Беларуская Электронная Бібліятэка


РАЙНЭР МАРЫЯ РЫЛЬКЕ.

САМОТНЫ.

З нямецкай. Пераклад Васіля Сёмухі.

 

Як мараход між акіянскіх бур,
такі і я ў пучыне наваколля,
дзе прад людзьмі — дні, поўныя застолля,
перада мной — свет контураў, фігур.

І ён мяне самотаю звязаў,
як неабжыты Месяц; на зямлі
не ўмеюць з пачуццём быць сам-насам,
бо нашы словы сэнсам абраслі.

Прадметы, што з сабой узяў, гучаць
і бачацца дзівосна, незнаёма:
яны — звяры, калі сядзелі дома,
а тут ціхма ад сораму маўчаць.

 




Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1974. Мінск, 1974.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.