Беларуская Электронная Бібліятэка
З ангельскай. Пераклад Рыгора Барадуліна.
І
Не крэслю імя, не гукаю са дна,
Ёсць смутак у гуку, ў пачутках віна;
Абудзіць сляза і з глыбінь апячэ
Падумкі, што ў сэрцах жывыя яшчэ.
ІІ
Ці ў шалу кароткай і ў згодзе даўгой
Часіна была, каб данішчыць тугой?
Раскаемся мы, як парвём ланцугі,
Шкадуючы, тыя ж паўторым кругі.
ІІІ
Будзь радасць тваёй, будзь маёю віна,
Даруй, калі можаш, ты ў свеце Адна,
Ды сэрца, ў якім уладаркаю ты,
Ўзарвецца, парваўшы палон нематы.
ІV
Нясхібная хіліцца перад табой
Душа, ахінутая змрочнай журбой:
Імгненні салодкімі, хуткімі дні
Здаліся з табой, як сусвет ні віні.
V
Уздых твайго смутку, мілосці пагляд
Ці спыніць мяне, ці паверне назад,
Асудзіць а ці ўзнагародзіць усім,
І губы твае скажуць штосьці маім.
1814
Друкаваная версія: Далягляды, 1988. Мінск, 1988.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.