Беларуская Электронная Бібліятэка


РАЙНЭР МАРЫЯ РЫЛЬКЕ.

АСЕННІ ДЗЕНЬ.

З нямецкай. Пераклад Васіля Сёмухі.

 

Успела лета, ўпёкся хлеб. Пара,
гасподзь, укрыць ад сквару дар прыроды
і даць свабоды восеньскім вятрам.

Дай два дні сонца на даспеў; яно —
каб пырскаў сокам кожны плод румяны,
яно — каб слодычам быў кожны п’яны,
каб цяжка-цягкае было віно.

Бяздомны не агорае жытла,
разлучаны не выб’ецца з самоты
і будзе жыць ужо і без ахвоты
уздоўж алей бадзяцца ля святла
па залацістых россыпах лістоты.

 




Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1974. Мінск, 1974.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.