Беларуская Электронная Бібліятэка


ЮЛЬЮШ СЛАВАЦКІ.

МОЙ ЗАПАВЕТ.

З польскай. Пераклад Ніны Мацяш.

 

Жыў я з вамі, цярпеў я, і плакаў я з вамі,
І не знаў глухаты да высокіх парываў.
Сёння ў цень адыходжу вось, духам пазваны,
Адыходжу з журбой, быццам быў тут шчаслівы.

Я наступнікамі не магу пахваліцца —
Ні па імю, ані па здабытках натхнення…
Прамільгнула імя маё, як бліскавіца,
І пустым адгалоскам пройдзе праз пакаленні.

З кім жа знаўся — хай той у паданнях раскажа,
Што Айчыне аддаў маладосць я без жалю,
Што ў змаганні стаяў я на мачце стражы
І пайшоў з караблём пад набеглыя хвалі…

Ну, а той, хто ў думах над лёсам пакутным
Майго беднага краю — сумленна прызнае,
Што не кленчыў я рызу душы маёй смутнай:
Даўніх продкаў святыні яе спавіваюць.

Хай глыбокаю ноччу збярэцца сябрына,
Маё беднае сэрца хай спаліць ў альясе
І навек верне той, хто яго падарыў мне, —
Гэтак свет плаціць маткам: толькі попел аддасць ім.

Хай пасядзе сябрына за стол цесным колам,
Справіць трызну па мне і па бедах уласных.
І тады я прыйду, калі стану анёлам,
Не прыйду, калі мукі прыму з божаій ласкі..,

Заклінаю жывых: не губляйце надзеі,
У народ ясны факел асветы насіце!
А загубаю кожнага з вас лёс надзеліць —
У бязлітаснай бітве як адзін смерць прыміце.

Ну, а што да мяне - я пакіну тут дружбу
Тых, хто гордае сэрца маё палюбілі,
Тых, хто знае, што споўніў я верную службу
І ляжу ў неаплаканай сумнай магіле.

Хто б яшчэ на такі шлях цярністы даў згоду —
Каб не здумаць пра славу, як я, ні на момант,
Правіць гружанай духамі лодкаю цвёрда
І, як дух бесцялесня, прапасці самому?..

Ды пакіну я ўсё ж вам нябачную сілу,
Што ў карысць не была - толькі здобіла лоб мой.
А на вас будзе дзейнічаць і праз магілу, —
Пажыральнікаў хлеба ў святых пераробіць!

 




Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1974. Мінск, 1974.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.