Беларуская Электронная Бібліятэка


ГІ БЕЛЬЛЕ.

СЬПIНОЮ ДА КАЗАРМАЎ.

З францускай. Пераклад Славамiра Адамовiча.

 

Прыхiльны да казармаў,
асьлеплены, як рэч, якую толькi што распакавалi,
хiстаючыся ад пералiвiстай прасторы,
я ўбачыў свабоду — гарызантальная, круглая,
яна кружляла па калiдорах вядомых месцаў на небе,
а потым — нiчога. Толькi па горла свабоды.
I ўпэўненасьць, што я ў ёй прамыю вочы
першы i, можа, апошнi раз.
Трапляючы з камэры ў камэру, уяўляў я
свае сьляды ў гэтай лопнутай будучынi,
дзе я спадзяваўся рассыпаць гульнёвыя косьцi
ўласнай няздатнасьцi.
Упiсаны ў пэрспэктыву прыроды,
валодаў я падарункам,
якi быў варты
трыюмфальнага вяртаньня выгнаньнiка.
Райскiм, дальбог, падарункам
за пякельнае панiжэньне.

***

Падрыхтуйся: табе будзе нялёгка.
Нягоднiкi заўсёды пазнаюць адзiн аднаго —
па адсутнасьцi ценю на цэрах.
Як можна ў гэта ня верыць?
Яны маюць перавагу ў росьце, жалезную лёгiку маюць,
яны, як дубцы, якiя бесьперастанку, адзiн за адным,
вымаюць з вады.
Нягоднiкi — твая супрацьлегласьць. Яны пiшуць
свае законы на позвах
пра вопiс маёмасьцi.
Iх шмат, яны падтрымлiваюць адно аднаго.
Яны спрашчаюць жыцьцё.

 




Друкаваная версія: «Наша Ніва», 1998, № 12.
Крыніца тэксту: Інтэрнэт-старонка газеты «Наша Ніва» (members.nbci.com/Nasa_Niva/).
Карэктыроўка html — Ліцьвінскі Зубр.