Беларуская Электронная Бібліятэка


ПЕНТЦІ ХААНПЯЯ.

У СВАТАХ.

З фінскай. Пераклад Якуба Лапаткі.

У Ійсакі Маўкліўца быў парабак, хлопец малады, прыгожы, даволі ўвішны, ды і, сілы ў яго было дай божа. Словам, хлопец хоць куды. На ўсе рукі майстра. А ўсё гэта якраз і трэба, калі чалавек збіраецца пусціць карані ў зямлю Кайры. Ійсакі добра ведаў, што даглядаць і прывячаць трэба не толькі зямлю. Але і людзей. Пэўна, таму ягоная жонка даволі падазрона пзглядала як на гаспадара, так і на дзяўчат-парабчанак. І, заходзячы ў хлеў, яна заўсёды бурчала, што ўсё ідзе добра. Але магло б і лепей…

Аднак па пекаторым часе ў парабка Ійсакі Маўкліўца знайшоўся і іншы клопат. Ён пачаў занадта старанна заляцацца да адной дзяўчыны. На сваю бяду парабак знайшоў сваё шчасце ў самым далёкім кутку Кайры. А паколькі ён хадзіў туды не толькі нядзелямі, але і буднымі днямі, то пачаў не працаваць, а проста спаць на хаду. Шчасце гэтае так стамляла хлопца, што Ійсакі пачаў паціху злаваць, што з-за нейкай там лухты так сапсаваўся добры хлопец. Ён аказаўся гэткім жа дурнем, як і ўсе іншыя. Нават жарты перастаў разумець.

— Няхай бы ўжо дзеўка жыла бліжэй, — нарэшце не вытрымаў Ійсакі.
— Дык схадзіце ў сваты, га! — імгненна скеміў парабак.

«Вось табе і маеш! — падумаў Ійсакі Маўклівец. - Вось яны, маладыя! У сваты, і не меней! А хто ж табе, галадранцу, аддасць сваю дачку, калі б нават яна і пабегла за табой?»

Бяда ў тым, што хлопец закахаўся ў дзяўчыну з заможнага дома, а там ведалі сабе цану. Ужо шмат пакаленняў з таго дома выходзілі царкоўныя служкі. Дом так і называлі «царкоўным старастам». І каб яны дапусцілі ў свой род нейкага пустадомка, без зямлі, без грошай? Наўрад ці што з таго выйдзе… Разважаючы так, Ійсакі перадусім клапаціўся пра сябе. Калі б хлопец змог узяць такую ж спрытную дзеўку, як і сам, дык мог бы прывесці яе ў дом Ійсакі хоць зараз і не цягацца па начах у такую далячынь. А значыць. ён зноў бы стаў добрым работнікам. А тут сенакос блізка, трэба ж некаму сена рыxтаваць. А мо варта схадзіць у сваты? Ійсакі Маўклівец быў з тых людзей, якія лічаць, што спроба — не бяда.

— Цяжкая справа, — сказаў ён хлопцу. — Тут запатрабуюцца дапаможныя сродкі ўздзеяння.

Кожны год, зазвычай недзе пад купалле, Ійсакі Маўклівец выпраўляўся ў далёкую вандроўку ў горад. Паехаў ён і гэтым разам, купіў там сяго-таго. А таксама і сродкі, якія патрабаваліся дзеля ўладкаванпя шлюбных спраў ягонага парабка.

Прыгожым суботнім вечарам, калі зямля пакрылася пяшчотнай зеленню, вада блішчала. А цяпло лашчыла не толькі ў лазні. Але і на вуліцы, гаспадар з парабкам задумалі выпрабаваць гарадскі сродак. Ійсакі ўжо даўно ведаў, што гэта такое. А вось маладому хлопцу гэтая праява была ў нязнанку. Паспытаўшы той сродак, яны вырашылі наладзіць невялікае спаборніцтва. Такія спаборніцтвы ў тыя часы праводзіліся звычайна дзе-небудзь за вёскай. Ійсакі Маўклівец і ягоны парабак шпурлялі цяжкую доўбню — хто далей — і падчас спаборніцтва зусім разнеслі страху на старой лазні. 3 рукі маладога і дужага парабка доўбня заляцела вельмі далёка, аднак Ійсакі Маўклівец быў яшчэ ў самай сіле і зусім не саступіў маладзёну. Потым яны мірна праспалі ўсю ноч. А зрання падняліся, запрэглі каня і надзелі святочнае адзенне, як гэта і належала свату і жаніху. Пара стаяла сухая, а таму з Йокіперэ сяк-так можна было выбрацца і на калёсах. Яны даехалі да Кайры і спыніліся непадалёку ад царквы. Яе даўгі цень прасціраўся да самага двара «царкоўнага старасты». Ійсакі Маўклівец смела накіраваў туды свайго каня. Мужыкі ж яны былі не зломкі!

Аднак у тым доме іх сустрэлі без вялікай радасці. Гэта Ійсакі адразу змеціў па тварах і галасах гаспадароў. Яны выйшлі ў двор. Нібыта каб павітаць іх. А на самай справе, каб паздзекавацца.

— І ці надоўга да нас такія госцейкі?

І раней, чым марудлівы, грунтоўны Ійсакі паспеў адказаць што-небудзь, гаспадыня затаранціла далей:

— А ці не сваты да нас завіталі?
— Можа, й так, вельмі нават можа быць,— адгукнуўся Ійсакі.
— Мусіць, за нізкімі дзвярыма ваша нявеста, — з’дліва ўсміхнулася гаспадыня.

Ійсакі ведаў, што тут нізкімі дзвярыма называюць свінарню, дзе, пэўна, і зараз дажывала свой кароткі век якая-небудзь свінка. Прыём быў не зусім гасцінны, аднак якраз у такія хвіліны і сыходзіла на Ійсакі нябеснае прасвятленне. Ён паволі наблізіўся да гаспадыні, ціхенька штурхнуў яе локцем і таямніча прашаптаў:

— Ачмурым гэтага дурня. У яго цэлы воз гарэлкі, вось мы і вып’ем, Прыкіньцеся, быццам вы хочаце яго паслухаць, — гэта ў свата атрымалася проста выдатна.

І хітра-мудры сват не памыліўся. Найболей гэтай прапановай захапілася сама гаспадыня. Можна будзе выпіць, ды яшчэ пакпіць і паздзекавацца!

І вельмі дарэчы здарылася так, што дома нікога не было. Апрача гаспадара, гаспадыні і іхняй дачкі, якую так прагнуў акруціць малады парабак. Астатнія ж пайшлі ў лес, таму што была нядзеля. Такім чынам гаспадары дома "царкоўнага старасты" маглі не баяцца чужых вачэй. Хутка яны сядзелі ў пакоі, і ў кубках весела штосьці булькала. Гаспадар стараўся як мог, ды і гаспадыня не вельмі стрымлівалася. Яны не былі падкія да чаркі, крый божа. Але былі глыбока перакананыя, што ўсё дармавое — гэта дарунак божы. Няхай сабе і гарэлка. Падман небаракі парабка быў у разгары. На твары ў гаспадыні выразна чыта-лася, што ўсё гэта не болей чым жарт.

Аднак і на двары, куды час ад часу выходзіў Ійсакі, таксама рыхтаваўся падман. Маладыя ўжо дамовіліся, дзяўчына навастрылася ехаць і звязала сваё майно ў клункі, каб хуценька выцягнуць іх на вуліцу. Усё было гатова да ад’езду.

«Так, так. Абы ціxа… — заклапочана думаў Ійсакі Маўклівец. — Цікава, што з таго выйдзе?»

Ён вярнуўся ў хату і пачаў сыпаць бясконцымі показкамі, як і належыць сапраўднаму «маўкліўцу». А сам між тым усё падліваў гаспадарам чароўнага вясельнага пітва дурніцы-парабка, а дождж нябесны, як вядома, ліецца аднолькава на галовы грэшнікаў і праведнікаў.

Па некаторым часе Ійсакі заўважыў, што вочы ў гаспадара наліліся крывёю і зрабіліся вялікія-вялікія, аж на палову твару. Час настаў. Ійсакі вырашыў, што пара неяк выблытвацца з нерата.

— Дык вось,— пачаў ён. — Калі мы ўжо так нахабна абдурылі хлопца і выпілі ягоную гарэлку, то, можа, няхай дзяўчына праедзе з ім на калёсах, каб усе падумалі, што тут і сапраўды нешта выйшла.

— Во-во… — гудзеў «царкоўны стараста» і тупа хітаў галавою.

Гаспадыня некуды знікла. Але нарэшце Ійсакі знайшоў яе ў каморы, сярод збанкоў з малаком. Яе кідала з боку ў бок, і пачувала яна сябе вельмі нядобра. Ійсакі сказаў ёй тое самае і атрымаў такі ж разумны адказ, як і ад гаспадара.

Потым дачка «царкоўнага старасты» села побач з жаніхом у калёсы да свата, туды ж уладкавалі яе хатулі, і яны шыкоўна праехалі праз усю вёску, кіруючыся ў далёкую Йокіперэ. Спрытны хлопец застаўся працаваць у Ійсакі, дачка «царкоўнага старасты» ўладкавалася там жа. Потым яны пажаніліся, і ўсё пайшло так адмыслова, што пасельніцтва Кайры значна павялічылася. А тым самым дадалося моцы і ўсёй фінскай зямлі.

Вось такую вялікую справу зрабіў Ійсакі Маўклівец, з’ездзіўшы ў сваты, хоць, па праўдзе кажучы, выглядала тое сватанне не зусім прыстойна.

Аднойчы сустрэлася яму жонка «царкоўнага старасты» і пачала папракаць яго, маўляў, навошта ты, Маўклівец, нібы рабаўнік які, звёз дзяўчыну?

— Ні ў якім разе! — абараняўся Ійсакі. — Вы ж самі дазволілі дзяўчыне праехаць па вёсцы. Хіба ж я вінаваты, што паездка крыху зацягнулася?
— Ты ўсё ведаў з самага пачатку! Ты ж бачыў, што дзяўчына і мяшкі на воз паклала.
— Нічога я не ведаў. Мне сказалі, што гэта Рээта Тарбэшніца пераязджае. Я і падумаў, што гэта яе клункі.
— Вось яны. Нашыя часы і нашыя дзеткі! — бедавала жонка «царкоўнага старасты». — Каго хочаш у грэх увядуць.

Так Ійсакі Маўклівец захаваў сваю рэпутацыю прыстойнага чалавека, які можа надзейна трымаць сваё слова.

 




Друкаваная версія: Далягляды, 1990. Мінск, 1990.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.