Беларуская Электронная Бібліятэка
З жамойцкай. Пераклад Уладзімера Паўлава.
Кідаецца вецер, бы юны падранак,
І хмара спяшаецца долы амыць,
І следам за ўспышкамі першых маланак
Саспелыя сыплюцца з неба грамы.
А поле — спрадвеку чытаная кніжка.
Дарога — сустрэчнага твар азарыць.
Душа мая, — быццам стракатая птушка,
Якую спрадвеку куляе ўгары.
Я — дужы і кволы. Я — толькі засечка.
Я з лета пайду, як вялося здавён…
Ад соты салодкай да гаснучай свечкі
Воск роднай зямлі, будзь заўжды блаславён.
Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1972. Мінск, 1972.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.