Беларуская Электронная Бібліятэка
З ангельскай. Пераклад Рыгора Барадуліна.
Барбітос сваімі струнамі
Апяваў толькі каханне.
Анакрэон.
1
Прэч вашае рамантыкі мігрэнь,
Дзе павуціну тчэ маны старанне.
Мне дайце позірку жывы прамень
У пацалунку першага кахання.
2
Не для магіл бы ваш парыў абмяк,
Пал знік бы з пастаральнага бляяння,
Каб, рыфмагоны, вы згадалі смак
Ад пацалунку першага кахання.
3
Адмовіцца ад вас і Апалон,
І дзевяць муз кіўнуць на развітанне,
Калі вы зноў не трапіце ў палон
Да пацалунку першага кахання.
4
Я ненавіджу вас усіх масцей,
Ханжы, і чую голас наракання,
Змушаю словам біцца пульс часцей
Ад пацалунка першага кахання.
5
Фантазій вашых статкі згоніць час,
Аркадзія — наіўны край лунання.
Напэўна б, ажылі і здані ўраз
Ад пацалункаў першага кахання.
6
Лухты пра чалавека наплялі —
Яшчэ Адам пачаў з бядой змаганне.
Жыве куточак раю на зямлі
У пацалунку першага кахання.
7
Кроў халадзее, дзён прыемных клін
Ляціць на крылах голуба ў выгнанне.
Апошні цешыць слодыччу ўспамін
Ад пацалунку першага кахання.
1806
Друкаваная версія: Далягляды, 1988. Мінск, 1988.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.