Беларуская Электронная Бібліятэка


ПЕНТЦІ ХААНПЯЯ.

НЯМЕЦКІ ЕГЕР.

З фінскай. Пераклад Якуба Лапаткі.

Жнівеньскі вечар ужо ахінаў зямлю цёплым сутоннем, калі цягнік, скалануўшыся, спыніўся на маленькай лясной станцыі; некалькі пасажыраў сцягнулі свае клункі з паліц і выйшлі. А некалькі чалавек паспешліва палезлі ў вагоны. Гудок заглушыў развітальныя воклічы, паравоз пыхнуў парай і дымам, і цягнік з грукатам рушыў далей сваім дакладна вызначаным шляхам.

Сярод прыехаўшых вызначаўся статны мужчына сярэдняга росту з выдатнай ваеннай выпраўкай. На нагах у яго былі боты, а ў руках даволі ладны карычневы сакваяж. Ён пастаяў, няспешна агледзеўся і, нарэшце, рушыў наперад. ЁН ішоў праз невялікае маляўнічае сяло, паўз маленькія крамкі і кавярні, паўз банк і пастаялы двор, ішоў нетаропка, памахваючы сакваяжам і азіраючы наваколле так, нібыта ўсё тут здаўна было яму добра знаёмае, а зараз ён проста цікавіцца, што ж тут памянялася, а што засталося, як і раней.

За сялом незнаёмы паскорыў хаду. 3 плота каля дарогі ён выламаў кіёк, прасунуў яго ў ручкі сакваяжа і перакніуў цераз плячо. Зусім сцямнела. Надышоў цёплы жнівеньскі вечар.

Ласкавы змрок ахутаў бальшак. Абапал якога ледзь чутна шапацелі сосны, і здавалася, што лес ціха ўздыхае ў начной цемры. Па некаторым часе падарожнік звярнуў з цвёрда ўбітага пясчанага бальшака на зарослую травой лясную дарогу. Ён ішоў даволі доўга, а потым прысеў каля дарогі, выцер пот і запаліў цыгарэту. Стаяла ноч, цёмная пяшчотная ноч, шчыльная цемра агарнула ўсё навокал, і толькі самотная зорка цьмяна мігцела праз чорныя галіны дрэў.

Каля дзесяці гадоў мінула з тае пары, калі гэты чалавек пакінуў сваю маленькую лясную вёску, у якую вядзе гэта затравянелая лясная дарога. ЁН быў сынам арандатара-торпара і скончыў народную школу, хоць у тыя часы не ўсім сялянскім дзецям удавалася такое. Аднак даволі заможныя бацькі змаглі заплаціць за адукацыю адзінага сына. Ад прыроды ён быў задумлівы і летуценны. Нават скончыўшы школу, ён працягваў чытаць усе кнігі спадраду і думаць, думаць нават больш, чым трэба чалавеку, якому наканавана ўсё жыццё гнуць хрыбет на цяжкай сялянскай рабоце. Дзякуючы кнігам яго веды, яго ўяўленне аб вялікім свеце былі значна болей шырокія, чым у аднагодкаў, ды і ў дарослых жыхароў вёскі. Ён чытаў Рунеберга і Тапеліуса, а таму краіна і народ мроіліся яму ў вэлюме пяшчотнага замілавання і рамантычнага смутку вершаў. У словах «парадак», «справядлівасць», «гераізм» ён бачыў сваю айчыну, Суомі, і прагнуў зрабіць усё магчымае дзеля дабрабыту і моцы роднага краю.

У тыя часы Фінляндыю поўнілі рускія салдаты і жандары ў шынялях. Праўду кажучы, яму не даводзілася бачыць рускіх жандараў ні ў сваёй глухой вёсцы, ні нават у акрузе, але чуць даводзілася шмат. ЁН чуў, што Суомі прыгнятаюць, што рускія жандары палююць на патрыётаў, садзяць іх у турмы, высылаюць у Сібір і нават вешаюць. Хадзілі пагалоскі, што губернатар іхняй правінцыі аддаў загад павесіць аднаго чалавека, сапраўднага патрыёта. І малады рамантык вырашыў, што ён таксама стане сапраўдным патрыётам, героем, за якім рускія жандары будуць ганяцца па лясах і дарогах. Юнацкая фантазія разгаралася, і ён бачыў, як дружна паўстае народ у лясных вёсках, як суровыя, рашучыя людзі змагаюцца супраць сваіх прыгнятальнікаў. Ён чуў гарматны гром, грукат баёў, бачыў палаючыя дамы. Грозна блішчаць штыкі на доўгіх рулях вінтовак, фінская гвардыя наступае, а руская салдатня бяжыць на ўсход, у свае далёкія, неабсяжныя прасторы, блытаючыся ў даўгаполых, залітых крывёю шынялях. І Суомі будзе незалежная. І ніхто болей не асмеліцца камандаваць ёю, а рускія жандары ў шынялях болей не будуць штокрок падпільноўваць патрыётаў. І гэтая зямля, і ціхія заснежаныя або гулкія ад ветру лясы, і вёскі на берагах сініх азёраў, або на кручах ля чорных вірлівых рэк, на беразе мора, або сярод зялёных квітнеючых палёў, ці сярод зімніх сумётаў стануць свабодныя.

Неяк аднойчы вечарам, калі вясковыя мужыкі сабраліся, каб разам пасмактаць свае люлькі, ён пачуў дзіўную навіну: маладыя фіны едуць у Германію, каб там. На чужыне, змагацца з ворагам. Дык, можа, потым гэтыя людзі, навучаныя ваеннай справе, дапамогуць і сваёй зямлі, сваёй Суомі, скінуць векавы прыгнёт якраз цяпер, калі ўвесь свет ваюе. А потым ён пачуў, што недзе з’віўся нямецкі вярбоўшчык і што рускія жандары ганяюцца за ім, як за лясным зверам…

І тады ён страціў спакой і сон, пакуль на свае вочы не пабачыў таго вярбоўшчыка і не адправіўся ў Германію. Так дваццацігадовы хлопец употай, як начны злодзей, пакінуў даліну свайго дзяцінства, несучы ў сэрцы нязгасную мару аб вольнай і незалежнай Суомі. А магчыма, што не толькі гэта светлая мара пагнала яго з дому, магчыма, яму проста ўстыла аднастайная, цяжкая праца на палях, ціхае жыццё ў вёсачцы сярод бяскрайніх лясоў, і яму захацелася новага, нязведанага жыцця…

У пасівелай ад часу хаціне ціха заплакала маці, і салёная сляза скацілася па маршчыністай шчацэ, а скамянелы ад гора бацька, пацягваючы люльку, змрочна сказаў, што сын здурнеў ад кніжак і ад вучобы, а зараз вось табе і маеш: пацягнула яго на прыгоды.

З тае пары мінула больш дзесяці гадоў.

Потым у лагеры Локштэдт хлопца з лясной вёскі напаткала расчараванне. Усё, што здалёк падавалася яму такім радасным і ўзвышаным, зараз абрынулася на зямлю. Няўжо гэта і ёсць жыццё змагара за вольнасць і незалежнасць айчыны? Гнятучая чысцінёй казарма ды раўнюткі шэры плац. А дзе ж вайсковыя мужнасць і адвага? Ён зразумеў, што тут болей за ўсё патрабуецца пакорлівасць пабітага сабакі. Што ж, шмат якія мудрацы лічылі пакорлівасць найлепшай рысай чалавечай натуры.

І паляцелі дні. Рэзкія нямецкія каманды. Пастраенні, маршы. Напружаныя ногі, выпнутыя грудзі, бадзёра задзёртыя галовы. Хоць у душы даўно жыве абыякавая пакорлівасць, але салдат павінен выглядаць як леў. Заняткі на плацы, прыёмы штыкавога бою, стральба па мішэнях і маршы, маршы, бясконцыя маршы па пыльных дарогах са скаткай за спіною.

Так аднастайна і нярадасна прайшоў увесь тэрмін навучання. ЁН паступова звыкся. Ды і куды ты ад усяго такога падзенешся, калі хочаш, каб твае мары спраўдзіліся. Трэба авалодаць ваенным майстэрствам, каб не разгубіцца ў гэтай крывавай забаве, што ахапіла ўвесь свет, і здабыць сваёй Радзіме волю і незалежнасць. Журбота і скруха тут не памогуць.

На фронт, на вайну. Рамантыку з лясной вёскі, які марыў аб свабодзе і незалежнасді радзімы, вайна падалася шэрай і аднастайнай, цалкам пазбаўленай паэзіі і рамантыкі. Ліпучая гліна ў траншэях, енк шрапнелі над галавой, глыжы ўспоратай зямлі і сталёвыя асколкі. Кулямётныя чэргі, а часам хмары атрутных газаў. Часам даводзілася хадзіць у разведку і прадзірацца праз павуцнніе калючага дроту ў непрагляднай начной цемры. Перастрэлкі. Часам спрабавалі атакаваць, а часам адбівалі атакі праціўніка. Некаторыя фінскія хлопцы загінулі. Некаторых параніла. І яму трапіў асколак у руку. І ягоная кроў нралілася на мёрзлую зямлю Курляндыі за родную маленькую Суомі, хоць і далёка ад родных мясцін. Лячыўся ў шпіталі, потым зноў вярнуўся на фронт. Чае ішоў, а нічога не мянялася. Вайна цягнулася бясконца. І тады роспач ахапіла яго, роспач і нявер. А можа, яны пайшлі не тым шляхам, можа, нічога ніколі не адбудзецца і не зменіцца, а яны толькі дарэмна аддаюць свае жыцці, дарэмна праліваюць пот і кроў? Яны, сыны маленькага народа, змагаюцца на баку вялікай Германіі супраць вялікай Расіі. Так думаў ён і многія іншыя. А потым душа яго цалкам здранцвела, хай будзе што будзе.

Ды вось чуецца шум з Расіі! Цара скінулі! На гэтым фронце вайна скончылася. Пераможаная, узвіраваная рэвалюцыямі Расія заключыла мір. А што, што будзе далей? Ці дасць вольная Расія волю і Фінляндыі. Ці захоча вялікая ўсходняя рэспубліка жыць з маленькай Суомі ў сяброўстве і братэрстве? А што будзе з імі, нямецкімі егерамі?

Ды вось чуецца шум і з Фінляндыі, Суомі паўстае, паўстае просты народ у гарадах і ў глухіх вёсках сярод заснежаных лясоў. Ён разбівае старыя вярыгі, якія стагоддзямі нёс цярпліва і пакорліва, толькі ў душы наракаючы на свой цяжкі лёс, Зараз яму патрэбны правадыры, і ён паклікае сваіх сыноў, якія засвоілі ваеннае мастацтва ў чужых землях. Настаў час, пачынаецца новы дзень. Нямецкія егеры плывуць у Фінляндыю.

 

Тое, аб чым сын торпара мог толькі марыць, нарэшце здзейснілася. Гарачая хваля паднялася ў сэрцах людзей, якія жылі на Фінскім паўвостраве. Пачалася вайна, вызваленчая вайна. І ён, сялянскі сын, які спасціг ваенную навуку ў чужых краях, стаў маленькім камандзірам у тым войску, якое стваралася ў цёмных заснежаных лясах. У тое войска ішлі вясковыя гаспадары і іхнія дзеці ў шэрай сялянскай вопратцы, чыноўнікі і вучоныя грамацеі, торпары і нават рабочыя, большасць з іх ішлі натхнёныя падзеямі, а некаторыя па загадзе мясцовых уладаў. Спачатку не хапала нават зброі. Многім дасталіся старыя заржавелыя стрэльбы. З такой зброяй яны нападалі на рускія атрады. Праўда, большасць рускіх проста валяліся па казармах, лянуючыся нават страляць, не кажучы ўжо пра тое, каб увязвацца ў бойку. Змагары здабылі зброю і патокам пакаціліся на поўдзень, гонячы перад сабою шэрыя рускія шынялі.

Але што гэта? У рускіх войсках ёсць і фіны, іх нават большасць. А чужакі толькі дапамагаюць фінам. Фінскі народ раскалоўся, і людзі накінуліся адзін на аднаго. А хто ж яны, тыя паўстанцы? Простыя рабочыя, торпары, лесарубы… Дык няўжо яны хочуць прадаць сваю зямлю ворагам, праклятым рускім? Гэты егер, маленькі камандзір, доўга думаў і зразумеў, што не таго хочуць паўстанцы. Яны таксама падняліся на абарону сваіх ідэй і сваёй справы. Яны хацелі знішчыць у краіне старыя парадкі і ўсталяваць новыя, каб усюды сапраўды запанавалі роўнасць, свабода і дабрабыт. Натхнёныя, паўсталі яны і стралялі не вагаючыся. Тым болей жорстка насядала на іх белая армія. І былы сын торпара, а зараз нямецкі егер і маленькі камандзір белай армн, таксама без ваганняў вёў свой атрад наперад. Праўда, спачатку ён быў здзіўлены і нават спалоханы, што народ, пра які ў маладосці ён прачытаў гэтулькі вершаў, народ, які павінен быць спакойным і пакорлівым, хоць і мужным у баях, гэты народ аказаўся такім крыважэрным, што жыццё чалавечае стала нічога не вартым і пусціць кулю ў лоб суайчынніку — гэта справа, якою можна і пахваліцца. Расказвалі, што чырвонагвардзейцы працягваюць праз жываты палонных вяроўкі і вешаюць іх на дрэвах. Ён думаў, што сярод іх можа быць і хто-небудзь з яго былых сяброў — рабочы ці такі ж, як і ён сам, сын торпара, і што былы сябар зараз меціць уляпіць яму кулю ў лоб. Аднак ён не доўга думаў над тым. Нарэшце збываліся яго мары, падзьмуў вялікі вецер вызваленчай вайны. Трэба ваяваць, а не летуценіць.

Шалёнае захапленне і святая нянавісць напоўнілі яго сэрца. Не, тыя — гэта не фінскі народ, яны змагаюцца разам з праклятымі рускімі супраць роднай краіны. Гэта гной, брыдкія адшчапенцы! Хай там у іх і розныя погляды. Але чаму б спачатку не прагнаць разам ворагаў. А потым ужо разабрацца паміж сабой. Няхай пры дапамозе штыкоў і вінтовак…

Гэты паход закончыўся, калі пачаў раставаць снег. А ў вышыні засвяцілася блакітнае веснавое неба, а пад гэтым небам дагаралі апошнія сутычкі, бо чырвонагвардзейцы біліся адчайна, да апошняга. Але на поўдні, за спіною чырвоных, заблішчалі нямецкія каскі, паўстанцаў гналі, забівалі, бралі ў палон. Вызваленчая армія таксама панесла вялікія страты, загінула шмат егераў, але гэты сын торпара не атрымаў аніводнай драпіны, хоць і дайшоў з перадавым атрадам да чорнай памежнай рэчкі Райайокі.

Перамога, Суомі стала незалежнай і свабоднай, свабоднай упершыню з тых далёкіх часоў, калі на яе зямлю ступілі закаваныя ў жалеза воіны з крыжам у адной руцэ і з мячом у другой.

Але дзесяткі тысяч людзей сядзелі ў вязніцах з чорнымі думкамі і праклёнамі ў сэрцах. А з палітай крывёю зямлі, як і раней, прабівалася зялёная трава. Над магіламі белых герояў паўставалі помнікі. На заваленыя камянямі і пяском магілы чырвоных употай прыносілі крывава-чырвоныя кветкі.

Пасля вайны ён застаўся ў войску. Юнацкая мара збылася: ён стаў афіцэрам у войску незалежнай рэспублікі. Праўда, не зусім афіцэрам, а ўсяго толькі фельдфебелем з шырокай залатой лычкай на плячы. Падвысіцца ў чыне ён і не спадзяваўся, бо не вучыўся на афіцэра, а вучыцца было ўжо крыху і позна, ды і галава адвыкла ад разумовай працы, каб адолець навукі ў афіцэрскай школе. Аднак ён і не шкадаваў аб тым. У новай фінскай арміі для унтэр-афіцэраў таксама хапала клопатаў. І з радасным натхненнем ён узяўся за выкананне службовых абавязкаў. Яго мары спраўдзіліся: незалежная Радзіма, шматлікая армія пад белым сцягам з сінім крыжам. Наперадзе чакала вялікая праца: згуртаваць гэтую армію, арганізаваць, навучыць і папоўніць…

Але часам дзіўныя думкі ўзнікалі ў яго: а што ж адбылося? Чаго яны дабіліся? Свабоды, незалежнасці. Стаяла галоднае лета. Салдаты атрымлівалі крыху чорнага хлеба з мякінай. Палонныя чырвонагвардзейцы ў лагерах паміралі ад голаду і xвароб. ЁН думаў, што ўсё гэта зусім не падобна на далёкія юнацкія летуценні. А ці будзе лепш? Народ раскалоўся, і адна частка глядзіць на другую з нянавісцю і злосцю. Чаму гэта выгнаны вораг здаецца сяму-таму такім прывабным?

Мінуў год, і пайшлі пагалоскі, што Эстонія выганяе рускіх, маленькая Эстонія, самая блізкая з усёй фінскай радзіны. Амаль родная сястра. Яна таксама імкнецца да свабоды і незалежнасці. І тады ў душы егерскага фельдфебеля ўзнікла новая вялікая і прыгожая мара, якая раней не ўзнікала ніколі. Вялікая Фінляндыя! Ягоныя сумненні зніклі, як дым. У душы зноў расправіла крылы птушка вялікай мары, Вялікая Фінляндыя! Усе фінскія плямёны: Інгерманландыя, Аланец, Беламорская Карэлія, паўночна-заходняя Швецыя, нарвежская Лапландыя, Кольскі паўвостраў, аб’яднаюцца ў адну вялікую і магутную дзяржаву. Няўжо хто-небудзь будзе супраць такой задумы? А можа, некаторыя думаюць, што такое немагчыма? Дык паглядзіце! Немагчымае адбылося! Фінляндыя стала незалежнай і мае сваё войска! А войска не павінна быць толькі непатрэбнай цацачнай аздобай! Мячы з похваў, хай свішчуць кулі з вінтовак, калі на гэтай зямлі нічога вялікага нельга дасягнуць без крыві… Але фінская армія хадзіла толькі на вучэнні, дрыхла ў казармах і жавала нішчымную кашу з чорным хлебам.

Тады ён дэмабілізаваўся і далучыўся да добраахвотнікаў, якія ехалі дапамагаць Эстоніі. Там ён ваяваў простым салдатам. Але і цяпер лёс аберагаў яго. Яго ні разу не параніла, хоць некалькі разоў кулі збівалі шапку з галавы. Рускія адступілі, рускія і наёмныя батальёны кітайскіх кулі. Эстонія стала свабоднай. Ён радаваўся, што і яго вінтоўка паслужыла справе вызвалення.

Потым пайшлі чуткі: паўстаў Аланец. Ага, здаецца, што ўсе фінскія плямёны пачынаюць вызваляцца, хоць войскі карэннай Фінляндыі бяздзейнічаюць. І, здаецца, яе меч назаўсёды завяз у похвах. А ён з атрадам добраахвотнікаў паехаў у Аланец. Ёсць яшчэ ў Фінляндыі людзі гатовыя кінуцца туды, дзе фінскія кулі ляцяць у праклятых рускіх. Але нярадасным быў для яго гэты паход. Гарачыя мары аб Вялікай Фінляндыі заглухлі, пахаладзелі, а магчыма, і згаслі назаўсёды.

Не ўзрадаваўся ён, пабачыўшы тое добраахвотнае фінскае войска, дзе зноў быў маленькім камандзірам. Гэтыя валанцёры нават ваяваць не ўмелі як след, як ваявалі фіны ў Германіі, у сябе ў Фінляндыі, ды і ў Эстоніі таксама. Было зашмат маладняку, амаль дзяцей, ліцэістаў. Да таго ж іх падманулі, сказаўшы, што Аланец паўстаў. Ніхто з мясцовых жыхароў і не збіраўся паўставаць. Пераважная большасць і ведаць ні-чога не хацела, многія былі проста непісьменныя.

— Доўга ж яшчэ трэба іх вучыць і развіваць, пакуль над імі зможа ўзвіцца сцяг свабоды.

Хутка вызваліцеляў разграмілі, пачалося адступленне, паніка, бездапаможнае блуканне па аланецкай зямлі. Рыштунак быў дрэнны, карміцца было нечым, паўсюль панавалі бязладдзе і паніка. Салдаты разбэсціліся і атупелі. Адна рота з галадухі абрабавала царкву і перапілася. Сабралі трыбунал. Трох чалавек асудзілі на смерць. Пакараць як-небудзь іначай было проста немагчыма. Гэты егер таксама быў у складзе трыбунала. Назаўсёды ён запамятаў аднаго асуджанага — худога, бледнага ліцэіста. Потым егера паранілі ў нагу. Ён ледзьве змог дабрацца да сваіх. І толькі ў шпіталі на радзіме ён даведаўся, што апошнія вызваліцелі Аланца вярнуліся галодныя, абадраныя і знясіленыя. Птушка ягонай мары аб Вялікай Фінляндыі злажыла свае шырокія крылы.

Калі нага загоілася, ён зноў вярнуўся фельдфебелем у далёкі гарнізон. Нага амаль паправілася і балела толькі пасля доўгіх пераходаў або на перамену надвор’я. Увогуле ж пасля доўгага лячэння ў шпіталі ён пачуваў сябе свежым і бадзёрым, а таму з вялікім задавальненнем узяўся за добра знаёмую справу. Строгі расклад казарменнага жыцця, гоман роты, ідучай на вучэнне, адрывістыя каманды, зладжаны рух салдат у шарэнгах — усё гэта радавала яго і надавала новыя сілы. На дзяжурствах ён з задавальненнем хадзіў у начной цемры, з пісталетам на баку, і думаў, што вось ён і стаў маленькім начальнікам у фінскай арміі, як гэта і мроілася ў дзяцінстве.

Аднак па некаторым часе ім зноў завалодалі гнятучыя нярадасныя думкі. Відаць, ніколі ён не будзе сапраўдным воінам. Чаму ён не можа жыць гэтак жа лёгка, як іншыя унтэр-афіцэры: есці свой хлеб, піць гарэлку і не забіваць сабе галаву пустымі думкамі аб марнасці існавання?.. Салдат павінен дзейнічаць, не пускаць бурбалкі ў балоце непатрэбных думак.

Ён заўважыў, што цяпер, у мірны час, яго суайчыннікі зусім не хочуць служыць у арміі. Бурная эпоха паўстанняў мінула. Ніхто не разумее, навошта цяпер брацца за зброю. Навошта жыць у казармах, аблівацца потам на вучэннях і рабіць выгляд, нібыта бязмежна паважаеш чалавека толькі за тое, што ён абчапляны рознымі шнурамі, галунамі і гузікамі, а значыць, ён твой камандзір? Гэта ўспрымалася фінскай натурай з горыччу і незадавальненнем. Людзі з жахам чакалі прызыву на службу і ўсяляк адкручваліся ад казармы і плаца, гэтых жудасных мясцін, якія знарок прыдумалі дзеля здзекаў з людзей, а год у войску лічылі марна патрачаным і выкрасленым з жыцця. Затое апошні дзень службы яны святкавалі шумна і радасна, гэта быў дзень уваскрэсення з мёртвых, дзень вяртання да жыцця, дзень вялікай радасці.

Фельдфебель часта паглыбляўся ў роздум, калі чуў, як, адслужыўшы, салдаты крычаць, што надышоў дзень радасці, самы вялікі дзень у жыцці, якога ніколі не было і болей ніколі не будзе. Ён думаў і дзівіўся абмежаванасці гэтых людзей, якія служаць у войску, што абараняе свабоду, а думаюць, што трапілі ў рабства.

Калі ты любіш мірную працу, дык чаму ж не разумееш, што толькі армія можа гарантаваць яе? Гарантаваць грукатам гармат, пажарамі, вынішчэннем і крывёю… Гэтак дзіўна створаны наш свет, што толькі такім чынам можна зберагчы мір і спакой. Гэтак жа ўсталяваўся мір і спакой у краіне, аднак здаецца, што фіны, добрыя салдаты на вайне, зусім не любяць вайсковую службу ў мірны час, а таму зрабіліся нязграбнымі і непаслуxмянымі.

Вось яны, заспаныя, злосныя, з выглядам вялікіх пакутнікаў ідуць пасля пад’ёму на зарадку. Асцярожна і беражліва рухаюць яны сваімі рукамі і нагамі, каб, крый божа, не перагрузіць сваё лянівае цела, і як толькі начальнік адвернецца, дык адразу ж кідаюць рабіць практыкаванні. Затое з якой энергіяй, з якім натхненнем яны прыдумваюць розныя сабачыя хітрыкі, каб толькі адкруціцца ад цяжкасцяў службы! Ужо з самага рання яны толькі і думаюць, як, не ператамляючыся, дажыць да вечара. І з гэтых людзей трэба рабіць патрыётаў, ставіцца да іх так, каб яны адчувалі сябе ў казармах, як дома, каб любілі сваё начальства. Няхай разумнікі кажуць, што, гладзячы салдат па галоўках, можна дабіцца чаго-небудзь добрага. Не, ім патрэбны лаянка і крыкі, а іначай яны не саступяць ні на волас. Да начальства яны ставіліся варожа і недаверліва, бо гэта і ёсць адметная рыса фінскага характару ў дачыненні да любога начальства. З якім пагардлівым спачуваннем яны прамаўлялі: кадравы унтэр! І ад такой інтанацыі адразу разумелася, што яны лічаць кадравых унтэр-афіцэраў людзьмі ніжэйшай пароды, а то і зусім не людзьмі. І вядома ж, яны лічылі тых, якія служаць у войску за грошы, проста лайдакамі і дурнямі, не здольнымі пракарміцца мірнай працай. Пазумент на каўняры кадравага унтэр-афіцэра яны звалі «галоднай тасёмкай», і падчас дэмабілізацыі па-сяброўску раілі свайму камандзіру задушыцца на гэтай тасёмцы, і дадавалі, што, не думаючы, адмовіліся б ад месца і заробку палкавога камандзіра, калі б ім такое і прапанавалі.

Гэты фельдфебель, які прайшоў ваеннае навучанне ў Германіі, добра ведаў, што многія з ягоных таварышаў-унтэраў стараліся не трапляцца на вочы былым салдатам, бо магло здарыцца і так, што, скінуўшы мундзір, асмялелы ад гарэлкі салдат мог прыгадаць старыя крыўды і шпурнуць у галаву зэдлікам. Ён жа ніколі не хаваўся ад салдат, але яны і не лічылі свайго унтэра зверам. ЁН ніколі не загадваў салдатам са слабым голасам кукаваць і махаць рукамі, нібыта птушка крыламі, ніхто па яго загадзе не лазіў на дрэвы, каб адтуль прагарлаць: «Я — самы вялікі дурань у войску!», ён нікога не заганяў пад ложак. Усіх аматараў такіх забаў салдаты ненавідзелі найболей люта.

Такія цяжкія думкі часта наведвалі яго, і жыццё стала падавацца яму шэрым і гнятучым. Няўжо так будзе заўсёды? Усё новыя статкі бесталковых рэкрутаў, на якіх трэба крычаць і лаяцца, якімі трэба камандаваць, якім трэба тлумачыць і ўбіваць вялікае значэнне вайсковых знакаў адрозпення, назвы розных дэталяў зброі і артыкулы дысцыплінарнага і страявога статутаў. І ўсё гэта даводзілася гвалтам убіваць у салдацкія галовы. Калі нехта і ведаў штосьці, дык знарок прыкідваўся поўным невукам. Нават пры канцы службы яны маглі падчас праверкі адказаць якому-небудзь высокаму начальству, што за дробнае парушэнне вызначаецца смяротная кара.

Няўжо гэта назаўсёды і ён застанецца фельдфебелем «пажыццёва», як кажуць гэтыя мярзотнікі? Яму здавалася, што большасць афіцэраў таксама пакутуе ад свайго бязрадаснага жыцця. Часта яны ўсю ноч пілі гарэлку, а зрання прыходзілі ў роту, каб толькі спагнаць злосць на сваіх унтэр-афіцэрах і салдатах, а потым зноў знікалі. Здавалася, што нікога з іх не радавала неабходнасць усё жыццё вучыць салдат, як хутчэй і лепей забіваць, тлумачыць узаемадзеянне агню і перасову, гаварыць аб тым, што перапаўзаць лепей пад прыкрыццем, чым па адкрытым месцы.

Усё яму ўстыла, і ён адчуваў толькі прыкрасць, калі сустрэчны салдат вітаў яго, злосна паглядаючы з-пад далоні, як святы пакутнік. І яшчэ адна дробязь вельмі атручвала яму жыццё. Ужо шмат разоў у час цяжкіх лыжных пераходаў, калі пачынала балець параненая пад Аланцом нага і ён пачынаў кульгаць, даводзілася чуць, як салдаты з кулямётамі жартавалі: «Ну і куды мы зараз цягнемся? — У паход на Аланец, там, кажуць, патрэбны такія сеялкі…» Гэтыя жарты прыводзілі яго ў шаленства. Хацелася заганяць гэтых людзей да смерці, загадаць залезці на дрэва і кінуцца адтуль галавой, учыніць ім якое-небудзь паскудства, каб давесці, якую вялікую ўладу мае ў рэспубліцы чалавек з залатой лычкай.

Аднак нічога такога ён ніколі не рабіў. Ён толькі пагардліва пасміхаўся і маўчаў. Але памалу наспявала жаданне пакінуць войска і давесці, што ён не асуджаны пажыццёва цягнуць фельдфебельскую лямку. Хоць вось ужо дзесяць год, як ён корміцца з гэтага занятку, але зараз ён давядзе, што здатны і на большае.

Стаяў халодны дзень. Імжыў золкі дожджык з ветрам. ЁН быў дзяжурны і, накінуўшы свой шэры дажджавік, абыходзіў пасты. Каля варот гарнізона хадзіў вартавы ў чорнай плашч-палатцы з капюшонам на галаве. Гэта быў злосны дзяцюк, які ўжо трапляў на Ілмайокі за дэзерцірства. Закінуўшы за спіну вінтоўку, ён хадзіў туды-сюды, не звяртаючы аніякай увагі на афіцэра.

— Вы хто такі?
— Вартавы. Гарнізон вось пільную, — адказаў салдат, але нават і не падумаў спыніцца.
— Тады дакладвайце.
— Ды ведаю я гэта практыкаванне. А вось ты сам яго ведаеш ці дарэмна ўсё жыццё ў войску?
— Зноў у турму захацеў?
— Ды ўжо лепей там, чым у фінскіх ваенных пасяленнях.

Фельдфебель змрочна паглядзеў на вартавога. Крычаць і лаяцца на такога няма толку. Гэта не дапаможа.

— Вы ведаеце абавязкі вартавога?
— Чаму ж не: убачыў унтэра, дык маслы разам і стой як слуп.

Ён вярнуўся ў вартавое памяшканне і напісаў рапарт. Але гэта быў не рапарт на салдата, а просьба аб звальненні з арміі. У той дзень, калі гэтую просьбу задаволілі, ён атрымаў ліст з далёкага, амаль забытага дому. Памёр яго стары бацька. Ён скінуў ваенны мундзір. Апрануўся ў цывільнае і сеў у цягнік.

 

Цыгарка згасла. Ён устаў, закінуў сакваяж за плечы і пайшоў па затравянелай дарозе. Жнівеньская ноч пяшчотна акрывала наваколле; з цёмнага лесу абапал дарогі далятаў ціхі шэпт, высока ў небе цьмяна мігцелі зоркі. А там, у яго роднай хаціне, зараз ужо такой блізкай, старая маці запаліла жоўтую лямпу і чакае сына, якога не бачыла з тае далёкае пары, калі ён пайшоў па невядомай чужой дарозе. А ў адрыне, напэўна, ляжыць яго бацька, схаладнелы і навекі супакоены.

І ў цемры гэтай ласкавай цёплай ночы ён аж скалануўся, падумаўшы, на якіх жа чужых сцяжынах ён блукаў да гэтай пары! Зараз ён вяртаецца туды, дзе яму і належала быць. Ён пахавае бацьку, атрымае ў спадчыну хаціну, а потым прывядзе туды бялявую дзяўчыну, якая жыве ў чырвоным доміку непадалёку ад шэрай казармы. І ён зажыве на гэтай мяккай і суровай зямлі, сярод цёмных лясоў, пад блакітным або захмараным небам і будзе жыць там клопатамі і думкамі простага непатрабавальнага селяніна. А калі наступіць асенняя непагадзь, з халодным дажджом і ветрам, калі разбаліцца нага, параненая на чужых дарогах, ён распаліць агмень і будзе сядзець каля яго доўгімі вечарамі разам з бялявай дзяўчынай з чырвонага доміка, успамінаючы былое.

 




Друкаваная версія: Далягляды, 1990. Мінск, 1990.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.