Беларуская Электронная Бібліятэка
З каракскай. Пераклад Уладзімера Паўлава.
Ыммэ — слова,
Што кожны
Вымаўляе спярша.
Хто забыў цябе, ыммэ, —
Касцяная душа.
Хто забыў твае песні,
Той, напэўна, аглух.
Ыммэ, ыммэ! —
Мой добры дух!
І крыніца мая
Сярод тундры —
Без дна.
Зазірну у яе —
Мне Радзіма відна!
Уся Радзіма мая —
З краю ў край,
З краю ў край,
Ыммэ, ыммэ, спявай,
Ыммэ, спявай!
Хай пачуюць усюды —
І ў чуме і ў хаце:
— Ыммэ — слова карацкае,
Добрае:
— Маці!
Пастухі-землякі
Каля вечных кастроў,
Чаут самы надзейны —
Матулі любоў.
Горда песні спявайце
Сваіх мацярок.
Наш пазнаюць па іх
Кожны крок,
Кожны крок.
Песні роднай Каракіі
Мкнуць цераз край.
Гэта ыммэ спявае.
Ыммэ, спявай!
Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1972. Мінск, 1972.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.