Беларуская Электронная Бібліятэка
З жамойцкай. Пераклад Міколы Хведаровіча.
Я — жыву,
быццам кропля, на свеце…
Прыйдзе час — ў сіняву
панясе мяне вецер.
Праплыву
шэрай хмарай, няйначай,
і дажджом упаду
на пясок я гарачы.
Бо за мной —
гэта права за мною,
хваляй быць штармавой,
акіянскай вадою.
Потым зноў
у раскатах грымотных,
з шумам спорных дажджоў
мне кружыцца зваротна.
Мне з скалой
рыхтавацца да бою,
з громам,
ветрам,
бядой,
нават з смерцю і болем.
Я мураш?
Не: зрываю вярыгі!
Людзі, гэта я ваш
і малы, і вялікі.
Розум мой —
ён у дружбе з сумленнем,
крыўду,
ганьбу,
разбой
вынішчае з карэннем.
На развод
не пакіне насення,
а з душы мае лёд
змые дожджык вясенні.
Праз імшар,
па вясенняй паводцы,
будзе плысці душа
ў апрамененай лодцы.
На вадзе
надзімаецца парус.
Там аб праўдзе вядзе
спрэчку д’ябал і Фауст.
Вырашаць
тую спрэчку сам буду.
Рабства буду знішчаць,
вольнасць людзям здабуду.
Аддаю
ў тыя нетры-аддалі
скіраванасць сваю…
Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1972. Мінск, 1972.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.