Беларуская Электронная Бібліятэка


ДЗМІТРЫЙ КІБЕК.

КРЫЛАТЫ РЫЦАР.

З чувашскай. Пераклад Аркадзя Марціновіча.

 

Катлякоўская багна — велізарнае балота, парослае высокім чаротам і палачнікам уперамешку з ракітай і вербалозам. Сюды здаўна панадзіліся паляўнічыя. Узімку, калі балота пакрываецца лёдам і снегам, цяжка знайсці лепшае месца для палявання з гончымі на зайцоў-белякоў. Увесну ж тут палююць на качараў з падсаднымі качкамі, а з сярэдзіны жніўня — на дупялёў, бакасаў і кулікоў. Але асабліва прыцягваюць паляўнічых жураўлі, што збіраюцца тут вялікімі чародамі перад адлётам у вырай.

Паляванне на жураўлёў цікавіла нас не трафеямі, а сваімі неймавернымі цяжкасцямі. Бо сапраўды, хіба каму даспадобы жорсткае і жылістае мяса жураўля? Але паляўнічыя падоўгу любуюцца чародамі гэтых прыгожых птушак, калі яны кружацца, падымаючыся ўсё вышэй і вышэй, пакуль не знікнуць у нябеснай сіні. Надвячоркам жураўлі, чародка за чародкай, вяртаюцца і ўсаджваюцца на ноч на зялёныя астраўкі, сярод непраходнай дрыгвы, а раніцай зноў узвіваюцца ў неба і ляцяць на палеткі гароху ці ячменю, каб набрацца сіл для далёкага пералёту ў паўднёвыя краіны.

Два гады запар мы з Міхаілам Аляксеевічам імкнуліся пранікнуць у гэтае жураўлінае царства, але ўсё марна. Жураўлі ні разу не падпусцілі нас на стрэл. Было прыкра ад гэтага. Вакол курлы-калі, пранізліва крычалі сотні жураўлёў. У бінокль мы бачылі іх дзіўныя танцы на палянках, але не падстрэлілі ніводнага, хоць нярэдка цэлымі суткамі лазілі па зыбкай дрыгве, да крыві скусаныя камарамі і кляшчамі, з ног да галавы аблепленыя балотнай ліпучкай, ад якой не ўберажэшся. Не раз мы па пояс правальваліся ў іржавую смярдзючую жыжку, дзе не вяліся нават жабы і вадзяныя жучкі. Але ўсе гэтыя цяжкасці не маглі спыніць нас, і мы наважыліся не адступаць, аж пакуль кожны з нас не здабудзе па жураўлю.

Мы зразумелі, што спадзявацца на ўдачу можна толькі ўвечары, калі жураўлі прылятаюць па начлег на свае ўлюбёныя мясціны. Але для гэтага трэба было яшчэ завідна прабрацца туды і зрабіць там засаду. Цэлае лета пайшло ў нас на тое, каб разведаць падходы і сцяжынкі да жураўліных астраўкоў. У найбольш недаступных месцах мы зрабілі дзесяткі два масткоў і перапраў. Там, дзе ў мінулыя гады садзілася асабліва шмат жураўлёў, мы змайстравалі і добра замаскіравалі буданы. Абзавяліся накамарнікамі. Цярпліва чакалі асенняга пералёту жураўлёў.

Нарэшце да Катлякоўскага балота з усіх бакоў пацягнуліся трохвугольнікі гэтых прыгожых птушак. Рэдка ўзмахваючы дужымі крыламі, жураўлі плаўна ляцелі і курлыкалі. Іхнім меладычным курлыканнем напаўняліся прасторы палёў і лугоў, у ім чуліся сум і журба, не аддзельная ад гэтай пары асенняга завядання. Настаў доўгачаканы час паспрабаваць шчасця, якое не давалася нам у рукі два гады запар.

— А ці не запрасіць нам Мікалая Іванавіча? — спытаў я ў Старцава. — Утраіх нам будзе зручней, ды і весялей.
— Мельнікава? Запрасіць можна, але хіба ж ён згодзіцца? Не чуў, каб ён калі-небудзь паляваў на жураўлёў. Яму падавай тлустага качара, чырванабровага цецерука ці барадатага прыгажуна-глушца. А зрэшты — давай паспрабуем зацягнуць яго ў нашу дрыгву. Няхай пакажа, што ён за паляўнічы...

Вечарам мы паехалі ў заводскі пасёлак. Мельнікаў быў дома і адразу запрасіў нас піць чай. Мы не бачыліся з ім яшчэ з вясны, і я з задавальненнем глядзеў на яго ажыўлены, гладка паголены твар. Час ад часу ён пагладжваў валасы, дзе серабра было куды больш, чым золата. Ледзь прыжмурваючы свае блакітныя вочы, якія ўсё ж прыкметна выцвілі за апошнія гады, ён са-чыў, каб нашы талеркі своечасова напаўняліся цудоўнай хатняй кулябякай, якою заўсёды славіўся яго дом.

— Значыць, сабраліся ў паход на жураўлёў? Што ж, добра, іначай не скажаш. Журка — гэта табе не чырок які-небудзь, не кулічок няшчасны, а цэлы рукзак мяса. Але я не магу быць вашым кампаньёнам,— сказаў Мікалай Іванавіч.
— Чаму?
— Даў зарок.
— Які?
— Ну што ж, давядзецца расказаць.
— Паслухаем з найвялікшым задавальненнем. Мельнікаў чамусьці паглядзеў на свае вялікія жылістыя рукі слесара, сіняватыя ад металічнага пылу, што ўеўся ў іх, і ціхенька ўздыхнуў.
— Дела давно минувших дней... — пачынае ён.
— Преданья стрины... Давай адразу да справы, — перапыняе яго Старцаў, які прывык, як кажуць, заўсёды браць быка за рогі.

— А было гэта, сябры мае, роўна трыццаць гадоў назад, калі я яшчэ вучыўся ў школе. Вучыўся я не так ужо добра, але сярод усіх прадметаў быў у мяне самы любімы — заалогія. Я чытаў і перачытваў усе кнігі пра звяроў і птушак, якія толькі мог дастаць. Не ведаю, як гэта я не стаў заолагам або заатэхнікам. Знаёмячыся з жыццём жывёл і птушак, я заўважыў тады адну цікавую асаблівасць: многія рысы чалавечага характару ўласцівы ў нейкай ступені і некаторым звярам і птушкам. От упэўнена магу сцвярджаць, што дружба і любоў, смеласць і адвага, гатоўнасць да самаахвярнасці ўласцівы не толькі нашаму брату, але і многім бязмоўным стварэнням. Бачылі вы, як звычайна баязлівая курыца, вывеўшы маленькіх пушыстых куранят, смела кідаецца на вялікага сабаку, калі той неасцярожна падыдзе залішне блізка да яе вывадка? Хіба не мацярынская любоў прыдае дурной квактусе такую незвычайную храбрасць? А чулі вы пра паштовага голуба, што дастаўляе пісьмо з аднаго горада ў другі? Дзесяткі, а то і сотні кіламетраў ляціць ён. І прымушае яго рабіць гэта не што іншае, як вернасць сваёй галубцы, якая знаходзіцца ў тым горадзе, куды голуб павінен даставіць пошту, тады як самога завезлі ў другі горад. Або возьмем нашага цудоўнага спевака-салаўя. Чаму ён спявае штоноч навылёт па некалькі тыдняў? Думаеце, ён пакутуе бяссонніцай? НеІ Сваёй песняй ён весяліць падружку, каб яна не сумавала, выседжваючы птушанят. А чаму лебедзь камнем падае на зямлю, калі варвар-паляўнічы падстрэліць яго сяброўку? Таму што ў яго наступае параліч сэрца ад гора.

Самаахвярнасць у імя выратавання чужога жыцця заўсёды лічылася вышэйшым выяўленнем гераізму. Імёны такіх людзей заставаліся жыць у вяках, паэты складалі пра іх песні, скульптары ўвекавечвалі памяць аб іх у мармуровых ці бронзавых манументах. Дык вось, аказваецца, на самаахвяраванне ідуць і некаторыя птушкі, я пераканаўся ў гэтым на зары маёй паляўнічай кар’еры. Здарылася гэта ў апошні тыдзень жніўня. Наш выкладчык заалогіі Арсень Іванавіч павінен быў ехаць у раённы цэнтр на настаўніцкую канферэнцыю. Напярэдадні ад’езду ён выклікаў мяне да сябе і сказаў:

— Юннаты за лета зрабілі больш паўсотні розных чучалаў для школьнага заалагічнага кутка. Але нам яшчэ не ўдалося зрабіць чучалы некаторых пералётных птушак, а яны вось-вось паляцяць у вырай. Няма, напрыклад, чучала жураўля. Тры дні я намагаўся падстрэліць жураўля, але не змог. Можа, табе пашанцуе. Калі за гэты тыдзень мы не дабудзем яго, то лічы прапала на сёлета, бо ў пачатку верасня жураўлі адлятаюць ад нас. Помні, што гэта дужа асцярожныя птушкі, чалавека блізка не падпу-скаюць. Таму паляваць на іх лепш за ўсё з засады. Начуюць яны ў Мохавым балоце, а на зары ляцяць на палеткі. Назаўтра на досвітку я быў у трысняговым зарасніку на Мохавым балоце. Калі пунсовая палоска зары стала хутка пашырацца, пачуліся першыя крыкі жураўлёў. Яны даносіліся з трох бакоў, і я зразумеў, што на балоце, мабыць, тры чарады. Хутка яны адна за другой падняліся ў паветра, выцягнуліся ў стройныя ланцужкі і, зрабіўшы некалькі кругоў, накіраваліся ў бок поля, якое называецца Каськарці. Страляць мне не давялося, бо ні адна чарада не наблізілася да мяне на пэўны стрэл.

Вяртацца дадому з пустымі рукамі не хацелася. Качкі, што кракалі зусім блізка, не вабілі мяне ў гэты дзень. Чакаць да вечара, каб пера-хапіць жураўлёў, калі яны будуць вяртацца назад на свой начлег, таксама не выпадала. І я без ніякага намеру пакрочыў у бок яравых палеткаў.

Першую чараду даўганогіх прыгажуноў я ўбачыў на гарохавым полі, што кіламетраў за пяць ад Мохавага балота. Жураўлёў было каля двух дзесяткаў. Яны клявалі спелыя стручкі гароху і глыталі іх, не абчышчаючы. Я заўважыў, што ў чарадзе, мяняючыся па чарзе, увесь час дзяжураць адзін ці два жураўлі, зорка сочачы за наваколлем. Я не мог зразумець, хто камандуе зменай гэтых вартавых, але мне добра было відаць, што чарада ні на міг не застаецца без пільнага вартаўніка. Такая арганізаванасць здзівіла мяне, і я міжволі пранікся павагай да гэтых дзіўных птушак. Пільныя вартавыя заўважылі мяне і далі сігнал трывогі. Затым раздалася каманда важака чарады, і крылатыя веліканы падняліся ў паветра раней, чым я наблізіўся да іх метраў на дзвесце.

Навучаны вопытам, я наважыўся падкрасціся паўзком да другой чарады, якую заўважыў у высокім ячмені. Але пільныя вартавыя зноў трывожна крыкнулі, і яшчэ каля трыццаці жураўлёў паляцелі і зніклі ўдалечыні.

Убачыўшы пасля доўгага блукання трэцюю чараду на папары, я рашыў перамяніць тактыку. Жураўлі вялі сябе дзіўна: яны выстройваліся ў доўгую шарэнгу, тады хутка крочылі ўпоперак не надта шырокага папару, падыходзілі ледзь не да самай сцяны яшчэ няспелага аўса на ўскраі поля, затым крута паварочваліся, быццам па камандзе "Кругом!", і шырокімі крокамі вярталіся назад.

На першы погляд стваралася ўражанне, што жураўлі захоплены нейкай вайсковай гульнёй: тут былі і кароткія перабежкі, і маршыроўка, і павароты кругом. Але, прыгледзеўшыся лепш, я зразумеў, што яны шукалі на папары, парослым пустазеллем, нейкі корм. Магчыма, яны лавілі конікаў, а можа, шукалі патрэбнай ім травы. Паназіраўшы за жураўлямі з паўгадзіньі, я ўбачыў, што яны, перасякаючы папар, паступова набліжаюцца да мяне. Тады я залёг у высокім аўсе каля самага краю поля і цярпліва чакаў, калі жураўлі наблізяцца да мяне на стрэл. Ляжаць мне давялося амаль цэлую гадзіну. За гэты час жураўлі падыходзілі да аўса двойчы — спачатку яны былі ад мяне метраў дзвесце, а другі раз — крокаў на семдзесят бліжэй. Трэці раз, па маіх падліках, левафланговыя жураўлі павінны былі падысці да аўса яшчэ бліжэй, на метраў трыццаць — сорак ад мяне.

Ды не ўсё робіцца так, як табе хочацца. Хоць я і ляжаў ціха, абсалютна нерухома, нейкі журавель усё ж заўважыў мяне і моцным крыкам спыніў усю чараду. Яна ў гэты момант была метраў за сто ад краю аўсянага поля. Важак чарады аддзяліўся ад іншых, прайшоў у мой бок крокаў дваццаць, спыніўся і пачаў уважліва разглядваць мяне. Я затаіў дыханне. Аднак перахітрыць птушку мне ўсё ж не ўдалося. Журавель хутка павярнуў назад, ускрыкнуў, прабег некалькі крокаў і плаўна падняўся ў паветра. За ім узляцелі і ўсе астатнія. Хутка яны схава-ліся за ўзгоркамі.

Тут ужо я зразумеў, што не здабыць мне жураўля на жыраванні. Трэба было чакаць вечара ці наступнай раніцы, каб зноў зрабіць засаду на Мохавым балоце — паспрабаваць шчасця. Я пакрочыў да вёскі, ад якой адышоўся кіламетраў дзесяць. Дзень быў ясны, і сонца добра прыпякала. Высока-высока ляталі палявыя луні, марудна праплывала ў паветры павуцінне. Кашлатыя жоўта-бурыя чмялі з басавітым гудзеннем пераляталі з кветкі на кветку. Два разы амаль з-пад маіх ног успырхвалі перапёлкі і, цяжка праляцеўшы крокаў трыццаць — сорак, зноў апускаліся ў авёс. Было спякотна. Да таго ж мне даўно хацелася піць. Я ішоў, часта выці-раючы пот з твару і прыспешваючы крок.

На шляху быў глыбокі яр Сакылта, з-пад яго абрывістых берагоў цякло некалькі сцюдзёных крыніц. Там можна было напіцца, і гэта прыдавала мне сіл. Мо праз паўгадзіны я падыходзіў да крутога адхону яра. Тут маю ўвагу прыцягнуў курган, што ўзвышаўся на тым баку яра. На кур-гане нязрушна стаялі два жураўлі. Відаць, яны насыціліся і, напіўшыся ў яры вады, цяпер дра-малі на санцапёку. Калі асцярожна прабрацца па дне яра з паўкіламетра, то можна падысці амаль да самага кургана, падняцца на абрывісты бераг незаўважна для жураўлёў і стрэліць у аднаго з іх.

Так і зрабіў. Гэта заняло міяут дваццаць. У намечаным месцы я да пояса высунуўся з яра. Амаль адначасова са мною з-за кургана паказа-ліся жураўлі. Адчуўшы небяспеку, яны прабеглі некалькі крокаў, размахваючы крыламі, і плаўна адарваліся ад зямлі. Я схапіў на мушку пярэдняга і стрэліў. Зарад буйнога шроту дагнаў жураўля ў той момант, калі ён ужо складваў ногі, і яны ў яго павіслі, як бізуны. У наступнае імгненне ў яго перастала працаваць левае крыло. Ён гайдануўся, сутаргава ўзмахнуў правым крылом, як тапелец, які няўцямна махае рукамі, быццам хочучы схапіцца за паветра, і, хутка губляючы вышыню, знік за курганам. У тое ж імгненне ўпаў і другі журавель, які ў час стрэлу ляцеў трохі ніжэй, чым першы, і метраў за дзесяць ззаду.

"Што за чартаўшчына, — падумалася мне, — няўжо адным стрэлам я збіў адразу двух? Не можа быць!.."

Я хуценька абабег курган, і перад маім здзіўленым позіркам паўстаў такі малюнак: адна птушка ляжала на жываце, падняўшы сваю доўгую шыю і распусціўшы левае крыло. Гэта была самка. Самец заклапочана паходжваў вакол яе. Заўважыўшы мяне, ён апусціў крылы, выцягнуў шыю і з грозным выглядам рушыў насустрач мне. Доўгія пер’і на яго патыліцы, якія ў нашай вёсцы называюць жураўлінымі касічкамі, усталі дыбам. Выгляд яго быў настолькі раз’юшаны, што я міжволі прыпыніўся. Ен таксама спыніўся і падняў галаву, быццам паказваючы гэтым, што гатоў пайсці на міравую, калі я не буду чапаць іх. Але мне патрэбца была падстрэленая самка, і я наважыў падысці да яе з другога боку. Я пабег па кругу, не набліжаючыся і не аддаляючыся ад цэнтра, дзе ляжала параненая самка. Але з якога боку я ні заходзіў, верны рыцар заўсёды аказваўся паміж мною і сваёю сяброўкай. Урэшце мне надакучыла бегаць без толку. Я спыніўся насупраць жураўля і, пагра-зіўшы ружжом, злосна крыкнуў:

— Кыш-ш! Вон з дарогі! Але храбрэц і не падумаў аддаваць мне сваю сяброўку. Калі я ступіў некалькі крокаў наперад, да самкі, ён зноў натапырыўся, надзьмуўся, раскрыў крылы, быццам збіраючыся схапіцца са мною ўрукапашную, тупнуў нагою і азваўся трубным крыкам. Не ведаю, разумеў журавель, што можа ўчыніць яму ўзброены чалавек, ці не, але я ясна ўяўляў сабе, чым скончыцца для мяне сутычка з грознай птушкай: журавель мог ударам дзюбы асляпіць мяне, наставіць сінякоў на ўсім целе сваімі магутнымі крыламі і нават распароць мне жывот сваімі дужымі жылістымі нагамі. Не ведаю, ці была мая апаска апраўданая, або я проста збаяўся, але я падняў ружжо і нацэліўся ў грудзі жураўля. Назаўсёды запомніліся мне яго ясныя вочы, звернутыя ка мне ці з мальбой аб літасці, ці з пагрозай. Іх погляду я не вытрымаў і націснуў на спускавы курок. Прагрымеў стрэл. Калі дым рассеяўся, крылаты рыцар нязрушна ляжаў на зямлі…

З той пары мінула трыццаць гадоў, але адважны журавель, які загінуў, баронячы сваю сяброўку, усё яшчэ стаіць у мяне перад вачыма. Тады ж, ля старажытнага кургана, перад забі-тым мною смельчаком, я даў сабе зарок — ніколі болей не паляваць на жураўлёў. Гэтага абяцання я ніколі не парушаў. Няхай сабе жывуць гэтыя адважныя птушкі, здольныя без вагання пайсці на смерць, калі трэба абараніць сваю сяброўку...

Ад Мікалая Іванавіча мы выйшлі позна. Горад ззяў мноствам. агнёў, яны быццам сапернічалі сваёй яркасцю з зоркамі на начным небе. Міма ішлі рабочыя, што вярталіся з начной змены. Вецер дзьмуў у твар, даносіў з ракі свежасць. Мы няспешна ішлі начным горадам.

— Ну дык як жа з паляваннем? — пытаюся я ў Старцава.
— Нешта расхацелася мне ісці на жураўлёў, — задумліва адказаў ён. — Можа лепш на бакасаў?
— Сапраўды. Заўтра ж рушым на Арцёмаўскія лугі.

 




Друкаваная версія: Чувашскія апавяданні. Мінск, 1966.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.