Беларуская Электронная Бібліятэка


АЛЯКСАНДР ПУХАЕЎ.

ПАРТРЭТ КОСТА ХЕТАГУРАВА.

З асяцінскай. Пераклад Генадзя Кляўко.

 

На сцяне прада мной твой знаёмы партрэт.
Я гляджу, не магу на цябе наглядзецца.
Я тваім задуменным паглядам сагрэт,
Ён хвалюе заўсёды юнацкае сэрца.

На бешмеце блішчыць серабром рукаяць
Ад мяча, што ў бяссмерце ты ўклаў пераможна.
І не здолеюць ворагі зброі дастаць
З паэтычных тваіх нержавеючых ножнаў.

Хай яго вастрыя і не бачна зусім,
Хай гады пралятаюць і горы сівеюць.
Нібы ў ножнах, імя тваё ў сэрцы маім,
Там яно, колькі жыць буду, не пацямнее.

 




Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1972. Мінск, 1972.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.