Беларуская Электронная Бібліятэка


ДЖОРДЖ ГОРДАН БАЙРАН.

КАХАННЕ І СМЕРЦЬ.

З ангельскай. Пераклад Рыгора Барадуліна.

 

1

Сачыў цябе, калі быў вораг з намі,
Гатовы на яго абрынуць злосць.
Ці мы ў бяспецы безнадзейнай снамі
Дзялілі ўсё і волю, і мілосць.

2

Сачыў цябе, калі ў шалёным гудзе
Наш карабель даверыўся скале,
Даваў руку — надзейнай лодкай будзе,
Хай грудзі стануць лёхам пры святле.

3

Сачыў цябе, калі плыла з туману,
Аддаў сваю пасцель — і доле лёг,
Сачыў за хворай і адсюль не ўстану,
Калі ты знойдзеш тут свой ранні лёх.

4

І землятрус прыйшоў, і захістала
Сцяну, жывое усё, як ад віна.
Каго гукаў, каго адчаю зала
Хавала? Хто пакутваў? Ты адна.

5

Як перахопіць скон маё дыханне
І губы сцішацца ў слабой мальбе,
Каб апярэдзіць думак дагасанне,
Мой дух яшчэ памкнецца да цябе.

6

Жыве каханне не па нашай волі,
Што я нелюбоў, папрокам не крану,
Мне лёс наканаваў не мець патолі,
Кахаць цябе ўсяму ў дакор адну.

1824

 




Друкаваная версія: Далягляды, 1988. Мінск, 1988.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.