Беларуская Электронная Бібліятэка


АВО ЮПРУС.

КАХАЙ.

З эстонскай. Пераклад Сяргея Шупы.

 

Чалавек прыйшоў дадому. Дом — то быў пакой плошчай 11 кв. м у камунальнай кватэры, дзе жыло яшчэ дзве сям’і: П’янюга-Ян са сваёй вольнашлюбнай жонкай ці то стацыянарнай каханкай, якая, не зважаючы на біццё, не магла адмовіцца ні ад мужа, ні ад дома, дзе яны жылі ўжо болей за дзесяць гадоў; жыў тут таксама малады рабочы, што заўсёды выглядаў стомленым, але часам у яго дзіўна, неяк хваравіта гарэлі вочы; сын яго жонкі, недагледжаны і вісклявы, і жонка, што выглядала яшчэ больш зняможанай, чым муж. Усім насельнікам камуналкі былі характэрныя пахмурнасць, зношаны выгляд і шэры злінялы твар. Ці хутчэй бястварасць!

Я не хачу ні пра кога сказаць нешта дрэннае — барані Божа — але гэткай засталася ў маёй памяці кватэра майго дзяцінства. Ці хутчэй адна з тых некалькіх кватэр, дзе нам з маці давялося жыць і якія цяпер зліваюцца ў адзін вобраз, але тады, здавалася, існавалі асобна і незалежна. Тады, калі маці яшчэ вучылася ва універсітэце, тады, калі яе накіравалі працаваць у раённую больніцу, калі яна зноў пайшла вучыцца, гэтым разам ужо на курсы ўдаскапалення, і г. д. і г. д. Але ўсё гэта было або раней, або пазней — сам час значэння не мае — ва ўсялякім разе таго дня, пра які ідзе гаворка, нас з маці ў кватэры на Тупіковай вуліцы ўжо (або яшчэ) не было. Магу нават засведчыць чаму.

Мне проста шкада вяртаць маці ў гэты прасякнуты несуцешнасцю пункт прасторы. Проста шкада.

Але вядома ж, былі ў нас і свае радасці — дзве вялікія вэнджаныя салакі і пачак халвы адным нядзельным ранкам 1961 года (гэта быў год, калі расеец Юры Гагарын паляцеў у космас і калі дзеці ўсяго свету малявалі ў сваіх сшытках, кніжках, на платах і асфальце вастрадзюбыя ракеты, падобныя да рыцарскіх шаломаў ці да курыных яек), помніцца таксама нязвыкла гарачае лета і зарана пачырванелыя грады з трускаўкамі ў чужым садзе ў 1958 годзе (нешта адбылося тады ў Карэі, што менавіта?); сонейка, што раніцамі мімаходзь дакраналася да складзенага з брукавых камянёў глухога муру, які сціскаў наша адзінае акенца; "Маленькі прынц" Сент-Экзюперы, які падчас усяго нашага жыцця на Тупіковай вуліцы — а яно ўсё ж цягнулася некалькі простых і, прынамсі, адзін высакосны год — быў нашай з маці ўлюбёнай кніжкай.., о, былі ў нас і радасці.

Але ўсё ж я не хачу вяртаць маю маці ў тую агульную кухню, дзе я аднойчы каляднай ноччу наступіў на блясе перад плітой на бенгальскую свечку; у тую прыбіральню, дзе я, заткнуўшы вушы, хаваўся ад брыдкай лаянкі П’янюгі-Яна; на тыя стромныя і вузкія сходы, што вялі ў замецены снегам двор і якія часамі майго дзяцінства жахліва рыпелі — і начныя хаджэнні кватарантаў ніколі не заставаліся таямніцай, заўсёды прачынаўся ўвесь дом — на гэтыя агідныя сходы з хісткімі прыступкамі ў халодным пад’ездзе, дзе я падлеткам (недзе ў сёмым класе), перагнуўшыся праз парэнчы, рыгаў на дровы жыльцоў падвальнага паверха, п’яны ад цытрынавай настойкі, адзіноты і безвыходнасці. Не хачу.

І яшчэ, цалкам магчыма, што я проста блытаю нешта, звязанае са мною самім. Бо наколькі мы ўпэўненыя і дакладныя, калі анатаміруем чужыя жыцці, настолькі ж мы вартыя недаверу, калі гаворым пра сябе. Вось мне ўжо і згадваецца, што грады з трускаўкамі і салодкі гарох былі зусім у іншым месцы і часе, у яшчэ ранейшым дзяцінстве, на гарадской прыбярэжнай ускраіне; тымі часамі, калі на матчыным ложку паміж вялікімі падушкамі, дзе на жоўтым тоне непрыстойна квітнелі чырвоныя кветкі, яшчэ можна было ўбачыць афіцэрскую фуражку з сінім аколкам; але і тыя срэбныя з выгляду крылы не здолелі вынесці нас з ускраіны, наадварот, ад іхняга самашкадобнага, часам раз’юшанага, з вінна-цыбульным пахам, хлэпання прыйшлося ўцякаць нам самім — з надзеяй, літасцю, сумам і слязьмі — уцякаць на Тупіковую вуліцу.

Магчыма таксама, што прыбярэжная ўскраіна, гэтак як і местачковая больніца і пакутлівы боль у жываце, — гэта толькі ўрыўкі з фільма, якія месцяцца ўсе ў адну ці некалькі часовых адсутнасцяў, а на самой справе мы ўсе нават і нарадзіліся там, на Тупіковай вуліцы. Але ў гэта мне ўсё ж не хацелася б верыць.

Дый усё гэта не больш істотна, чым, прыкладам, факт, што тады, калі нас з маці там ужо (або яшчэ) не было, на Тупіковай вуліцы ў драўляных двухпавярховых дамках (якія на пачатку стагоддзя без сумнення выглядалі даволі сучаснымі), што ў гэтых дамах, дый у нашым пакойчыку, жылі зусім іншыя жыльцы; яны былі б і ў даўгім і нізкім доме на прыбярэжнай ускраіне, які здавён-даўна быў стайняй, а цяпер з абыякавасцю дзяліў свае пакоі між добраахвотнай пажарнай дружынай і дамавіннай майстэрняй — жылі б, але недзе трэба было нарыхтоўваць і дамавіны, і людзі, што не верылі ў бессмяротнасць, выдатна гэта зразумелі. Зразумелі і не паднялі вэрхал, не крычалі і не ўпадалі ў роспач; тым болей што за рэчкай адзін за адным раслі дзіўныя белыя пяціпавярховыя мураваныя дамы, і тыя, хто быў здольны чакаць і не трапіў у міжчассі ў турму або ў прафілакторый для алкаголікаў, маглі калісь перабрацца і на той бераг…

Але тым часам трэба было жыць і паміраць, трэба было працаваць і вучыцца, мадзець на смярдзючым рыбным камбінаце і ва універсітэце з шасцю калонамі, што стаялі абапал той самай ракі; трэба было служыць дзяржаве і зарабляць грошы, і час ад часу — нягледзячы ні на што, нягледзячы на бойкі, на крывава-бурую смугу пахмелля — кахаць, бо хоць каханне і здавалася выключэннем з жыцця, няісным і немагчымым, як нешта тагасветнае, яно ўсё ж мусіла існаваць, бо інакш людзі даўно ўжо б павыміралі.

Цяпер ён усё ж неяк жыў і час ад часу, як было ўжо сказана, адчуваў нават радасць існавання: ад сонечных промняў на глухім муры, ад паплаўка ў начной вадзе, што плёхалася аб бок старога заржавелага парома, ад крадзенага зялёнага гароху, ад некалькіх кніжак, якія дзеля недазволенасці былі асабліва цікавыя і быццам належалі іншаму свету; урэшце, ад віна, якое тады было яшчэ ўратавальна і згубна таннае, а таксама ад паху жаночых і дзявочых далоняў, толькі ім уласцівага і чыста біялагічна прывабнага, ад якога мужчыны храпяць, як жарабцы, і з дрыготкаю ў руках вылупліваюць вочы, Тое, што на ўскраіне лічылася жыццём, было незвычайна простым паступальным рухам без пытанняў і адказаў. Ложак, праца, крама, (…), ложак. Маленькія людзі мусяць быць пладлівымі, каб быць пладлівым, трэба быць п’яным; я абхапіў матулю-сястрычку за калені і ціха хліпаў — маці схавала маю галаву сабе на ўлонні, каб я не бачыў, як часта міргаюць яе пачырванелыя вочы, як уздрыгваюць сціснутыя вусны, як калышуцца незавязаныя валасы; мы сядзелі ў кузаве грузавіка, вакол нас падскокваў на выбоінах наш убогі нажытак, шафёр круціў руль, мы трэсліся разам, мы ўсё рабілі разам… Сярод рэчаў не было болей авіятарскага мундзіра, бацькоўскай вуды і стрэльбы; не было зялёнага гароху, ні трускавак, толькі чырвоныя кветкі бессаромна квітнелі на жоўтых падушках.

Цыліндрычная бляшанка з бразгатам пакацілася па падлозе, ударылася аб ножку жалезнага ложка, скінула накрыўку і, вяртаючыся назад, высыпала апошнія жменькі крупаў на брудную, абабітую жалезнымі палосамі, але ўсё адно дзіравую падлогу. Маці падхапілася і злавіла парожнюю бляшанку, прадвесніцу бязладдзя. Крупы высыпаліся разам з пяском на выбоістую дарогу, што нервова торгалася пад коламі, на вецер і безвыxоднасць.

У нас быў выбар: або пайсці на дно, або стаць людзьмі. Матуля-сястрычка ўжо стала доктарам: колькі яна выйграла (прайграла) не мне цяпер вырашаць. Ва ўсялякім разе яна вырвалася з паступовага руху, з парожняга ходу, з калектыўнай каруселі і лечыць цяпер целы са знакамі зносу. Наколькі зношваецца яна сама, ніхто не пытаецца: хто пачынае шкадаваць, таго не шкадуюць, хай хоць зусім загіне…

Але маці не гінуць, бо трэба ж вырасціцъ людзей з гарохавых зладзюжак; лекары не ўпадаюць у роспач, бо лекі мусяць даваць вынікі… Ну як жа ж…

Людзі працягвалі існаванне. Дом моладзі накрылі новым дахам, а падвалы ўвесну, як і раней, залівала вадой; Валерка Сівы стаў падпольна прадаваць гарэлку: так яму, аднаму з нямногіх, удалося кінуць піць і стаць багатым; у Карлавым парку збілі-знявечылі салдацкімі папругамі і ботамі дзяўчыну, абітурыентку педвучылішча; летні сад і баптысцкую абшчыну закрылі; Ліда-Прыгажуня з Бульбянай вуліцы памерла ад няўдалага аборта, замест таго каб нарадзіць; з газет засталіся ў памяці выразы: "сацыялістычны рэалізм", "светлая будучыня", "выхаванне новага чалавека", "Савецкі Саюз — першапраходзец космасу"; у показках гаварылася пра вырошчванне кукурузы на Месяцы і пра дружбу рас і народаў. У крамах рэдка бываў белы хлеб, больш за адзін бохан на чалавека не прадавалі; бацькі бралі з сабой у чэргі дзяцей і давалі адзін аднаму пятнаццацікапейкавыя манеты. Грашовая рэформа ўжо была прайшла, цана масла паднялася на 30 працэнтаў, але людзі засталіся тыя самыя — трошкі радасці, хцівасць, што мігцела здушаным агеньчыкам, несуцешнасць і ўбогая плоць, што ледзь зляпляла косці і члены.

Людзі засталіся тыя самыя, ніякай асаблівай змены ці паляпшэння не было відаць. Таксама і ў тых, хто людзьмі не стаў. Або ў тых, у кім я людзей не бачыў. Часам забываўся, часам не спрабаваў, часам не мог — так, як большасць насельніцтва. Кожнаму было важна — каб можна было быць; пачуццё еднасці яскрава праяўлялася толькі тады, калі нейкае невытлумачальнае і неназванае (а часам і даволі канкрэтнае) нешта пагражала прыватнаму існаванню. Бачыць сапраўдпае жыццё ў імкненні вызваліцца са сваёй наканаванай абмежаванасці маглі (наважваліся) нямногія; і яшчэ меней было тых, хто мог у гэтым імкненні жыць. Адрозненні маглі быць толькі колькасныя: гэты п’е, той лаецца, гэты працуе болей, а ўвогуле мы ўсе робім тое самае, значыць, усё яшчэ не так страшна; усе дробы трэба было прывесці да агульнага назоўніка, які ніхто не мог вылічыць; на справе ўсё гэта адбывалася збольшага ў падсвядомасці, рух ішоў на ўзроўні аўтаматызму, і толькі боль стымуляваў думку. Тады, скуголячы і сапучы, асоба шукала ў грамадстве цяпла і суцяшэння, натыкалася на фарбаваныя і аблупленыя платы, турмовыя брамы, лозунгі і трыбуны; чаплялася за гушчар загароджы, спатыкалася і падала і, урэшце, валачыла сваё знясіленае, скрываўленае, абдрапанае цела дамоў.

Калі ісці далей рабілася занадта цяжка, галоўным заставалася тое, каб было месца, куды вярнуцца; каб быў абмежаваны сценамі, бяспечпы з выгляду, схаваны ад чужога вока куточак, абазначаны словам "дом"; каб было месца, дзе б можна было плакаць, праяўляць свае самыя патаемныя інстынкты і памкненні. А часам і каxаць.

Так, калі жывеш так безнадзейна самотна, чалавек заўсёды вяртаецца на свае 11 кв. м — хоча ён таго ці не хоча, боязна ўнікае гэтае сустрэчы ці сумуе па ёй — ён вяртаецца. Вяртаецца анямоглы, падае на голую падлогу ці на бязногі спружынны матрас, што стаіць на скрынках з-пад маргарыну, ці на кушэтку, ці проста на падлогу і засынае, даверыўшы сябе, безабароннага, як дзіця, схове сцен і французскага замка. Вось ён ужо і спіць, памяты, разявіўшы рот, яшчэ варушачы вачмі пад павекамі, час ад часу торгаючы нагамі, нібы спрабуючы ўцячы; баронячыся праз сон ад рэальнасці і нерэальнасці, якія здаюцца аднолькава страшнымі; чалавек спіць — і, можа быць, ён нават шчаслівы.

Чалавек прыйшоў дадому.

ІІ

Цяпер ён спіць: рот трошкі раскрыты, лапкі складзсны на грудзях, бляднейшы, чым звычайна, але на хвілінку ён здаецца спакойным, здаецца, што яму нічога не пагражае. Глухі мур, як і раней, стаіць за акном, але цяпер ён не загароджвае від, бо зараз ніхто не збіраецца глядзець праз акно; цяпер мур бароніць (гэтак, як і шкло, як чырвоная печ, як паліца з падручнікамі, даведнікамі і парай зборнікаў вершаў), бароніць, як ключ у дзвярах, як сон. Чалавек спіць.

Але дзея не спыняецца, як і існаванне. Ужо галосіць Энтрапія пад усімі цёмнымі вокнамі, ужо рассыпаюцца асколкамі келіхі, шклянкі, званочкі. І вось прыходзяць яны. Прыходзяць, крадучыся і тапочучы, станогія і статварыя: то па-вайсковаму выкідаюць наперад нагу, як тыя, каму імя легіён, то паўзуць і пагрозліва сычаць, як вялізныя змеі ў джунглях Амазонкі ці дзесь у невядомасці — яны прыходзяць. Пакой поўніцца імі; яшчэ болей… не проста поўніцца… а… здаецца, што адбылося нешта цалкам немагчымае, нешта непапраўна благое: Твой дом Табе здрадзіў.

З рогатам, бляяннем і шоргатам распаўзліся збудаваныя табою і іншымі сцены; печ, што спрабавала захаваць цяпло і бяспеку, разнеслі па цаглінцы рукі, што засталіся неназваныя; акуратна складзеныя ля печы дровы на вечар ляжаць і мерзнуць паленца пры паленцы, кроплі жывіцы заледзянелі, па альховых паленах застуджаны цемнавокі голас крыві — нешта прыгадваў; каму? дзе? чаму? — неперакладальныя, невытлумачальныя абрыўкі памяці мітусяцца ў паветры; няпрошаныя госці — ці хутчэй заваёўнікі — хапаюць іх з лёту сваімі жалезнымі пашчамі: яны ловяць іх, як вялікія сабакі ловяць пралётных мух, і прагрызаюць усю тваю магчымасць і сапраўднасць.

П’янюга-Ян і яго кудлатая каханка са старэючым знямоглым целам і сінякамі пад вачмі валяюцца на незасцеленым ложку. Брудны паласаты матрас бессаромна голы. Чатыры нагі з кармінна-чырвонымі чарвячкамі-жылкамі пад скурай пераблыталіся, як мінуласць і будучыня. Іх радасць кароткая і нямоглая, хутка зноў пачнецца сварка — або, можа, і гэтым разам настане ўратоўнае забыццё, шчаснасць бяспамяцця і бессвядомасці.

Але ні яны, ні заўсёды смярдзючая потам маці бязбацькавіча, якая ўвесь час мітусіцца на кухні паміж катлом з бялізнай і дзіцячым віскатам, ні яе цяперашні муж з ліхаманкавым бляскам у вачах і нямытымі, але ўсё яшчэ кучаравымі валасамі, што спадаюць на лоб, ні дзіця, што крычыць як рэзанае і чыя дэбільнасць робіцца ўсё віднейшая: ніхто ў гэтым, дый у ніякім іншым доме, ні ў гэтым і ні ў іншым свеце не заўважаюць, як іх бяспека рассыпасцца, расколваецца і апаганьваецца, як іх убогія летуценні сплываюць, як па смуроднай стокавай канаве, разбіваючыся аб камяні і камлыгі лёду…

А яшчэ менш за ўсіх заўважаеш гэта ты сам, бо ты спіш, нявінны, як хворае суседчына дзіця, але ўсё ж караны — за што, за што… Раскідваюцца кнігі з тваіх паліц, разбіваюцца кубачкі і талеркі, рвецца "Калевіпоэг" і Кніга кніг, раскольваюцца пракаветныя нарожныя камяні і высмейваюцца мілыя дробязі. Ужо апаганьваецца падлога, на якой ты стаяў: са слядамі сякеры і паганымі плямамі на твары яна баязліва паўзе перад невядомасцю ў нязведанасць або наадварот; брудныя рукі зрываюць карціны і з тваіх 60-капейкавых шпалераў, і з нечыіх 6-рублёвых; сярод карцін ёсць і рэпрадукцыя "Рэтро" Війральта, калісьці так патрэбная некаму з тваіх згубленых каханак. Цяпер, калі навокал сапраўднае Пекла, мастакова бачанне падаецца ўжо не такім страшным… Пад столлю разрываюцца адны за аднымі пацеркі, што засталіся табе ў спадчыну; Гоя, Дам’е, Війральт і Галін-Калела падаюць па лісточку, як фальшывыя перлы ў прорву, апанаваную асеннімі вятрамі, якая была Тваім домам. Пачварныя разяўленыя пашчы плююцца жоўцю, ядам, смалой і гнюснай скліззю плётак, што яшчэ шчыльней заклейвае Твае вочы. Дзеля гэтага Ты народжаны… ты… ці ты…

Ужо зрываюць з Твайго цела коўдру і кашулю; Ты нічога не ведаеш, Ты нікога не пазнаеш. Чужыя і варожыя рукі варочаюць Тваё цела, адкрываюць Твой сорам; Ты безабаронны, як пралеска ў голым полі — танкі, трактары, ракеты, арганізацыі, фармацыі, фоны і зоны — стогаловы, тысячарукі, мільённайменны безыменны здзек, глум… усё перакручваецца, пераварочваецца, робіцца дзіўным і непазнавальным. Ці ўвогуле — і наколькі — Ты застаешся — зняважаны і раскеплены — наколькі застаешся Ты самім сабой ці ўвогуле — і наколькі — Ты застанешся, пратрываеш, увечнішся?

Што Ты захаваеш? Што Ты запомніш?

Што Ты зразумееш, прачнуўшыся, што Ты ўспомніш пра сваё імя? Пра тых, хто яго апаганіў? Пра здраднасць і брыдоту?

Наколькі ты яшчэ здатны сапраўды прачнуцца, не кажучы ўжо пра тое, каб будзіць іншых, прачнуцца пасля беззямелля і сну… усыплення… чалавек?!

Дык прачынайся ж! Памятай.

Кахай.

 




Друкаваная версія: «Тутэйшыя». Мінск, 1989.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.