Беларуская Электронная Бібліятэка
З польскай. Пераклад Максіма Танка.
Закувала зязюленька-зязюля
Рана праз зялёныя лісты.
Дрэвы ёй адклікнуліся гулам —
Можаш смела прабірацца ты…
Зязюленька-зязюля закувала,
Запаліла золак сярод хмар.
Ён рассыпаў белых руж нямала.
Пачакай, схаваўшыся ў гушчар.
Закувала голасна ў ракітах.
Азарыла небасхіл зарой.
Там ля пушчы расцвітае жыта,
Прабірайся вузкаю мяжой.
Закувала ціха і трывожна
За мяжой, дзе васількі цвітуць.
Чую недзе блізка крок варожы.
Не спіць ліха, асцярожным будзь.
Закувала мне зноў у дуброве…
Зніклі ў лесе, перайшоўшы луг.
Будзь, мая зязюленька, здарова.
Вось мая рака - сцюдзёны Буг.
Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1974. Мінск, 1974.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.