Беларуская Электронная Бібліятэка


РАЙНЭР МАРЫЯ РЫЛЬКЕ.

ЗАКЛІКАННЕ ЗМЕЙ.

З нямецкай. Пераклад Васіля Сёмухі.

 

Калі, прысеўшы на базарным бруку,
індус прынікне к флейце і вядзе
мелодыю, што ў галасе і груку
лагодай зачароўвае людзей,

калі яны на покліч пасвісцёла,
што ім душу ўзвярэдзіў-зварушыў,
збіраюцца з усіх бакоў у кола, —
пружыніцца рэптылія ў кашы,

шыпіць і сыкае, яскоча джалам,
жахае жудасцю людскую плоць:
зірне факір — варожасць мігам стала
пакорліва-падданай, мяккай,
                                                  хоць

у кобры — гібель. Як маланка ўдарам
расколе сферы неба, так і Смерць
стралой смыкне к расчуленаму твару… —
як перст у язвы холаднасці!
                                               Ледзь

на месцы не сканаеш ад пагрозы!
Жаўцее сонца, жар па целе: гад
ўспінаецца, трымцяць яго залозы,
і, як сляза, іскрыцца ў промнях яд.

 




Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1974. Мінск, 1974.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.