Беларуская Электронная Бібліятэка
Са славацкай. Пераклад Ўладзімера Караткевіча.
Колькі тых навальніц праляцела
па-над сэрцам маім, адкрытым
кожнай віхуры!
Колькі зліў
залівала яго дапаўна…
Колькі птушак стракатаперых,
што пяюць узахлёб аб каханні,
прытуляла яго вышыня.
Перш чым сплесці гняздо сваё, кожная,
ўзвіўшы крылы, ўзлятала над пожнямі,
як п’яных, іх неба хістала,
але сэрца, нясытае ў празе,
гнёзды тыя, заўжды недавітыя,
ў шатах мякка хавала.
Столькі ласкі той сэрца мела,
што магло хваляй добрай і смелай
абмываць аж усю зямлю,
каб, салодкая, ў фарбах ранку,
ў росных срэбрах чыстых світанкаў
спявала са мною: люблю.
Мудры мой спявак шматгалосы,
выбіраеш галінку, як лёс свой,
крона ж кліча: прыйдзі ж! Ну, ідзі!
І якая ж то будзе галіна,
што цябе, мой спявак, не адрыне,
будзе ў стане цябе прыхіліць?
У чыстых ветрах лётае смела,
што балела і перабалела,
не, не будзе пустой мая длань.
Ў гэтай кроне і ў гэтых шатах,
паўналістых, жывых, кашлатых,
не парань сябе, не парань.
Колькі бураў… І кожная раніць,
але дрэва, няхай абхвастанае,
ў небе, ў сонцы вышэй усіх дрэў.
У ветры, у зорах кожнай развілкай,
і пульсуе ў ім кожная жылка,
і чакае, чакае твой спеў.
Друкаваная версія: Дзень паэзіі — 1974. Мінск, 1974.
Падрыхтоўка тэксту — Ліцьвінскі Зубр.