Беларуская Электронная Бібліятэка


ДЖОРДЖ ГОРДАН БАЙРАН.

ЗАПЛАЧАШ, ЯК МЯНЕ НЕ СТАНЕ?

З ангельскай. Пераклад Рыгора Барадуліна.

 

1

Заплачаш, як мяне не стане?
Скажы мне зноў? Калі ж адчай
Ахопіць, гэты словы, пані
Салодкая, не вымаўляй.

2

У сэрцы сум, няма надзеі,
Кроў сцюжыцца ў грудзях маіх,
Сканаю — дол мой знелюдзее,
І толькі твой адчую ўздых.

3

І ўсё ж праз воблака пакуты
Прагляне водбліск дня, калі
Дазнаюся, што я пачуты
Сугучным сэрцам на зямлі.

4

О пані! Бласлаўляю тую
Слязу, што важыць балючэй
Таму, хто на сябе лютуе —
Ані слязы з яго вачэй.

5

Салодкая! Аднойчы ў млосці
Хацела сэрца цараваць,
Ды не прыстала прыгажосці
Нябогу ў горы чараваць.

6

Заплачаш, як мяне не стане?
Скажы мне зноў? Калі ж адчай
Ахопіць, гэты словы, пані
Салодкая, не вымаўляй.

1808

 




Друкаваная версія: Далягляды, 1988. Мінск, 1988.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.