Беларуская Электронная Бібліятэка
З нямецкай. Пераклад Юркі Гаўрука.
Скрыпнула фортка, здаецца?
Хто там хусцінкай махнуў?
Не, то раптам свежы вецер
Дрэвы ў садзе варухнуў.
На варце будзь, зеленалісты дах,
Каб тую стрэць, што вабіць пекнатою!
Галіны, пабудуйце шчыльны гмах
І любую укрыйце цемнатою!
Прачніся навакол, ліслівы пах,
Жартуй, гуляй з ружоваю шчакою,
Калі яе сюды ва ўсёй красе
Крок лёгкі на спатканне панясе.
Нешта зашамацела
Там, дзе ракітнік густы?
Не, то птушка праляцела,
Спудзіўшыся, у кусты.
Тушы паходню, дзень! Спускай хутчэй,
Царыца-ноч, цяністасць і маўклівасць,
Барвовы вэлюм расцягні даўжэй,
Яві сваю спагаду і руплівасць!
Кахання слодыч ад чужых вушэй,
Ад лішняга святла бяжыць пужліва,
Бо толькі зорка, што з гары глядзіць,
Яго сумлення сведкай можа быць.
Голас маёй абранай?
Вунь яна — мілы мой друг!
Не, то ў сажалцы люстранай
Белы лебедзь крэсліць круг.
Дзівоснай музыкай напоўнен сад,
Журчыць, плюскоча звонкая крыніца,
Цалуе вецер кветак пышны рад —
Усё гатова ў радасці разліцца:
Аж да зямлі схіліўся вінаград,
Таксама й персік стаў уніз хіліцца.
Паветра водарам палошча твар,
І я плыву, плыву ў краіну мар.
Хто гэта там абазваўся,
Глуха стукнуў аб плот?
Не, то з яблыні сарваўся
Сам сабою спелы плод.
Свяціла дзённага агцісты зрок
Памалу гасне, колеры бляднеюць;
Адважна раскрываюцца на змрок
Тых кветак келіхі, што ўдзень марнеюць;
Бліскучы месяц кінуў свой куток,
Абрысы расплываюцца, цямнеюць.
Расперазалася зямля зусім,
Паўстала ў вольным харастве сваім.
Што гэта там бялее,
Плаццем ядвабным мігціць?
Не, то ў цісавай алеі
Мармуровы слуп стаіць.
О сэрца прагнае, дарэмна ты,
Дарэмна ў гожых летуценнях блудзіш —
Рука схапіць не можа пустаты,
А грудзі ценем шчасця не астудзіш.
Жывую прывядзі яе сюды,
О, прывядзі жывую мне на грудзі!
Хоць бы яе накідкі ўбачыць шляк!
І дрэмлецца, і не засну ніяк.
І ціха, з душой бесклапотнай,
Як светлая зорка-заранка,
Яна падышла і пяшчотна
Пацалавала каханка.
Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1974. Мінск, 1974.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.