назад.
Друкаваная версія: Чувашскія апавяданні. Мінск, 1966.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.